Вверх

Вы здесь

Актыўнымі тэмпамі вядзецца ўборка рапса ў Кiраўскім раёне

Актыўнымі тэмпамі вядзецца ў раёне ўборка рапса. Налілося і спелае калоссе на палях. Масавы абмалот збажыны яшчэ не пачаўся, але ўжо практычна ўсе сельгаспрадпрыемствы апрабавалі абмалот першых хлебных гектараў. У тым ліку і СВК «Чырвоны баец». Аб тым, як наладжана тут уборачная кампанія, мы папрасілі расказаць галоўнага эканаміста гаспадаркі У.Р.ЮШКЕВІЧА:

— Як звычайна, жніво сустрэлі ў поўнай баявой гатоўнасці. Давялі да ладу тэхніку, падрыхтавалі да прыёму свежага збожжа сушыльную гаспадарку, запасліся неабходным інвентаром. Перад стартам жніва ў сельгаспрадпрыемстве прайшоў сход, на якім з яго ўдзельнікамі быў праведзены інструктаж па тэхніцы бяспекі, даведзены рабочыя нормы, расцэнкі. Механізатары і вадзіцелі запяспечаны двухразовым харчаваннем, маюць магчымасць памыцца пасля напружанага працоўнага дня.

А ў мінулы панядзелак камбайны рушылі ў поле. Першымі абмалочваюцца рапсавыя ўчасткі. Выдаўся рапс нядрэнным: з кожнага гектара намалочваем па 26 цэнтнераў супраць 17-ці леташніх.

Паспрабавалі выйсці і на хлебныя палеткі. Першай падышла да ўборкі азімая пшаніца. Абмалацілі 16 га. Вялікімі сіламі пакуль што няма магчымасці весці ўборку збажыны: не на ўсіх участках з-за павышанай вільготнасці могуць працаваць камбайны, ды і асноўная частка машын занята на ўборцы рапсу.

А колас пакуль што радуе: на круг выходзіць 51 цэнтнер — значна больш, чым было летась. Але пакуль пра будучы ўраджай гаварыць не будзем. Разлікі на яго добрыя, але ж галоўнае цяпер, каб не сапсавала ўборку надвор’е.

Што датычыцца працаўнікоў, то яны не падвядуць: кадры падабраны надзейныя і правераныя. Гэта і тыя, у каго за плячамі ўжо шмат уборачных кампаній, як, да прыкладу, Аляксандр Сіндараў, і маладыя хлопцы, але зарэкамендаваўшыя сябе з лепшага боку на розных работах. У іх ліку Валерый Дырыкаў, Андрэй Новік, Аляксандр Муха, Дзяніс Бурак. З самага рання камбайнеры на мехдвары гаспадаркі — правяраюць тэхніку, змазваюць вузлы і дэталі. А потым — у поле і там — да позняга вечара. Разам з імі шчыруюць і вадзіцелі — усяго задзейнічана 7 аўтамашын на адвозцы. Сярод лепшых — Мікалай Аляксееў, Юрый Кітоў, Мікалай Юшкевіч. У апошняга, да слова, ужо 30-гадовы вадзіцельскі стаж.

Так што, жніво ў сельгаспрадпрыемстве павінна прайсці зладжана. Абы, паўтаруся, дапамагла нам у гэтым прырода…

”Кіравец”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.