Вверх

Вы здесь

Абласны семінар-практыкум па выцінанцы прайшоў у Магілёве

Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы 30 кастрычніка ладзіўся абласны семінар-практыкум па выцінанцы. У ім прыняла ўдзел амаль сорак спецыялістаў раённых Дамоў і Цэнтраў рамёстваў, кіраўнікоў гурткоў і студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сакрэтамі майстэрства са сваімі калегамі дзялілася Наталля Мікалаеўна Бярнадская, член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, выкладчык дзіцячай школы выяўленчага мастацтва г. Крычава.

Выцінанка – гэта мастацтва стварэння ажурных узораў з паперы, адзін з відаў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Майстэрства выразання з паперы было вядомае яшчэ ў старажытным Кітаі, пазней папяровыя выразкі ўвайшлі ў побыт народаў Японіі, Інданезіі, Карэі, а ў XV стагоддзі ажурныя папяровыя ўзоры трапілі ў Еўропу. На тэрыторыі Беларусі выцінанка перажыла кароткі (менш за стагоддзе), але прыкметны росквіт. У канцы ХІХ і асабліва ў першай палове ХХ стагоддзяў ажурныя папяровыя ўзоры можна было пабачыць амаль у кожнай сялянскай хаце – папера ўжо паспела стаць даступным і танным матэрыялам. Карункамі з белай, чорнай ці каляровай паперы аздаблялі сцены, вокны, мэблю, паліцы для посуду і абразоў і г.д., а ў добрай гаспадыні нават каля печы былі выразаныя фіранкі. Папяровыя карункі звычайна не зберагалі – перад святамі, звычайна да Вялікадня, іх замянялі на новыя.

Дзякуючы асобным энтузіястам, сёння так званае “мастацтва паперы і нажніц” у нашай краіне атрымала другое жыццё. На Магілёўшчыне выцінанка па сутнасці толькі пачынае адраджацца, і адбываецца гэта дзякуючы менавіта такім майстрам, як Наталля Бярнадская.

“Я займаюся выцінанкай з шасці год, а больш-менш прафесійна – з васямнаццаці – расказвае майстрыха. – Першым маім настаўнікам была бабуля Ганна Фёдараўна Сямёнава, якая выразала ручнічкі і сурвэткі для аздаблення хаты. Потым я вучылася ў Магiлёўскiм вучылiшчы культуры ў выдатнага настаўніка Святланы Адамовіч-Лункевіч, затым у Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце культуры і мастацтваў. Дарэчы, мяне тады больш вабіла выяўленчае мастацтва ды і зараз хацела б ім заняцца, а выцінанкай захапілася амаль выпадкова. Падштурхнула тое, што ў 1999 годзе я стала стыпендыятам Спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавiтай моладзi за адну з сваіх работ – “Дрэва жыцця”. Дарэчы, яна і зараз мне дарагая. Наогул, мяне вельмі вабяць міфалогія, фальклорныя вобразы, народныя святы – Купалле, Багач, Каляды, Соракі, Вялікдзень і інш. Яны натхнілі мяне на многія творы, у тым ліку станковыя кампазіцыі. А зараз я хачу глыбей засвоіць майстэрства стварэння аб’ёмных вырабаў. Прынамсі, мне цікава рабіць ажурных падвесных птушачак – калі я ездзіла з імі на “Славянскі базар”, пакупнікі назвалі іх “птушкамі шчасця”. Мне гэтая назва спадабалася, і я веру, што яны сапраўды прыносяць шчасце”.

Менавіта такіх “птушак шчасця” Наталля Мікалаеўна вучыла рабіць удзельнікаў семінара-практыкума ў абласным метадычным цэнтры. Але перш чым прыступіць да практычнай часткі, яна расказала пра гісторыю выцінанкі, асноўныя прыёмы выразання і віды папяровай выразкі. Таксама майстрыха прадэманстравала свае творы, якія экспанаваліся ў зале метадычнага цэнтра. Потым яна правяла майстар-клас па стварэнню віншавальнай паштоўкі і розных аб’ёмных вырабаў: падвеснай ажурнай птушкі, каляднага анёла, сняжынкі, елачнага ўпрыгожвання – шарыка. Варта зазначыць, што дызайн усіх гэтых твораў – аўтарскія распрацоўкі Наталлі Мікалаеўны, якімі яна шчодра дзялілася з калегамі, нават давала шаблоны для капіравання. Наталля Бярнадская лічыць, што нават пачатковец за дзень можа засвоіць асновы выцінанкі, а майстэрства прыйдзе з практыкай. Засвоіўшы тэхніку, многія з удзельнікаў семінара-практыкума пачалі дадаваць у працэс усё больш уласнай фантазіі, і ў іх атрымліваліся сапраўды непаўторныя рэчы. Апроч новых ведаў і навыкаў, усе прысутныя атрымалі шмат пазітыўных эмоцый:

