Вверх

Вы здесь

Дажыначныя ўрачыстасці ў Бялыніцкім раёне

12 верасня ў аграгарадку Вішоў Бялыніцкага раёна прайшло раённае свята працаўнікоў сяла “Дажынкі-2014”.

Галоўныя мерапрыемствы святочнай праграмы, ушанаванне і ўзнагароджванне перадавікоў уборачнай кампаніі 2014 года, канцэрт салістаў і мастацкіх калектываў устаноў культуры раёна, выступленне Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь прайшлі ў амфітэатры СВК “Калгас “Радзіма”.

Цырымонія ўшанавання і ўзнагароджвання хлебаробаў раёна, пераможцаў уборачнай кампаніі 2014 года распачалася святочным маршам барабаншчыц. Са шчырымі словамі прывітання да прысутных звярнуліся старшыня райвыканкама Мікалай Кадаценка, ганаровы грамадзянін Бялыніцкага раёна, начальнік Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці Раіса Лычкоўская. Музычныя прывітанні хлебаробам раёна дарылі народныя калектывы раённага цэнтра культуры і Вішоўскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу: вакальныя ансамблі “Бялыніца”, “Славяне” і “Вабічанскія ўзоры”, фальклорны ансамбль “Бялыніцкія музыкі”, а таксама салісткі Аксана Кушнярова і Крысціна Вараб’ёва. Сваімі выступленнямі прысутных парадавалі юныя артысты Вікторыя Грыбкова, салістка РЦК, і ўзорны вакальны ансамбль “Акварельки” ДУА “Бялыніцкая дзіцячая школа мастацтваў”. На свяце прагучала прэм’ера песні “Дажынкі” ў выкананні народнай эстраднай студыі “Колеры” Бялыніцкага РЦК, якая была напісана спецыяльна да свята мясцовымі аўтарамі – паэтам Алай Войлакавай і кампазітарам Віктарам Халадцовым.

Побач з амфітэатрам работалі гандлёвыя рады, дзіцячыя атракцыёны, кірмаш-продаж сельскагаспадарчай прадукцыі. На іншых пляцоўках, размешчаных паўсюдна, былі арганізаваны выставы, выставы-продажы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вырабаў і прадукцыі прадпрыемстваў раёна. У рамках свята прайшла конкурсная маладзёжная праграма “Уладар вескі”. Цікавымі былі паказальныя выступленні Магілёўскага абласнога Цэнтра алімпійскага рэзерва па конным спорце і сучасным пяцібор’і. Адным з яскравых момантаў мерапрыемства стала работа тэматычных падворкаў сельскіх саветаў “Сад і агарод”, “Сялянскі двор”, “Гасцёўня Бульбаша”, “Скарбонка прыроды”, “Дары лесу”, “Хлеб ды квас, усё для вас”, якія былі разгорнуты ўздоўж вуліцы Школьная, што вядзе да амфітэатра. На кожным тэматычна аформленым падворку работнікі культуры рабілі прэзентацыю каравая, выпечанага з зерня ўраджая 2014 года, частавалі юшкай і блінамі, печанай бульбай і “свойскай” кілбасой і іншымі стравамі сялянскай кухні, арганізоўвалі гульні, конкурсы, праводзілі майстар-класы, а госці спявалі і танчылі разам з фальклорным ансамблем “Журавінка” Цяхцінскага СДК, вакальным ансамблем “Вечарынка” Кудзінскага СДК, сямейна-роднасным ансамблем “Самародкі” Алешкавіцкага СК і іншымі творчымі калектывамі.

Усіх, хто завітаў на свята, чакалі сюрпрызы, шмат уражанняў і толькі добры настрой.

Людміла Куранкова, метадыст метадычнага аддзела Бялыніцкага РЦК

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.