Вверх

Вы здесь

Мікалай Алданаў: Грамадская праца — магчымасць атрымаць карысны вопыт

Без аркестра народных інструментаў імя Л. Іванова Магілёўскай абласной філармоніі ў горадзе не абыходзіцца ні адно сур'ёзнае музычнае мерапрыемства. Яго мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Мікалая Алданава ведаюць у твар нават тыя, хто абыякавы да музыкі. Ён жа яшчэ і кіраўнік адзінага ў краіне філіяла акадэміі музыкі. Акрамя гэтага, Алданаў два гады таму стаў дэпутатам абласнога Савета, а сёлета — членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Як чалавек адказны і добрасумленны, ён старанна вырашае ўскладзеныя на яго выбаршчыкамі абавязкі. Нават наша інтэрв'ю пачалося з таго, што мы паехалі на вуліцу Чалюскінцаў, дзе маэстра паказаў супрацоўнікам магілёўскага прадпрыемства цеплаэнергетыкі месца для ўстаноўкі парэнчаў. Людзі паскардзіліся, што ад прыпынку грамадскага транспарту да паліклінікі №7 вельмі дрэнная дарожка. Дэпутат узяўся за справу, і цяпер уздоўж тратуара ўсталяваны ліхтары, зроблена падсыпка асфальтавай крошкай, а на спуску з невялікай горкі за той час, пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, з'явіліся прыгожыя парэнчы.

— Напэўна, вам, музыканту, чалавеку далёкаму, як той казаў, ад усяго зямнога і хуткацечнага, цяжка займацца вось такімі празаічнымі грамадскімі справамі? — не магла ўтрымацца ад пытання, назіраючы за клопатамі Мікалая Міхайлавіча.

— Я вельмі ўдзячны ўсім тым, хто дапамог мне ў вырашэнні гэтай праблемы. Яна, сапраўды, была крыху заблытаная. Дарожка праходзіла па тэрыторыі трох уласнікаў, і, каб усё прывесці ў адпаведнасць, прыйшлося крыху напружыцца. Тое ж прадпрыемства цеплаэнергетыкі пагадзілася за свой кошт паставіць парэнчы. Горад дапамагаў з асфальтавай крошкай. Карысныя парады даваў старшыня аблсавета Анатоль Ісачанка. І ўсё атрымалася.

Людзі наогул часта звяртаюцца па дапамогу ў добраўпарадкаванні. У пасёлку Ямніцкі, які я апякаю, хапае нявырашаных пытанняў. Я адношуся да грамадскай працы як да магчымасці атрымаць карысны вопыт. Дома і на дачы ўсё раблю сваімі рукамі — і плітку кладу, і сам будую.

— Што змянілася ў вашым жыцці з выбраннем у Савет Рэспублікі?

— З'явілася большая колькасць спраў, і мне даводзіцца сціскаць свой працоўны графік. Трэба быць больш арганізаваным, мабілізаваным і не распыляцца. Вось мы з вамі з'ездзілі па справе выбаршчыкаў, а пасля інтэрв'ю я адразу ж бягу на рэпетыцыю. Апошнюю перад ад'ездам у Маскву. Нас запрасілі ў акадэмію Гнесіных на фестываль «Расія маладая». Мы таксама запрошаны ў Эстонію на мерапрыемствы, прысвечаныя Дням славянскай культуры. У студзені плануем канцэрты ў Магілёўскай вобласці з удзелам Іосіфа Кабзона. А 3 лютага ў нас адбудзецца канцэрт з салістамі Беларусі і Расіі ў Крамлёўскім палацы з'ездаў. Такі шчыльны графік — вялікая заслуга для музыканта.

— А не цяжка ўсё гэта сумяшчаць з графікам работы сенатара?

— Пакуль мы толькі пачалі працаваць. 30 лістапада адбылося пасяджэнне дзвюх палат, справаздача ўрада па пытаннях у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва і сувязі. Мінск, дзякуючы выдатнай дарозе, зусім недалёка ад нас. Я паспяваю з'ездзіць і ў той жа дзень вярнуцца.

— Чаго вы чакаеце ад сваёй працы ў парламенце?

