Вверх

Вы здесь

Ансамбль “Медуніца”: вернасць народным традыцыям

У межах семінара-практыкума для вакальна-харавых калектываў прайшоў майстар-клас Валянціны Іванаўны Кандрацьевай – мастацкага кіраўніка Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля беларускай песні “Медуніца” Магілёўскай абласной філармоніі. Мы не толькі папрысутнічалі на майстар-класе, але і задалі некалькі пытанняў Валянціне Іванаўне.

Майстар-клас кіраўніка “Медуніцы” быў прысвечаны такой тэме, як “Засваенне навыкаў выканання народных песень а cappella і з суправаджэннем”. Цікавай была форма яго правядзення: ансамбль узняўся на сцэну канцэртнай залы “Магілёў” і правёў рэпетыцыю, за якой назіралі ўдзельнікі семінара.

Гэта было цудоўнай дэманстрацыяй выканальніцкіх магчымасцяў ансамбля, яго творчага ўзроўню, і адначасова – добры прыклад для кіраўнікоў вакальна-харавых калектываў, як трэба працаваць у дадзеным накірунку. Цягам усяго майстар-класа Валянціна Іванаўна давала калегам, што сядзелі ў зале, каштоўныя парады, звяртала ўвагу на розныя ньюансы ў працы. Дарэчы, сама яна валодае цудоўным голасам: звонкім, чыстым, моцным.

Удзельнікі калектыву выканалі аўтарскія і беларускія народныя песні: “Пра кума”, “Птаха”, “Не жар загаряе” і інш. Асабліва кранальна гучалі песні “Салавей”, “Чорны воран”, якія спяваліся а cappella. Харэаграфічная група “Медуніцы” выканала беларускі танец “Лявоніха”, казацкі танец, харэаграфічную кампазіцыю “Карабейнікі”.

Кіраўнік ансамбля распавяла прысутным гісторыю свайго калектыву, якая налічвае ўжо 26 год, а таксама згадала моманты з уласнай творчай біяграфіі.

Сваю працоўную дзейнасць Валянціна Іванаўна пачала з 1975 года ў будтрэсце №17 “Лаўсанбуда” у якасці кіраўніка мастацкіх калектываў гэтай арганізацыі, а пасля атрымання вышэйшай адукацыі перайшла працаваць у Палац культуры вытворчага аб’яднання “Хімвалакно”. У 1989 годзе на базе самадзейнага калектыву “Вытворчасць сінтвалакна-3” яна стварыла ансамбль беларускай песні “Медуніца”.

Малады калектыў дасягнуў высокага ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі і заваяваў ганаровае званне “народны”. Народны ансамбль “Медуніца” быў першым на Магілёўшчыне калектывам, якому было прысвоена званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспубікі Беларусь”, і адбылося гэта ў 2003 годзе. Творчы шлях “Медуніцы” адзначаны ўдзелам і перамогамі ў шматлікіх конкурсах і фестывалях, у тым ліку рэспубліканскіх і міжнародных. Ансамбль часта выступае за мяжой: у Германіі, Польшчы, Расіі, Казахстане, Кітаі, Украіне, Малдове і іншых краінах, дае дабрачынныя канцэрты, а выручаныя сродкі ідуць на аздараўленне дзяцей, пацярпелых ад Чарнобыля.

У складзе калектыву ёсць вакальная, харэаграфічная і аркестровая групы. Дзякуючы гэтаму, кожнае выступленне “Медуніца” – яскравае і незабыўнае відовішча: народныя спевы а cappella і з музычным суправаджэннем, народныя танцы, а ўдзельнікі пры гэтым апрануты ў стылізаваныя народныя строі.

За гады існавання калектыву значна змяніўся яго склад, але нязменным засталося галоўнае: вернасць народнаму мастацтву, старажытным традыцыям беларускага народа, энтузіязм і апантанасць сваёй справай, уласцівая не толькі кіраўніку, але і ўдзельнікам ансамбля.

Каб зразумець, адкуль бярэцца гэты энтузіязм і закаханасць у народнае мастацтва, мы адрасавалі некалькі пытанняў кіраўніку ансамбля В.І.Кандрацьевай.

