Вверх

Вы здесь

Экалагічны маршрут "Карытняншчына — унікальны куток", распрацаваны ў мясцовай СШ

"Карытняншчына — унікальны куток" — такую назву носіць экалагічны маршрут, распрацаваны ў мясцовай СШ (Асіповіцкі раён). Ён знаёміць з гісторыяй паселішча, якая налічвае некалькі стагоддзяў, прыгожымі мясцінамі, слаўнымі сучаснікамі.

Экалагічная сцяжынка, якая бярэ свой пачатак ад школы, вядзе да помніка землякам, што загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Іх амаль дзве сотні, вучні памятаюць пра герояў, наведваюць гэта святое месца, да-глядаюць яго.

Потым шлях ляжыць да куточка, які мае ўзнёсла-рамантычнае імя "Салаўіны рай" і вабіць сваёй прыродна-рукатворнай прыгажосцю. Тут хараство ландшафту і расліннага свету спалучаецца з цудоўнай сажалкай, а дагледжаныя дамы з арыгінальным надворным дызайнам, два з якіх з’ўляюцца і аграсядзібамі з паэтычнымі назвамі "Лявоніха" і "Зялёныя вербы", дапаўняюць прыродны ансамбль. Непадалёк цурчыць крынічка, якая радуе сваёй чыстай вадою.

Далей сцежка прыводзіць да буслянкі. Людзі здзіўляюцца прывязанасці птушак да роднай мясціны. Раней буслы гняздзіліся на старой ліпе, якая з-за даўнасці ўжо прадстаўляла небяспеку. Каб дрэва ў непагадзь не ўчыніла бяды, яго зрэзалі. Птушкі, калі прыляцелі ўвесну, доўга кружылі вакол знішчанага жытла, а потым здагадаліся звіць гняздо непадалёку на тэле-графным слупе.

Маршрут працягваецца праз стары парк пейзажнага тыпу — былую маёмасць памешчыкаў Вайніловічаў. Паслухаўшы самотнае шалястанне лістоты, можна ўявіць падзеі, сведкамі якіх былі моцныя і велічныя з вы-гляду дрэвы, дакрануцца да кавалачка даўніны. Тут жа — магіла Невядомага салдата.

Наступны пункт прыпынку — пахаванне салдат Крымскай коннай дывізіі. І — канцавая кропка маршруту: царква ў гонар іконы Божай Маці ва ўрочышчы Прошча.

Працягласць экалагічнага маршруту, распрацаванага педагогам сацыяльным Людмілай Рафаэлян, залежыць ад узросту дзяцей. Школьнікі з цікавасцю праходзяць па знаёмых сцяжынках, паглыбляючы веды і аглядаючы па-новаму звыклыя мясціны. Госці вёскі таксама з вялікім інтарэсам знаёмяцца з яе гісторыяй.

”Асіповіцкі край”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.