Вверх

Вы здесь

Бабруйскі анасамбль танца “Юнацтва”: 30 год на сцэне

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Юнацтва” дзяржаўнай установы культуры “Палац мастацтваў г. Бабруйска” адзначыў круглую дату – 30 гадоў. Свой юбілей ансамбль адсвяткаваў грандыёзным канцэртам.

Ансамбль танца “Юнацтва” – гэта калектыў з багатай гісторыяй, вядомы не толькі ў родным горадзе, але таксама ў нашай рэспубліцы і за яе межамі. У 2005 годзе атрымаў ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, неаднаразова станавіўся лаўрэатам і пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў.

24 лістапада ў канцэртнай зале Палаца мастацтваў г. Бабруйска сабраліся шматлікія прыхільнікі творчасці ансамбля. Лепшым падарункам калектыву, напэўна, стаў аншлаг у зале, а таксама гучныя апладысменты і кветкі, якія ўдзячныя гледачы дарылі юбілярам. Бурнымі авацыямі госці свята сустракалі кіраўніка калектыву Сяргея Васільевіча Лукашэвіча.

З юбілеем ансамбль і яго мастацкага кіраўніка павіншаваў галоўны дэпутат гарадскога Савета дэпутатаў, дырэктар хакейнага клуба “Дынама-Шыннік” М.У.Суботкін. Эстафету віншаванняў на юбілейным вечары прыняла галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Н.Л.Маісеева, якая агучыла віншавальныя адрасы ад начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, Заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь А.А.Сінкаўца і дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР А.Ф.Хмялькова. Гучалі словы віншавання ад кіраўнікоў устаноў культуры г. Бабруйска, прадстаўнікоў аддзела культуры Бабруйскага райвыканкама.

Свае музычныя падарункі дарылі юбілярам творчыя калектывы, з якімі ансамбль звязваюць гады сяброўства і плённага супрацоўніцтва. Сярод іх былі Заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь: народны хор пад кіраўніцтвам В.Е.Балаханава, тэатр песні “Шына-най” пад кіраўніцтвам А.Я.Яфіменка, ансамбль танца “Сувенір” Палаца культуры вобласці пад кіраўніцтвам Г.Ш.Квасціані. Таксама свае віншаванні і творчыя падарункі прэзентавалі ўзорны музычны тэатр “Слугі трох муз” Палац мастацтваў г. Бабруйска, узорны ансамбль “Харэаграфічныя мініяцюры” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ленінскага раёна г. Бабруйска, дуэт акардэяністаў дзіцячай школы мастацтваў імя У.У.Алоўнікава ў складзе Іна Бараненка і акампаніятара “Юнацтва” Таццяна Уварава-Кавалеўская, народны тэатр “Равеснік” Бабруйскага дзяржаўнага тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, узорнай харэаграфічнай студыі “Бабраня” Палаца мастацтваў г. Бабруйска. Юбілейны канцэрт працягваўся чатыры гадзіны, і гэта была цёплая, радасная і незабыўная сустрэча ансамбля “Юнацтва” і вядучых творчых калектываў г. Бабруйска са сваімі прыхільнікамі.

У творчых планах Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца “Юнацтва” і яго кіраўніка С.В.Лукашэвіча – рэпетыцыі, новыя пастаноўкі, удзел у фестывалях, конкурсах і іншых цікавых мерапрыемствах. А мы пажадаем ансамблю заўсёды заставацца сабой, незалежна ад абставін захоўваць сваё яскравае творчае аблічча, адметнасць і арыгінальнасць. Няхай дасягаюцца новыя вышыні ў майстэрстве, змяняюцца стылі і касцюмы, узнікаюць і ўвасабляюцца ў жыццё новыя творчыя ідэі – але пры гэтым заставайцеся такімі, якія вы ёсць. З юбілеем, “Юнацтва”!

 

Наталля Чорная, загадчык арганізацыйна-метадычнага аддзела Палаца мастацтваў г. Бабруйска

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.