Вверх

Вы здесь

Анастасія Краўцова заваявала званне “Міс Дрыбінчанка”

Нягледзячы на зімовае надвор'е, вясна прыйшла ў Дрыбін у самым пачатку сакавіка. Яе прыход наблізілі сваёй прыгажосцю, абаяльнасцю і сонечнымі ўсмешкамі ўдзельніцы конкурсу “Міс Дрыбінчанка”, што праходзіў у раённым Цэнтры культуры. Гэтае мерапрыемства, вельмі відовішчнае і маляўнічае, на Дрыбіншчыне чакалі з нецярпеннем, і сімвалічна, што датай яго правядзення стала першае сакавіка.

Кожная з сямі дзяўчат, якія прэтэндавалі на карону першай прыгажуні, ўвасабляла сабой вясну – юную і далікатную, трапяткую і загадкавую. Эффектная знешнасць, умела падкрэсленая святочным убраннем і прыгожай прычоскай, бясконцае абаянне выдавалі ў кожнай патэнцыйную пераможцу. Змагацца юным ледзі давялося ў мастацтве дэфіле, гумары, артыстычнасці, арыгінальнасці, стварэнні мастацкага вобразу на сцэне і здольнасці да пераўвасаблення. Менавіта па гэтых асноўных крытэрыях журы выстаўляла адзнакі ўдзельніцам конкурсу.

Святочная праграма складалася з пяці конкурсаў-іспытаў. Ужо падчас конкурсу-візітоўкі пад назвай “Самая абаяльная і прывабная” дзяўчаты ярка заявілі пра свае таленты, і многія абралі для гэтага вершаваную форму, пераўвасабляліся на сцэне, выконвалі музычныя нумары. Адна з удзельніц распавяла пра тое, што любіць маляваць, шыць і майстраваць, займаецца спортам, заявіўшы: “Я па жыцці аптымістка, і актрыса, і артыстка”. Іншую канкурсантку можна часта бачыць на сцэне раённага Цэнтра культуры з танцамі і спевамі. Яшчэ адна дзяўчына прызналася гледачам у тым, што часта задумваецца пра сэнс жыцця, і свае філасофскія развагі яна адлюстравала на сцэне ў міні-спектаклі-мюзікле на тэму барацьбы дабра і зла.

Тое, што ўсе без выключэння прэтэндэнткі на званне “Міс Дрыбінчанка” – асобы творчыя і таленавітыя, пацвердзіў і наступны конкурс “Мой канёк”. Хтосьці з дзяўчат прадэманстраваў выключныя вакальныя дадзеныя, а хтосьці прэзентаваў харэаграфічныя нумары, пакарыўшы публіку сваёй гнуткасцю, пластычнасцю і артыстызмам. Прыгажосць, абаяльнасць і жаноцкасць канкурасантак можна было ацаніць у конкурсах дэманстрацыі мод. Так, конкурс “Пасаг” праходзіў у форме дэфіле рэтра-касцюмаў, а на конкурс “Я – Беларусачка” дзяўчаты прадставілі стылізаваныя беларускія народная касцюмы, у якіх выглядалі вельмі прывабна. А самым доўгачаканым момантам і завяршальным акордам конкурснай праграмы стаў святочны выхад у вячэрніх сукенках, і кожная з канкурсантак стварыла незабыўны, чароўны вобраз.

Найлепшыя якасці прэтэндэнтак на карону былі годна ацэнены па адпаведных намінацыях. “Міс Грацыя” стала харэограф раённага Цэнтра культуры Марыя Занька, “Міс Арыгінальнасць” – школьніца з в. Пудаўня Марыя Бакалова. Звання “Міс Зачараванне” была ўдастоена Анастасія Ермакова з в. Белая, а “Міс Беларусачка” – студэнтка Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Юлія Рудовіч. Бліжэй да запаветнай кароны апынуліся Ангеліна Васіленка з в. Кароўчына і Анастасія Самкнулова з в. Расна, якія сталі адпаведна другой і першай віцэ-міс. А вось званне “Міс Дрыбінчанка” заваявала ўсмешлівая і артыстычная Анастасія Краўцова. Усе канкурсанткі былі ўзнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі аддзела культуры райвыканкама.

Як паказаў конкурс, недастаткова мець прывабную знешнасць. Па-сапраўднаму абаяльны і прыгожы па-сапраўднаму той, хто творча і аптымістычна глядзіць на жыццё, шануе сяброў, ўмее ўсміхацца, добразычліва настроены да людзей і навакольнага свету. Дзяўчаты, што прынялі ўдзел у конкурсе, атрымалі важны жыццёвы досвед і стымул для далейшага самаўдасканалення. А таксама сваім хараством і пазітыўнай энергіяй яны дапамаглі жыхарам Дрыбінскага раёна напоўніцу адчуць прыход прыгажуні-Вясны і напоўнілі іх сэрцы святлом і цеплынёй…

Н.А.Шуткова, метадыст Дрыбінскага РЦК

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.