– Валянціна Іванаўна, з чаго і калі пачалося ваша захапленне народнай музыкай, спевамі?

– З дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы Вайнілава Асіповіцкага раёна. Колькі сябе помню, я заўжды спявала. Спявала ўся мая сям’я, ва ўсіх родных быў вельмі добры слых, а любімай песняй маіх бацькоў была “Зялёная вішня”. Памятаю, як маці вучыла граць на гармоніку старэйшага брата. Яна часта спявала нам песні, расказвала казкі, прымаўкі – я і дасюль іх добра памятаю. Наогул, раней у вёсках болей спявалі. У кожнай вёсцы па святах ладзіліся кірмашы, куды прыходзілі жыхары суседніх вёсак, гучала музыка і спевы. У часы майго дзяцінства на вёсцы не было тэлебачання, мы збольшага чыталі кнігі, слухалі радыё. Па ім часта гучалі народныя песні, казкі, нярэдка можна было пачуць і легендарны народны хор пад кіраўніцтвам Г.І.Цітовіча.

– А як вы вырашылі звязаць сваё жыццё з народнай песняй?

– Я вучылася ў Ясеньскай сярэдняй школе, і прычым вельмі добра. Магла пайсці па якім заўгодна шляху, напрыклад, паступіць у сельгасакадэмію і стаць аграномам. Мне падабалася даглядаць за раслінамі, я нават ездзіла ў Маскву на ВДНГ на конкурс юннатаў. Але ж і мастацтва вабіла. Я ўдзельнічала ва ўсіх фестывалях, што праводзіліся ў нашай школе, Асіповічах, Бабруйску. Маім канцэртмайстрам быў хлопчык, на 2 гады старэйшы за мяне – ён граў на гармоніку, а я спявала. Потым я пераехала ў Магілёў – туды мяне забраў мой брат, які скончыў культасветвучэльню імя Н.К.Крупскай. Я паступіла ў вучэльню імя М.А.Рымскага-Корсакава, дзе пачала авалодаць акадэмічнымі спевамі. Перастроіцца з народных спеваў на акадэмічныя было цяжка, і гэтаксама цяжка было адаптавацца да гарадскога жыцця. Я ж тады была вясковай дзяўчынай, якая вырасла пад шапаценне нівы, гоман лесу, журчанне крыніц, спеў жаваранкаў…

– З чаго пачыналася ваша кар’ера як кіраўніка мастацкіх калектываў?

– Пасля вучэльні я працавала кіраўніком калектываў мастацкай самадзейнасці. На той час быў пік развіцця народнага мастацтва. У маёй працоўнай кніжцы было запісана “кіраўнік харавога калектыву”, а насамрэч у мяне тады было 5 калектываў, і працаваць даводзілася з раніцы да позняга вечара… Дарэчы, я і зараз працую ў такім жа рэжыме. Потым я паступіла ў Інстытут культуры, ужо на народныя спевы.

– Ці складана вам было зноў перавучвацца – ужо з акадэмічных спеваў на народныя?

– Значна прасцей, бо я расла ў вёсцы і з народных спеваў пачынала. Дарэчы, авалодванне рознымі манерамі спеваў вельмі ўзбагачае выканаўца, дапамагае пашырыць дыяпазон голасу. Дзякуючы гэтаму, у мяне таксама вакальны дыяпазон даволі шырокі, і гэта дапамагае ў працы – я выкладаю ў Магілёўскім дзяржаўным музычным каледжы ім. М.А.Рымскага-Корсакава народныя спевы, народны хор, пастаноўку голасу. Таксама займаю пасаду намесніка дырэктара каледжа па творчай рабоце.

– І ўсё-такі, што вам больш да душы: акадэмічнае мастацтва або фальклор?

– Вядома ж, народнае мастацтва, бо песня – гэта душа народа. У акадэмічнай манеры я зараз амаль не спяваю.

– А з чаго сёння складаецца рэпертуар “Медуніцы”? Ці ёсць у ім песні, запісаныя падчас фальклорных экспедыцый?

