Вверх

Вы здесь

Аляксандр АГЕЕЎ, Штодзённае жыццё ў гады вайны

Аляксандр АГЕЕЎ

Штодзённае жыццё ў гады вайны

(Вобразы партызан, немцаў і паліцэйскіх ва ўспамінах жыхароў Шклоўскага і Магілёўскага раёнаў)

У артыкуле шаноўнага спадара Віктара Арцем’ева, які быў апублікаваны ў выпуску № 5 «Могилевского поискового вестника» за 2010 год, было прааналізавана маё выступленне на Шклоўскай краязнаўчай канферэнцыі ў 2008 годзе. Аўтара «балюча закранулі» мае разважанні аб памерах голаду і вывады на падставе аналізу ўспамінаў жыхароў Шклоўскага рэгіёну аб найбольш галодных га-дах Вялікай Айчыннай вайны. Выставіўшы свой аўтарытэт сведкі вайны, шаноўны крытык (у дадзеным выпадку ў першасным значэнні «аналітык» – заўв. аўт.) згадаў тыя нялёгкія гады, параз-важаў аб крыніцах харчавання ў часы акупацыі, прычынах голаду ў канцы вайны і ў выніку пагадзіўся, што «…у 1944 годзе пры немцах і ў 1945–1946 гадах пры Савецкай уладзе было галадней, чымсьці ў 1941–1943 гадах» [4, с. 134–136]. Раней да падобных вывадаў прыйшоў і я на базе сабраных на тэрыторыі Магілёўскай вобласці падчас экспедыцый студэнтамі гістфака МДУ імя А.А. Куляшова інтэрв’ю у сведак тых ужо далёкіх трагічных падзей.

Паколькі падставы для рэфлексіі спадара Арцем’ева няведамы чытачам «Магілёўскага пошукавага весніка», то, на мой пог­ляд, ёсць неабходнасць у азнаямленні з праведзенымі намі даследа-ваннямі і іх асноўнымі вынікамі. Тым больш гэта важ­на і ў сувязі з тым, што пачутыя на слых лічбы, якія прыведзе­ны ў вышэйзга-даным артыкуле, не зусім дак­ладныя і ад­люст­роўваюць толькі пер­­шыя, аб чым і казалася на канферэнцыі, вынікі праведзенага абследавання [4, с. 134]. Апытанні наступнага 2009 года дазволілі на большай базе ўдакладніць уяўленні жыхароў раёна аб што­дзённым жыцці насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Напачатку неабходна адзначыць, што ў пасляваенныя гады ў БССР, асабліва ў час кіравання П.М. Машэрава, сфарміравалася ўяўленне аб Беларусі партызанскай, у якім пар-тызаны мелі амаль бездакорны гераічны вобраз, а ўвесь беларускі народ іх падтрымліваў. Натуральнай для тагачаснай савецкай гістарыяграфіі была ідэалізаваная ацэнка партызан і адна­значна негатыўная адзнака дзейнасці акупантаў і калабарантаў. З часоў перабудовы пачало з’яўляцца ўсё больш публікацый аб неадна-значнасці сітуацыі на акупаваных тэрыторыях. Сталі прыводзіцца факты партызанскіх акцый застрашвання насельніцтва. Відавочная супярэчлівасць двух вобразаў партызан падштурхнула нас да аз-наямлення з праблемай.

Пасля першых этнаграфічных экспедыцый са студэнтамі гіста-рычнага факультэта МДУ імя А.А. Куляшова ў 1996–1997 гадах мною было распрацавана стандартызаванае інтэрв’ю з гатовымі варыянтамі адказаў на асобныя пытанні штодзённага жыцця вяс-ковага насельніцтва ў гады апошняй вайны. Яно ў пэўнай ступені дазваляла вывучаць асаблівасці жыцця на акупаванай тэрыторыі, ацаніць вобразы партызан, немцаў і паліцэйскіх ва ўспамінах відавочнікаў.