Алена Громава, настаўнік выяўленчага мастацтва дзіцячай школы мастацтваў г. Слаўгарада:

– Выцінанка не з’яўляецца для мяне чымсьці новым, мне ўжо даводзілася выразаць з паперы. Аднак аб’ёмныя рэчы я рабіла ўпершыню – елачны шарык, птушку. Мне ўсё давалася лёгка, невялікія цяжкасці былі толькі ў тым, як правільна і акуратна скласці аркуш паперы. Зразумела, я буду працягваць рабіць нешта падобнае дома, паспрабую навучаць сваіх выхаванцаў. Мне здаецца, дзецям гэта будзе і па сілах, і ў радасць – выцінанка патрабуе мінімальных выдаткаў, патрэбны толькі папера, нажніцы і клей.

Любоў Гарбар, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, майстар выцінанкі, Палац мастацтва г. Бабруйска:

– Гэты семінар – проста свята душы! Здзейснілася ўсё, чаго я жадала: па першае, вельмі прыемныя стасункі з такім выдатным майстрам, як Наталля Бярнадская, па-другое, новыя веды. Я сама займаюся выцінанкай, але выразаю пераважна плоскія сняжынкі. А вось сёння я ўпершыню адкрыла для сябе аб’ёмныя вырабы з паперы. Вельмі спадабалася выразаць ажурную птушку, шарыкі. Як кажуць, век жыві – век вучыся… Абавязкова буду выкарыстоўваць усё гэта на практыцы!

Саўчук Іна, мастак-афарміцель раённага Цэнтра культуры Магілёўскага раёна:

– Мне наўрад ці давядзецца перадаваць майстэрства выцінанкі напрамую дзецям, але я буду дапамагаць сваім калегам пры стварэнні гурткоў па гэтаму віду творчасці. Сённяшні семінар для мяне важны ў плане самаўдасканалення як мастака. Мне знаёмая выцінанка, але я раней ніколі не рабіла аб’ёмных рэчаў, і гэта аказалася цікава. Наталля Мікалаеўна выдатна правяла майстар-клас – настолькі даступна і зразумела, што нават пачаткоўцы ўсё засвоілі.

Наталля Касуха, настаўнік Дзмітраўскай дзіцячай традыцыйнай народнай творчасці школы мастацтва, Клічаўскі раён:

- Сённяшні семінар мне вельмі спадабаўся. Асабліва прыемным было тое, што ўсе ўдзельнікі вучыліся адно ў аднога, давалі парады. Выцінанка мне добра знаёма – я выкладаю яе дзецям, а таксама ткацтва, вышыўку, малюнак. Раней я скептычна ставілася да аб’ёмных вырабаў з паперы, але сёння я пабачыла ўсё іх хараство і па-сапраўднаму захапілася. Думаю, маім вучням таксама будзе цікава паспрабаваць зрабіць нешта падобнае. Напрыклад, на Новы год мы можам зрабіць шарыкі, на Каляды – анёла, а на Соракі навыразаць птушак ці нават стварыць з іх вялікую кампазіцыю.

Вольга Нігматуліна, метадыст раённага метадычнага цэнтра Кіраўскага раёна:

– Для мяне выразанне ўзораў з паперы – нешта новае і захапляльнае. У мяне дома малое дзіцё, і мы разам з ім паспрабуем зрабіць цацкі з паперы на Новы год. Пакуль я працую метадыстам, і ў мяне няма свайго гуртка, але не выключана, што я набяруся вопыту і ў будучым змагу навучаць дзяцей выцінанцы.

Дадамо, што абласны семінара-практыкум па выцінанцы праводзіўся дзеля таго, каб папулярызаваць гэты від творчасці і пашырыць кола яго прыхільнікаў. Станоўчыя водгукі яго ўдзельнікаў даюць надзею на паспяховасць развіцця гэтага віда дэкакратыўна-прыкладного мастацтва у рэгіёнах вобласці.

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай твочрасці і культурна-асветнай работы

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.