Вверх

Вы здесь

Дажынкі ў Клічаўскім краі

Дажынкі – старажытнае свята, падчас якога беларусы дзякавалі зямлі за новы ўраджай хлеба. Гэта свята абавязкова праводзілі пасля таго, як у полі былі сабраны ўсе зерневыя культуры.

Сёлета, пасля змены “фармату” святкавання «Дажынак» у нашай краіне,  ўпершыню прайшло гэта свята ў Клічаўскім раёне.

Стаць “першаадкрывальнікамі” ў справе правядзення раённага фестывалю-свята працаўнікоў сяла «Дажынкі» давялося аграгарадку Новыя Максімавічы. Арганізатары і ўдзельнікі папрацавалі на славу, прадставіўшы ўвазе гасцей дзевяць падворкаў, аформленых у беларускім стылі, аднак кожны з іх меў сваю асаблівасць. Падворкі былі арганізаваны клубнымі ўстановамі аграгарадкоў і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі Клічаўскага раёна: СПК “Калгас “Несята”, КСПК “Калгас імя Леніна”, КСПК “Калгас імя Тэльмана”, УКСП “Саўгас “Ольса”, ААТ “Райаграпрамтэхснаб”, КСПК “Калгас “Радзіма”, КСПК “Саўгас “Дабраволец” і іншыя.

Гаспадыні падворкаў гасцінна сустракалі караваямі, прысмакамі і песнямі кожнага, хто завітваў да іх. Творчыя праграмы прадставілі і калектывы цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна: творчыя калектывы Доўгаўскага СДК, Каўбчанскага СДК, Астраўскога СДК, Несяцкага СДК, вакальны ансамбль “Суседзі” Бацэвіцкага ЦКіД, тэатр эстрадных мініацюр “Кампанія” Арэхаўскага СДК, вакальны ансамбль “Дабрадзея” Дзмітраўскага СДК, ансамбль “Запаляначка” Запольскага СДК і іншыя.

Максімавіцкі сельскі Дом культуры прадставіў выставу мёду “Максімавіцкі мядок”, які можна было паспрабаваць і набыць. Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва была арганізавана чайная гасцёўня, дзе можна было пачаставацца рознымі відамі чаю. Працавала палатка здароўя, дзе можна было памераць ціск, узровень цукру ў крыві, рост, вагу. Для самых маленькіх гледачоў была арганізавана дзіцячая пляцоўка з атракцыёнамі, на якой працавалі аніматары.

Увазе гледачоў былі прадстаўлены выставы раённага Дома рамёстваў, Клічаўскага краязнаўчага музея і бібліятэкі.

Багата гледачоў сабраў святочны канцэрт, у якім прынялі ўдзел узорны фальклорны ансамбль “Купалачка” Дзмітраўскага філіяла ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Клічава”, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні “Жытніца” Арэхаўскага СДК, вакальны ансамбль “Мелодыя” Клічаўскага РДК. Вельмі яркай падзеяй стала выступленне замежных гасцей – фальклорнага ансамбля “Яжэнбінкі” г. Борнэ-Сулінава Рэспублікі Польшча.

Выдатнае, незабыўнае ўражанне ад свята застанецца на доўгія часы ў кожнага, хто прымаў удзел у нашых «Дажынках»!

Аліна Доўгая, намеснік дырэктара па клубнай рабоце цэнтралізаванай клубнай сістэмы Клічаўскага раёна

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.