У другой палове 1990-х – пачатку 2000-х гадоў падчас правядзення летніх музейна-краязнаўчай і этнаграфічнай практык студэнты гістфака апытвалі сталае насельніцтва Магілёўскай вобласці, якое пражывала на акупаванай тэрыторыі ва ўзросце больш за 7 гадоў. Матэрыялы першага апытання дакладваліся на рэгіянальных канферэнцыях, публікаваліся ў магілёўскіх часопісах [1; 2].

У 2009 годзе, каб выйсці на больш глыбокі ўзровень аналізу, было вырашана перайсці да суцэльнага абследавання пэўных сельскіх Саветаў вобласці. Пры яго правядзенні разам з назіран-нем і аналізам статыстычных дадзеных выкарыстоўваўся метад сацыялагічнага апытання – стандартызаванае інтэрв’ю. Разам з некаторымі пытаннямі папярэдняга апытання быў уключаны цэлы шэраг новых пытанняў, мэтай якіх было высветліць памеры страт насельніцтва ад розных прычын. Для абследавання былі абраны два сельскія Саветы: Старасельскі сельскі Савет Шклоўскага раёна і Княжацкі Магілёўскага раёна. Адзін знаходзіцца ў тыповай для поўначы Магілёўскай вобласці вясковай мясцовасці, другі – каля абласнога цэнтра. Індывідуальнае ўспрыманне акупацыйных органаў улады, па-водзін акупантаў, паліцэйскіх і партызан, наяўнасці голаду і г.д. безумоўна было шматварыянтным. Тым не менш, агульныя тэндэнцыі, выяўленыя намі яшчэ ў 1997–2008 гадах, зноў пацвердзіліся. Так, напрыклад, у чарговы раз апытанне паказала, што вельмі галоднымі былі першыя пасляваенныя гады, калі тры гады акупацыі і дзве хвалі баявых дзеянняў ушчэнт разбурылі сельскую гаспадарку, а калгасная сістэма не дазваляла яе хутка аднавіць. На пытанне «Калі было галадней?» 25 % рэспандэнтаў Старасельскага сельскага Савета Шклоўскага раёна адказалі, што «пры немцах у 1941–1944 гадах», 36 % – «пасля вызвалення ў 1945–1946 гадах», 32 % – «аднолькава», 5% – «не памятаю» [3].

Найбольш тыповым адказам вяскоўцаў гэтага ж сельскага Са-вета на пытанне «Як паводзілі сябе немцы ў вашай вёсцы?» 61 % выбралі варыянт: «Немцы былі розныя – і добрыя, і злыя». Нават стэрэатыпны адказ аб «рабаванні немцамі насельніцтва», які праз столькі гадоў тэарэтычна мог быць выкліканы і ўздзеяннем савец-кай прапаганды, заняў толькі другое месца з вынікам 54 %. Най-меншую колькасць галасоў, як і чакалася, набраў варыянт «Пава-жалі насельніцтва». Было зададзена пытанне: «Ці дапамагалі немцы вашай сям’і або аднавяскоўцам?» На адсутнасць дапамогі ўказалі 59 % рэс-пандэнтаў. Нечакана многа – кожны трэці апытаны згадаў факты дапамогі немцамі мясцоваму насельніцтву. Гэта некалькі вышэй, чым у іншых рэгіёнах вобласці. Называліся наступныя віды дапа-могі: лекамі, ежай, асабліва ў тых сем’ях, дзе пражывалі ў гады вайны нямецкія салдаты і афіцэры. У часцях вермахту, якія квата-равалі ў вёсках, было шмат салдат і афіцэраў, якія мелі ўласныя сем’і. Менавіта яны паказвалі фотаздымкі сваіх дзетак, успаміналі свае сем’і, а потым нярэдка давалі цукеркі малым беларусам, што ўразалася ім у памяць [3].

