Вверх

Вы здесь

Адраджаецца папяровая фабрыка “Спартак” Шклоўскага раёна

У свой час папяровая фабрыка “Спартак” была адзіным прадпрыемствам на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, дзе выраблялася папера для вытворчасці папярос. Тут таксама выпускалі яшчэ больш за 15 розных гатункаў паперы. Працавала фабрыка ў асноўным на прывазной сыравіне, цэлюлозу дастаўлялі з Сібіры і Карэліі. Гатовая прадукцыя адпраўлялася таксама па ўсяму Саюзу.

У 90-я гады мінулага стагоддзя пасля развалу СССР фабрыка, як і большасць прадпрыемстваў рэспублікі, перажывала не лепшыя часы свайго стогадовага існавання. Амаль у 2 разы скараціўся выпуск паперы, сталі ўзнікаць праблемы з набыццём сыравіны і камплектуючых. Адным словам, выжывалі як маглі. Працоўны калектыў сакраціўся больш чым напалову, і на прадпрыемстве засталіся толькі сапраўдныя патрыёты фабрыкі, яны сваёй працай і верай у лепшае будучае не далі загубіць прадпрыемства. Паступова пачалі завязвацца гаспадарча-эканамічныя адносіны са спажыўцамі паперы і пастаўшчыкамі сыравіны як у блізкім, так і ў далёкім замежжы, з’явілася ўпэўненасць, пачало паляпшацца эканамічнае становішча. Але без карэннай рэканструкцыівытворчасці спадзявацца на далейшы рост не даводзілася – гэта добра разумелі ў рабочым калектыве і раённае кіраўніцтва, аднак сродкаў на ажыццяўленне такога аб’ёма работ у наяўнасці не было. Па ўсяму было бачна, што без дапамогі з боку дзяржавы не абысціся. І такая дапамога прыйшла пасля таго, як некалькі год таму прадпрыемства наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Ён быў вельмі незадаволены станам рэчаў і асабліва парадкам у цэхах і на тэрыторыі. Выказаўшы шэраг крытычных заўваг, Прэзідэнт даручыў адпаведным рэспубліканскім міністэрствам распрацаваць мерапрыемствы па капітальнай рэканструкцыі старэйшага прадпрыемства Шклоўшчыны. Галоўнае яго патрабаванне – выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі ў асноўным з мясцовай сыравіны – макулатуры.

Вось так і пачалося сапраўднае адраджэнне “Спартака”. З таго часу мінула крыху больш за 3 гады. Зараз тут пабудаваны новы цэх, у якім зманціраваны і працуюць гарфаагрэгат і лінія па выпуску ўпаковачных каробак з гарфакардону. Капітальна адрамантавана кацельня. Зманціраваны газапоршневыя ўстаноўкі, што дазволіла забяспечыць вытворчасць уласнай электрычнай энергіяй і нават рэалізоўваць яе іншым спажыўцам. Наладжаны выпуск вырабаў з гігіенічнай паперы, а з уводам у строй дзеючых новай машыны, яе асартымент і валавы аб’ём узрастуць у разы. Поўным ходам ідзе капітальны рамонт старой папяровай машыны і ўсіх без выключэння вытворчых памяшканняў. Добраўпарадкоўваецца фабрычная тэрыторыя і прылягаючая да прадпрыемства гарадская.

На сённяшні дзень на рэканструкцыю затрачана 230 мільярдаў беларускіх рублёў і яна выйшла на фінішную прамую. Пройдзе яшчэ нямнога часу і нанава адроджаны “Спартак” запрацуе на ўсю моц і сродкі, затрачаныя на рэканструкцыю, будуць вернуты дзяржаве. І ў гэтым не варта сумнявацца, бо за 5 месяцаў бягучага года тут выраблена прадукцыі на суму больш за 27 мільярдаў рублёў. Значная яе колькасць рэалізавана на экспарт, і ў скарбонку прадпрыемства паступіла 1,5 млн. долараў.

”Ударны фронт”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.