— Усе важныя дакументы праходзяць узгадненне ў Савеце Рэспублікі. А там працуюць вопытныя людзі, практыкі ад кожнай з абласцей. Я, напрыклад, прадстаўляю Пастаянную камісію па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльнаму развіццю. І мой вопыт можа быць вельмі карысным пры абмеркаванні тых ці іншых законаў. Прывяду просты прыклад са сваёй практыкі. Па цяперашнім палажэнні, малады спецыяліст пасля заканчэння нашай ВНУ павінен адпрацаваць 2 гады па размеркаванні. Калі ён не хоча гэтага рабіць, трэба пакрыць выдаткі за навучанне. Адна наша выпускніца адпрацавала год, выйшла замуж за замежніка і вырашыла аплаціць выдаткі за неадпрацаваны час. Толькі не адразу, а на працягу паўгода, як прапісана ў законе. І тут атрымліваюцца заканадаўчыя «нажніцы». З аднаго боку, яна мае права на такую адтэрміноўку, з другога — мы не можам яе звольніць, пакуль не верне доўг. Яна ж жадае ехаць за мяжу да мужа. Як быць?.. Турбуе мяне яшчэ адзін момант. Паводле закона аб адукацыі, студэнт мае права адлічвацца па асабістым жаданні нават з перадапошняга курса. Да чаго гэта прыводзіць? Студэнт адвучыўся, скажам, у нашай ВНУ 4 гады з пяці, атрымаў веды і вырашыў, што яму не трэба адпрацоўваць па размеркаванні. Лепей пайсці атрымаць дыплом Парыжскай або Венскай кансерваторыі. Ён узяў ад нашай школы ўсё, што мог, і можа з лёгкасцю ажыццявіць сваю мару. А вось дзяржава, якая яго 4 гады вучыла, застаецца ні з чым. Гэта не зусім правільна. Адна з задач, у тым ліку маіх як члена Савета Рэспублікі, — выяўляць і састыкоўваць розныя спрэчныя моманты з існуючай прававой базай.

— Чаго не хапае, на ваш погляд, для таго, каб законы працавалі бездакорна?

— Людзі павінны ведаць не толькі свае правы, але і абавязкі. Мы захапляемся, як добра жыве грамадства ў той жа Еўропе. Але ніхто не задумваецца, наколькі строга ў іх з адказнасцю. Аднойчы прыехаў да знаёмага немца ў госці, ён быў на рабоце і выйшаў на хвілінку да мяне толькі для таго, каб папярэдзіць, што мы сустрэнемся вечарам. Такога, як у нас — маўляў, адпусціце з работы, да мяне сябра прыехаў, — няма. Другі момант. Гатуем шашлыкі, і ён расказвае, што дровы для мангала павінны праляжаць два гады, не менш. Бо ёсць рызыка, што ты сапсуеш экалогію суседу і будзеш за гэта адказваць. Прыедуць кантралёры, якія правераць, ці адпавядаюць дровы нормам па вільготнасці. Грамадства там вельмі арганізаванае, бо законы прадуманы да дробязяў. Трэба абавязкова прадугледжваць, хто нясе адказнасць за выкананне таго ці іншага закона і куды трэба звяртацца, калі ён не выконваецца.

Вось мяне, напрыклад, апошнім часам вельмі хвалюе пытанне, што піша наша моладзь на сценах дамоў. Гэта не «Пеця плюс Люба», а нейкія незразумелыя кручкі і завіткі. Калі ўбачыў па тэлевізары забароненую сімволіку ІДІЛ (Ісламскай дзяржавы Ірака і Леванта), мне падалося, што нешта падобнае сустракаецца і на нашых сценах. Вельмі дрэнна, што вось так беспакарана псуецца дзяржаўная маёмасць. Па-першае. Па-другое, што азначаюць гэтыя знакі? Чаму яны з такой настойлівасцю малююцца? Трэба абавязкова правесці прафілактычную работу ва ўстановах адукацыі. Калісьці вось так непрыкметна навязвалася фашысцкая сімволіка.

— Што карыснага зроблена ў Магілёве дзякуючы вам?

— Галоўнае, што захаваны філіял акадэміі музыкі — адзіны на сённяшні дзень у рэспубліцы. Да 2012 года філіялы былі ва ўсіх абласных цэнтрах. Я працую з 2009 года, і тое, што наш філіял ажыццяўляе акадэмічную адукацыю — гэта вельмі ганарова. Нашы студэнты здаюць экзамены ў акадэміі музыкі адзінай камісіі і больш за 50% з іх атрымліваюць адзнакі 9 і 10. Гэта высокі ўзровень. Каб паказваць яго, трэба рэгулярна практыкавацца, ездзіць на міжнародныя конкурсы. Наша класнасць правяраецца тым, што мы едзем у акадэмію Гнесіных у Маскву, дзе на сённяшні дзень лепшыя прафесары і студэнты. І калі мы атрымліваем ад іх высокія адзнакі і падзячныя лісты, гэта пра нешта гаворыць.