– Ёсць у нашым рэпертуары і аўтарскія кампазіцыі – творы самадзейных кампазітараў Магілёўшчыны, некалькі песень Леаніда Захлеўнага. Наш калектыў выконвае песні магілёўскага аўтара Галіны Сёмінай – “Белы птах” на словы Івана Цітаўца, “Ой, кума”. Але пераважаюць у рэпертуары ансамбля, зразумела ж, беларускія народныя песні, у тым ліку запісаныя ў рэгіёнах Магілёўшчыны: “Не жар загаряе”, “Птаха”, “Кума мая люба” і інш. Што тычыцца экспедыцый, то зараз мы іх не ладзім, бо на гэта не стае сродкаў. Але калі бываем у сельскай мясцовасці, то абавязкова стараемся запісаць нейкі матэрыял. І пры выкананні гэтых песень імкнемся захоўваць першапачатковае, аўтэнтычнае гучанне.

– Якія, на вашу думку, на сённяшні дзень маюцца праблемы ў існаванні народнай песні?

– Займаючыся навучаннем студэнтаў народным спевам, я бачу істотныя змены ў параўнанні з тым часам, калі сама была студэнткай. Сёння ў вёсках практычна не чуваць народных спеваў, паўсюль гучыць папулярная музыка з магнітафонаў і тэлевізараў. І моладзі, якая не чула з дзяцінства матчынай песні, навучанне даецца цяжэй. Таму мы з імі пачынаем з “азоў”: вучым, як фарміруецца гук, якім мусіць быць дыханне і г.д. Гэта толькі здаецца, што няма нічога прасцей, чым народная песня: стаў і спеў, без усялякай падрыхтоўкі. Гэта пад сілу толькі рэдкім людзям, адораным прыродай. У мяне, дарэчы, займаліся вельмі здольныя вучні. Напрыклад, Вольга Чабатарова, якая прыйшла займацца ў 5 год – проста цудоўны голас! А зараз яна стала займацца яшчэ і эстраднымі спевамі, бо гэта больш запатрабавана. Дарэчы, эстрадная і народная манеры у нечым падобныя, і таму не так цяжка перавучыццца. Адны прыходзяць у народную песню з эстрады, іншыя – наадварот, з эстрады ідуць у фальклор. Я лічу, галоўнае ў навучанні – прывіць любоў да народнай песні.

– Вы лічаце, фальклор у нас далёка не такі запатрабаваны, як, тая ж эстрада?

– Паглядзіце: зараз у нас няма Заслужаных артыстаў, якія працуюць у жанры народных спеваў. Спевы амаль не выкладаюцца ў школах. Чаму так адбываецца? Мы прыязджаем у Германію на гастролі і бачым там зусім іншае стаўленне на народнай песеннай спадчыны. Людзі там цікавяцца сваёй нацыянальнай культурай, культурай іншых народаў – касцюмамі, спевамі і г.д. Калі мы выступаем за мяжой, тамтэйшыя людзі падыходзяць да ўдзельнікаў “Медуніцы” і распытваюць пра нашу краіну, наша мастацтва. У Беларусі, на жаль, такой зацікаўленасці не бачна…

– І што ў падобнай сітуацыі рабіць?

– Я мяркую, што трэба з маленства выхоўваць у людзей любоў да народнай песні. Спевы – у тым ліку народныя – павінны выкладацца не толькі ў музычных школах, але і ў самых звычайных, сярэдніх. І мы, выканаўцы фальклору, мусім актыўна працаваць на ніве народнай культуры.

– Ці можаце вы сцвярджаць, што гурт “Медуніца” па-ранейшаму рухаецца ў гэтым напрамку?

– Так. І асноўная наша мэта – зберажэнне традыцый нацыянальнай беларускай песеннай спадчыны. Мы і далей будзем радаваць нашых слухачоў сваёй творчасцю і паказаваць усім прыклад, як трэба працаваць!

Партрэт кіраўніка ансамбля прадастаўлены В.І.Кандрацьевай

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.