Вверх

Вы здесь

Феномен сучаснай беларускай драматургіі абмеркавалі падчас “круглага стала” на фэсце “М.@rt.кантакт-2012”

Выдаць да юбілейнага фестывалю “М.@rt.кантакт” зборнік артыкулаў па выніках абмеркаванняў актуальных для беларускага тэатра праблем. Такую ідэю прапанаваў драматург, крытык, паэт, доктар філалагічных навук Сяргей Кавалёў падчас “круглага стала”, які адбыўся ў межах цяперашняга фэсту.

Тэмай, якую абмяркоўвалі крытыкі, стаў феномен сучаснай беларускай драматургіі. «Сітуацыя склалася парадаксальная і двухсэнсоўная, - адзначыў Сяргей Кавалёў. - Ніколі дагэтуль не было такой вялікай колькасці адораных маладых аўтараў, якія вядомы ў Беларусі і за яе межамі. З другога боку, усе яны пішуць на рускай мове». Па словах драматурга, нашы рэжысёры ўвесь час сутыкаюцца з праблемай пошуку добрага тэкста на роднай мове. Адначасова сярод рускамоўных п’ес існуе канкурэнцыя. «Дзіўнае становішча: драматургі ёсць, творы добрыя ёсць, але ці можна аднесці іх да беларускіх? Адны кажуць, што не, другія - галоўнае, каб чалавек быў таленавітым незалежна ад іншых фактараў», - адзначыў Сяргей Кавалёў.

Каб разгледзець становішча з розных бакоў, прысутныя звярнуліся да драматургіі, напісанай на абедзвюх мовах. Што датычыцца рускамоўнай, то, па меркаванню маладога крытыка Крысціны Смольскай, ёсць сярод творцаў тыя, якія маюць сваю манеру, склаліся як аўтары. Напрыклад, Мікалай Рудкоўскі, Павел Пражко, Дзмітрый Багаслаўскі. «Яны знаходзяць цікавую форму адлюстравання актуальных праблем, з фатаграфічнай дакладнасцю перадаючы карціну і мову сучаснасці, - адзначыла крытык. – Падабралі ключ, які адчыняе дзверы на зусім іншы этап развіцця іх творчасці».

Другой часткай размовы стала знаёмства з працай маладых беларускамоўных аўтараў. У падтрымку неабходнасці такога пераходу выказаўся Сяргей Кавалёў: “Хутка пералічым дзесяцярых рускамоўных драматургаў, а з беларускамоўнымі ўзнікнуць цяжкасці”.

Задумваючыся над прычынамі татальнага русізму, ён дадаў: творца, які піша па-руску, знаходзіцца ў лепшым становішчы, чым беларус, бо адразу адносіцца да дзвюх культурных прастораў і можа прапанаваць сваю п’есу 200 тэатрам. У той жа час ён застаецца беларускім, бо «надае запазычанай форме свой нацыянальны змест, перадае менталітэт, адлюстроўвае балючыя для краіны пытанні».

Можна пералічыць цэлае пакаленне драматургаў, якія пішуць па-беларуску. Сярод іх - Віктар Жыбуль, Вольга Гапеева, Ганна Ціханава, Віталь Воранаў, Уладзімір Боська, Зміцер Каханьскі, Таццяна Сівец, Ігар Скрыпка, Васіль Дранько-Майсюк. Аднак у межах “круглага стала” шла гаворка толькі пра пачынаючых аўтараў, іх першыя крокі. Многія спрабуюць перакладаць тэксты на беларускую мову. На думку Сяргея Кавалёва, гэтага не трэба рабіць, бо могуць атрымацца камічныя сітуацыі. Дзве плыні павінны існаваць побач.

Як адзначыла галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра Кацярына Аверкава, не трэба дзяліць драматургію па моўным прынцыпе. «Бачна, што яна ў апошні час зрабіла вялікі крок наперад, - сказала рэжысёр. - У нас ёсць цікавыя аўтары, якія маюць свой стыль, тэматыку». Каб вырашыць, наколькі патрэбны гэтыя творцы, такі тэатр, трэба пазнаёміць з іх творчасцю чытача і гледача. Працу ў гэтым напрамку Кацярына Аверкава ўжо пачала, калі ажыццявіла новы праект «Чытанні».

Кропку ў размове паставіў тэатральны крытык з Варшавы Андрэй Масквін: «Гэта даўні спор, які, напэўна, ніколі не будзе вырашаны. Беларуская драматургія, хай на рускай мове, - ёсць, яна вельмі багатая, разнастайная. Трэба і перакладаць, і выдаваць. Толькі ў гэтым выпадку можна будзе распавядаць пра што-небудзь».

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.