Вверх

Вы здесь

80 – годдзе з Дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Івана Гаўрылавіча Чыгрынава адсвяткавалі на Касцюковіччыне

Больш за паўтары гадзіны ў раённым Цэнтры культуры працягвалася святочная вечарына-прысвячэнне, на якую сабралася поўная зала гледачэй усіх узростаў, якія шчыра віталі ганаровых гасцей свята: жонку І.Г. Чыгрынава Людмілу Прохараўну і яго дачку Алену, старшыню Магілёўскага абласнога Саюза пісьменнікаў Беларусі У.У. Дуктава.

С прамовай і прывітальным словам выступіў старшыня Касцюковіцкага раённага Савета дэпутатаў Рыгорый Васільевіч Чэпікавў. Сваімі ўспамінамі пра Івана Чыгрынава як пісьменніка і чалавека падзялілася яго жонка Людміла Прохараўна. Аб творчых здабытках пісьменніка, яго дасягненнях у вобласці літаратуры і мастацтва паведаміў яго паплечнік па пяры У.У. Дуктаў. Ён у чарговы раз нагадаў усім прысутным пра творчае багацце Касцюковіцкай зямлі, якая нарадзіла шмат таленавітых майстроў слова. Пацверджаннем таго, што традыцыі славутых пісьменнікаў Касцюковіччыны працягваюцца, стаў урачысты момант уручэння пасведчання Члена Саюза пісьменнікаў Беларусі мясцовай паэтке Наталлі Азаранка.

Адна справа гаварыць пра знакамітага чалавека, другая – пабачыць і пачуць яго самаго. Як быццам жывы сведка ўсяго таго, што адбывалася ў зале, гаварыў з экрана Іван Гаўрылавіч. З прадэманстраванага ўрыўка дакументальнай стужкі “Іван Чыгрынаў” прысутныя даведаліся аб успамінах пісьменніка пра маленькую Радзіму, якой пазбавіў яго Чарнобыльскі выбух. Вёску Вялікі Бор, дзе прайшло дзяцінства будучага пісьменніка, пахавалі ў зямлю. Таксама ўвазе гасцей быў прадстаўлены невялікі ўрывак з мастацкай стужкі “Плач перапёлкі”, знятай рэжысёрам Ігарам Дабралюбавым па творах Івана Чыгрынава.

Да святкавання юбілею знакамітага пісьменніка-земляка была аб’яўлена віктарына “Творчасць і грамадская дзейнасць Івана Гаўрылавіча Чыгрынава”, у якой прынялі ўдзел жыхары нашага раёна, а таксама конкурс творчых работ “З любоўю да роднага краю” сярод навучэнцаў усіх устаноў адукацыі раёна. Удзельнікі паказалі шырокае веданне творчасці свайго земляка, яго твораў. Дыпломы трох ступеняў, сувеніры і новае выданне твораў І.Г.Чыгрынава ўручыла пераможцам Людміла Прохараўна Чыгрынава. Пераможца паэтычнага конкурсу Кірыл Усаў прачытаў свой верш “На радзіму Чыгрынава”, у якім, на прыкладзе сваіх бацькоў, выказаў боль і хваляванне, што адчуваюцца пры наведванні захаванай у зямлю роднай вёскі Вялікі Бор.

І вядома ж, не абыйшлася вечарына без добрай музыкі і песні. Лепшыя выканаўцы раёна радавалі і здзіўлялі сваімі спевамі гасцей мерапрыемства. Гучалі вядомыя беларускія музычныя кампазіцыі ў выкананні народных ансамбляў “Этыкет”, “Альянс”, “Калініца”, “Радня” , групы “Цуда-раніца”, сольных выканаўцаў.

Мінулае, якое захоўваецца ў памяці, з’яўляецца часткаю сучаснасці. Гэтая мудрасць знайшла пацвярджэнне на гэтай вечарыне, бо добрыя пісьменнікі і паэты не знікаюць. Яны жывуць не толькі на старонках кніг, але і ва ўспамінах удзячных нашчадкаў.

Наталля Дробышава, намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Касцюковіцкага раёна

фота Людмілы Смаляковай

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.