Апытанне паказала, што ў сведак вайны Шклоўскага і Магілёўскага раёнаў склаўся стандартны, дастаткова ўстойлівы вобраз «старых немцаў» і «маладых паліцэйскіх». Тут трэба ўлічваць тое, што ў тылавых частях вермахту, якія пераважна і размяшчаліся ў вёсках, было вельмі шмат салдат і афіцэраў сярэдняга і сталага ўзростаў. Паліцэйскія, наадварот, былі ма-ладымі, энергічнымі, часцяком жадалі выслужыцца.

Адказ на пытанне «Ці служыў хто-небудзь з вашай вёскі ў паліцыі?» быў, дарэчы, не такім простым для інфарматараў. Сту-дэнты заўважылі, што амаль усе адназначна сцвярджалі, што паліцыя была, але не адразу ўзгадвалі аб паліцэйскіх са сваёй вёс-кі. Тыповы адказ: «Яны былі не з нашай вёскі…» «Складалася ўражанне, – як запісаў у сваёй справаздачы адзін з практыкантаў, – што паліцаяў было многа, але ўзяліся яны ніадкуль». Тут, безумоўна, варта ўлічваць культурныя табу і стэрэатыпы, якія існуюць у нашым грамадстве. Наяўнасць паліцэйскіх з вёскі з’яўляецца і сёння плямай для ўсёй грамады, на ўсіх аднавяс-коўцах. Ды і казаць нешта кепскае пра суседзяў многія людзі дагэтуль асцерагаюцца.

Тое, што насельніцтва пакутвала і ад паліцыі, і ад немцаў, не выклікае сумненняў. Так, на пытанне «Каго больш баяліся – немцаў ці паліцыі?» у Старасельскім сельскім Савеце каля 60% адказалі «аднолькава». Сярод астатніх у 2,4 разы было больш тых, хто больш баяўся паліцыі, чым немцаў. Значнае перабольш­ванне тых, у каго большы страх выклікалі паліцэйскія, мае амаль адно-лькавае тлумачэнне: «Немцаў можна было «паддурыць», а свае ведалі, дзе ў хаце знаходзяцца схованкі…» Падобная сітуацыя назіралася і ў Магілёўскім раёне.

Каля паловы апытаных жыхароў сельскіх Саветаў ўказалі на тое, што твар партызан быў двухаблічны: «Былі партызаны, а былі і бандыты, якія толькі называлі сябе партызанамі». Мно­гія ўжо ў пачатку інтэрв’ю, гаворачы аб змаганні партызан з фашыстамі, падкрэслівалі, што «настаяшчыя», «дзяйс­цвіцяльныя», «са-праўдныя» і г.д. партызаны ваявалі, але шмат было і бандытаў. Палова рэспандэнтаў стандартызаванага інтэрв’ю пагадзілася, што партызаны іх рэгіёна змагаліся з фа­шыстамі. Толькі 12% згадзіліся з тэзісам, што былі партызаны, якія «адседжваліся ў лясах».

Прадказальным быў адказ на пытанне «Каго больш баяліся ў час акупацыі – партызан ці немцаў?» Падаўляючая большасць адназначна ўказвала, што немцаў. Нават здзіўляліся студэнцкай наіўнасці. Тыповы адказ: «Ну што вы, дзеткі? Канечна немцаў! Партызаны, гэта ж нашы», «Дзіўныя пытанні Вы задаецё…» Тым не менш, пятая частка ўказала ў розных варыянтах, што «немцаў баяліся днём, а партызан ноччу».

Безумоўна, на Магілёўшчыне, як і па ўсёй Беларусі, можна зрабіць падборку фактаў знішчэння партызанамі памагатараў на-цыстаў або людзей, якія ў гэтым падазраваліся. Нашы спробы вы-явіць рэальныя памеры партызанскага «тэрору» паказалі, што яны ў некаторых найноўшых публікацыях значна перабольшаны.

