Вверх

Вы здесь

Ансамбль “Бялыніцкія музыкі” прызнаны найлепшым аматарскім музычным калектывам Беларусі па версіі гледачоў АНТ

Народны ансамбль фальклорнай музыкі “Бялыніцкія музыкі” пад кіраўніцтвам Вольгі Маісеенка стаў пераможцам нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу аматарскіх музычных калектываў мастацкай самадзейнасці “Песні маёй краіны”.

Другі сезон Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу аматарскіх музычных калектываў мастацкай самадзейнасці “Песні маёй краіны” ладзіўся Агульнанацыянальным тэлебачаннем і атрымаў шырокі рэзананс сярод гледачоў і высокую адзнаку спецыялістаў. Творчыя калектывы з усіх куточкаў нашай рэспублікі праходзілі строгі адбор у некалькі этапаў, каб патрапіць у фінал гэтага тэлеконкурсу. Сёлета ў верасні праводзіўся кастынг калектываў мастацкай самадзейнасці ў Нацыянальнай школе прыгажосці, у якім удзельнічалі больш за 60 ансамбляў з ўсіх рэгіёнаў рэспублікі, потым ладзіўся другі адборачны тур.

Нарэшце, 25 снежня тэлеканалам АНТ трансліраваўся фінал тэлевізійнага конкурсу, у якім прынялі ўдзел 11 творчых калектываў з усёй Беларусі, выканаўшы песні са свайго рэпертуару. У прамым эфіры шляхам інтэрактыўнага галасавання тэлегледачы вызначалі пераможцаў. Бялыніцкі ансамбль пакарыў іх сэрцы яскравым выкананнем беларускай народнай песні “Дудалка-стукалка”.

Заваяваць перамогу было не так проста, асабліва напружанай была барацьба за прызавыя месцы – тут літаральна кожны голас быў вырашальны. І вось, на радасць усім жыхарам Магілёўскай вобласці, наперад вырваліся “Бялыніцкія музыкі”, набраўшы 19 710 галасоў. Цікава, што ўладальнікі другога месца “Пескаўскія весялухі” з Бярозы амаль “наступалі на пяткі” нашым землякам – яны атрымалі 19 681 галасоў. Адрыў жа ад астатніх фіналістаў вымяраўся тысячамі прагаласаваўшых – і гэта значыць, перамога была чыстай, сапраўднай і прыгожай.

– Я і ўвесь наш ансамбль ў першую чаргу ўдзячныя тым, хто нас падтрымліваў, галасаваў, хварэў: нашым сябрам, родным, прыхільнікам, усім жыхарам Бялыніччыны. Мы лічым, што працэнтаў на 90 гэта менавіта іх перамога, – дзеліцца ўражаннямі кіраўнік ансамбля “Бялыніцкія музыкі” Вольга Маісеенка. – Асабіста для мяне 1-е месца ў тэлевізійным конкурсе “Песні маёй краіны” стала поўнай нечаканасцю, ды і ўвесь калектыў быў у шоку! Бо вынікі конкурсу былі непрадказальныя, яны залежалі толькі ад прыхільнасці тэлегледачоў. Зразумела, удзельнікі нашага ансамбля вельмі стараліся, выкладваліся напоўніцу. Ды і песню выбралі ўдалую: “Дудалка-стукалка”, напэўна, ці не самая вясёлая, энергічная з усяго нашага рэпертуару, у ёй выкарыстоўваюцца шумавыя музычныя інструменты. Перамога на конкурсе стала найбольшым нашым дасягненнем за апошнія гады: у такім маштабным мерапрыемстве ансамбль “Бялыніцкія музыкі” ў яго цяперашнім складзе яшчэ не ўдзельнічаў. Яшчэ раз вялікі і шчыры дзякуй усім, хто нам дапамагаў!

Хочацца верыць, што гэтае дасягненне будзе далёка не апошняй прыступкай для ансамбля “Бялыніцкія музыкі” на яго творчым шляху.

Дарэчы, у лік фіналістаў увайшоў яшчэ адзін калектыў з нашай вобласці – вакальны ансамбль народнай песні “Макулінка” аддзела культуры Магілёўскага раёна (кіраўнік Валянціна Завадская) з песняй “Карагодная”. Мы сардэчна віншуем гэты творчы калектыў, які годна прадстаўляў наш край на прэстыжным тэлеконкурсе.

Гонар і слава нашым таленавітым землякам, што на ўсю краіну праславілі Прыдняпроўскі край мілагучнай песняй! Мы зычым ім нязгаснага натхнення, новых творчых ідэй і іх увасаблення, а галоўнае – прызнання і любові гледачоў! А яны, як паказалі вынікі тэлеконкурсу, сапраўды адданыя, удзячныя і актыўныя.

Ансамбль фальклорнай музыкі “Бялыніцкія музыкі” быў створаны ў 1984 годзе, званне “народны” атрымаў у 1987 годзе. На сённяшні дзень кіраўніком калектыву з’яўляецца Вольга Уладзіміраўна Маісеенка, а ў яго склад уваходзяць 17 чалавек. Першапачаткова ансамбль уяўляў сабою інструментальную групу з наборам беларускіх народных музычных інструментаў, а зараз у яго складзе маюцца вакальная і харэаграфічная групы.

Рэпертуар ансамбля “Бялыніцкія музыкі” досыць разнастайны, ён пастаянна абнаўляецца і ўключае ў сябе беларускія народныя песні, творы айчынных аўтараў, танцавальную музыку.

Народны ансабль фальклорнай музыкі “Бялыніцкія музыкі” – пастаянны ўдзельнік раённых культурна-масавых мерапрыемстваў, канцэртаў, святаў, часты госць ва ўстановах культуры вёсак і аграгарадкоў. Сёлета калектыў прымаў удзел рэспубліканскім свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) і фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкі-2012” у г. Горкі; выступаў для ўдзельнікаў Міжнароднага пленэра па жывапісу, прысвечанага 140-годдзю з дня нараджэння народнага мастака Беларусі і Расіі В.К.Бялыніцкага-Бірулі і іншых мерапрыемствах.

Творчы патэнцыял калектыву пастаянна расце, удасканальваецца майстэрства яго ўдзельнікаў, шліфуецца ўласны стыль. Гэта знаходзіць водгук у шматлікіх прыхільнікаў творчасці ансамбля, кола якіх няўхільна пашыраецца. Варта адзначыць, што ансамбль “Бялыніцкія музыкі” грае вялікую ролю ў захаванні і папулярызацыі фальклорнай спадчыны Бялыніцкага краю, развіцці народнага мастацтва ўсяго Магілёўскага рэгіёна.

Вольга Семчанка, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.