Вверх

Вы здесь

Дні аматарскіх тэатраў у Магілёве: казачныя прыгоды, вясковы каларыт і пошукі сябе

Дні аматарскіх тэатраў проходзілі ў Магілёве з 6 па 13 снежня. У іх рамках у канцэртнай зале “Магілёў” абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці выступілі лепшыя аматарскія тэатральныя калектывы вобласці – пераможцы абласнога конкурсу аматарскіх тэатральных калектываў “У далонях маёй Беларусі”. Арганізаваў гэты тыднёвы тэатральны марафон Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці сумесна з аддзеламі культуры Шклоўскага, Бялыніцкага, Хоцімскага і Краснапольскага райвыканкамаў.

Што ні пастаноўка – то падарунак гледачу! Гэта была дабрачынная акцыя: арганізатары зрабілі ўваход на ўсе пастаноўкі вольным для ўсіх жадаючых. Было арганізавана наведванне спектакляў навучэнцамі школ і каледжаў, ветэранамі, людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі – кожны з гледачоў мог выбраць пастаноўку адпаведна свайму ўзросту і густу.

Звонкі дзіцячы смех і радасная мітусня напоўнілі канцэртную залу. На сцэне народны тэатр эстрадных мініяцюр “Штрых” Шклоўскага раённага Дома культуры з тэатралізаваным прадстаўленнем “Неверагодныя прыгоды казачных герояў-2011”. Разам з казачнымі героямі – Чырвоным Каптурком, Зайчыкам, Багатырскім Канём – малышы выратоўвалі Усмешку і змагаліся супраць хцівых злодзеяў, злога Цмока і зайздрослівай Кікімары. Захапляльнае дзеянне, абаяльнасць акцёраў, гульня з залам – усё гэта проста зачаравала малечу. Дарэчы, тэатр эстрадных мініяцюр “Штрых”, без якога не абыходзіцца ніводнае гарадское і раённае мерапрыемства на Шклоўшчыне, выйшаў на новы творчы ўзровень менавіта дзякуючы свайму новаму кіраўніку – рэжысёру Дар’і Нейман. Зараз у рэпертуары самадзейнага калектыву багата спектакляў і мініяцюр, сцэнарыі для якіх піша сама Дар’я Уладзіміраўна.

Прыемна ўразіла літаратурна-музычная кампазіцыя паводле рамана І.Мележа “Людзі на балоце” ў выкананні народнага тэатра юнага гледача Бялыніцкага раённага Цэнтра культуры. Хрэстаматыйны твор набыў новае гучанне, дзякуючы аматарскаму тэатральнаму калектыву і яго кіраўніку Зінаідзе Білык, адной з вядучых рэжысёраў вобласці. Традыцыйныя строі, мілагучныя спевы і народныя танцы, вясковая гаворка, удалыя дэкарацыі – усё гэта надавала твору непаўторны каларыт. Беларуская вёска паўставала на сцэне такой, якой яе пабачыў і апісаў Іван Мележ. І ўсё ж такі, гэта была досыць арыгінальная і яркая інтэрпрэтацыя вядомага рамана беларускага аўтара.

Да народнай культуры таксама звярнуліся ўдзельнікі народнага аматарскага тэатральнага калектыву “Прамень” Хоцімскага раённага Цэнтра культуры. На Днях аматарскіх тэатраў калектыў прадставіў п'есу-гумарэску “Сабралася бедна басота”, у аснову якой леглі старажытныя паданні і народныя байкі Хоцімшчыны. Выдатна справілася са сваёй задачай кіраўнік калектыву Таццяна Паседзька – не толькі як рэжысёр, але і як выканаўца ролі Лёксы ў п'есе. Падрябязны аповед пра гэта калектыў і гутарку з яго кіраўніком вы знойдзеце тут.

Завершыліся Дні аматарскіх тэатраў выступленнем народнага тэатра Краснапольскага раённага Цэнтра культуры. Адзін з найстарэйшых у вобласці, створаны яшчэ ў 1918 годзе, тэатр з Краснаполля прадставіў на магілёўскай сцэне, як гэта не дзіўна, спектакль на маладзёжную тэматыку паводле п’есы Таццяны Далговай “Зорка над дахам”. Ролі выконвалі маладыя акцёры, і ў іх ліку – рэжысёр гэтага самадзейнага тэатра, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Павел Шаўлякоў. Адпаведнага ўзросту былі і гледачы: падлеткі, юнакі і дзяўчаты. Надта блізкія ім былі праблемы, закранутыя ў спектаклі: пошукі сэнсу жыцця, намаганні ўцячы ад шэрай руціны і духоўнай галечы, а таксама змаганне са спакусамі на гэтым шляху, адна з якіх – наркатычнае забыццё. Здавалася б, тэма, кажучы сучаснай мовай, “заезджаная”, але была ўвасоблена творчай моладдзю з Краснаполля яскрава, таленавіта і вельмі кранальна…

Па-за конкурсам у межах Дзён аматарскіх тэатраў выступіў тэатр эстрадных мініяцюр “Сюжэт” аддзела культуры Магілёўскага раёна з літаратурна-музычнай кампазіцыяй, прысвечанай 200-годдзю бітвы пад в.Салтанаўка.

Дні аматарскіх тэатраў паказалі: у самадзейнай тэатральнай творчасці на Магілёўшчыне ёсць будучыня. Самадзейны статус творчых калектываў зусім не робіць іх горшымі за “прафесіяналаў” тэатральных памосткаў. Галоўнае – “дагрукацца” да сэрца гледача, і гэта ў аматарскіх тэатраў атрымліваецца выдатна. Спадзяемся, нам пашчасціць яшчэ не раз пабачыць іх выступленні. Да сустрэчы!

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.