Рэальна ў Старасельскім сельскім Савеце намі выяўлены толькі адзін пэўны факт, які пацвердзілі больш трох сведак, расстрэлу мірных жыхароў – сям’і паліцэйскага. Яшчэ ў адным выпадку два інфарматары сцвярджалі, што такое было. У двух выпадках думкі аднавяскоўцаў раздзяліліся. У Княжацкім сельскім Савеце сітуацыя была больш напружанай. Калі на поўнач ад шашы Мінск – Магілёў сітуацыя была больш-менш тыповай, то на поўдзень у палове вёсак гэтай часткі сельскага Савета зафіксаваны факты знішчэння партызанамі вяскоўцаў, пераважна тых, каго падазравалі ў супра-цоўніцтве з нацыстамі. Гэтыя вёскі знаходзіліся паміж партызанскай і нямецкай зонамі кант­ролю. Як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, менавіта ў такіх сітуацыях найбольш пакутвала тутэйшае насель-ніцтва. Верагодна, шмат залежала і ад стылю кіраўніцтва каман-дзіраў вакольных партызанскіх атрадаў.

Часткова вінаватыя ў стварэнні новых міфалагем аб «партызанах-карніках», як нам уяўляецца, і самі партызаны. У сваіх справаздачах яны нярэдка значна перабольшвалі колькасць забітых нямецкіх салдат і расстраляных калабарантаў. Здаецца, менавіта гэтыя архіўныя матэрыялы і ўвялі ў зман некаторых су-часных даследчыкаў, якія малююць партызан пераважна чорнымі фарбамі.

Прымяненне метадаў сацыялогіі для высвятлення гістарыч­ных праблем паказала пэўныя магчымасці такіх даследаван­няў. Яны дазваляюць праясніць многія праблемныя пытанні, у якіх цяжка вызначыцца з дапамогай традыцыйных метадаў. На індывідуальным і сямейным узроўнях выявілася вялікая ступень дакладнасці ўспамінаў. Значна меншая аб’ектыўнасць інфармацыі была вы-яўлена на абшчынным узроўні. Толькі ў невялікіх вёсках інфарма-тары браліся вызначыць агульную колькасць загінуўшых на фран-тах вайны. Звычайныя адказы: «Дык з кожнай хаты каго-небудзь забілі на фронце!» «Ой, дзетачкі, усіх не узгадаеш…» Няўдачнай была і спроба падлічыць колькасць памерлых мірных жыхароў вёсак у гады вайны. Патрэбны больш шырокія даследаванні, каб пераканацца ў тым, што вывады па матэрыялах Шклоўскага і Магілёўскага раёнаў пацвярджаюцца ў іншых рэгіёнах і з’яўляюцца тыповымі. Але і абмежаваныя па колькасці рэспандэнтаў даследаванні паказалі іх важнасць для ўдакладнення нашых уяўленняў аб па­дзеях апошняй вайны.

ЛІТАРАТУРА

1. Агееў, А.Р. «Непатрыятычныя думкі» для патрыятычнай канфе­рэнцыі / А.Р. Агееў // Магілёўская даўніна. – 1999. – с. 138 – 141.

2. Агееў, А.Р. З практыкі работы этнаграфічнага гуртка Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта па патрыятычным выхаванні моладзі / А.Р. Агееў // Воспитать патриотов: Информ.-метод. сб. (Нормативные док. Почетного поста Памяти павших за Отечество, мат. Гор. конф. «Патриотическое воспитание детей, подростков и молодежи»). – Могилев, 1999. – С. 93 – 94.

3. Агееў, А.Р. Штодзённае жыццё вясковага насельніцтва Шклоўскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны (па матэрыялах летняй гісторыка-краязнаўчай практыкі студэнтаў гістфака МДУ імя А.А. Куляшова) / А.Р. Агееў // Романовские чтения-6 (к 75-летию истор. факультета УО «МГУ им. А.А. Кулешова»): сб. статей Международной науч. конференции. – Могилев: 2010. – С. 40 – 41.

4. Арцем’еў, В. А на самой справе: калі было галадней? / Віктар Арцем’еў // Могилевский поисковый вестник. – Могилев, 2010. – Вып. 5. – С. 134 – 137.

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.