— А яшчэ вы аўтар вельмі важнага для вобласці праекта «Маладыя таленты Магілёўшчыны»...

— Праект ствараўся для таго, каб адшукаць талент у глыбінцы. Мы пішам лісты на гарадскія і раённыя аддзелы культуры аб тым, што адбудзецца праслухоўванне. Падчас яго прыязджаюць да 60 дзяцей. Мы адбіраем лепшых і складаем праграму з 18—20 канцэртных нумароў. Робім іх інструментоўкі і ў суправаджэнні аркестра выступаем у раёнах... Я сам нарадзіўся ў вёсцы, дзе не было музычнай школы, і ведаю па сабе, як цяжка прабіцца з глыбінкі. Усё пачалося з таго, што бацька купіў старэйшаму брату гармонік, але той да яго нават не дакрануўся. А вось я пачаў вельмі актыўна яго асвойваць. Потым бацька паказаў мяне настаўнікам музычнай школы, якая была за 10 кіламетраў — у Шклове, і мяне прынялі. Так у 10 год я зажыў самастойным жыццём, удалечыні ад свайго дома. Мяне ніхто не кантраляваў, але я не сышоў на крывую сцяжынку. Закончыў музычную школу з адзнакай. Дапамагло тое, што старанна працаваў — аднаго таленту ў нашай прафесіі мала.

— Ці шмат у жыцці чалавека залежыць ад стану культуры, непасрэдным прадстаўніком якой вы з'яўляецеся?

— Культура наогул паняцце ўсёабдымнае. Хіба мы не кажам пра культуру зносін, культуру вытворчасці, сельскай гаспадаркі? Культура — аснова ўсіх асноў, той каштоўны багаж, які назапашаны чалавецтвам у розных сферах дзейнасці. Пытанне выхавання падрастаючага пакалення, культура, традыцыі — мы гэта недаацэньваем. Павінны быць каштоўнасці, якія нас аб'ядноўваюць.

— Якія прыярытэтныя праекты, карысныя для вобласці і краіны ў цэлым, вы хацелі б ажыццявіць у якасці сенатара?

— Аснова любой дзяржавы — гэта яе эканамічны патэнцыял. Але эканоміку нельга фарміраваць без развіцця адукацыі і падтрымкі таленавітай моладзі. Трэба падумаць, як замацаваць маладых спецыялістаў у раёнах. Я мяркую, што гэта можна зрабіць шляхам мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў — чалавек жа хутчэй пускае карані там, дзе ён вырас, дзе жывуць яго бацькі — за кошт захавання і ўдасканалення сістэмы размеркавання маладых спецыялістаў, прадастаўлення ім першага працоўнага месца, удасканалення льготнага крэдытавання жыллёвага будаўніцтва. Калі чалавек атрымае жыллё, незалежна ад таго, дзе яно размяшчаецца — у сельскай мясцовасці або ў горадзе, ён будзе трымацца за яго. Вельмі важнае значэнне для мяне мае яшчэ і адраджэнне гістарычнага мінулага Прыдняпроўскага краю. На Магілёўшчыне шмат чаго робіцца для захавання нацыянальных традыцый. Але патрэбны вялікія сродкі, каб аднавіць такія дзяржаўнага і нават сусветнага ўзроўню аб'екты, як Пустынскі Свята-Успенскі манастыр, шматлікія ўнікальныя гістарычныя помнікі старадаўняга Мсціслава. Трэба паскорыць рэстаўрацыю палаца Булгакаў. Я маю на ўвазе Жыліцкі палацава-паркавы комплекс, помнік архітэктуры XIX—XX стагоддзяў. Праца ідзе, але такімі маруднымі тэмпамі, што можа зацягнуцца яшчэ не на адно дзесяцігоддзе. Трэба даць магчымасць жыхарам краіны і замежным турыстам як мага хутчэй убачыць гэтую жамчужыну нашага краю ва ўсёй яе прыгажосці.

Газета "Звязда", Нэлі ЗІГУЛЯ

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.