Вверх

Вы здесь

ІІІ Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства” прайшоў у межах юбілею Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КПР

15-16 кастрычніка Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы адзначыў сваё 75-годдзе. Святкаванні прайшлі ярка і весела, як гэта звычайна і бывае на Магілёўшчыне.

Кожны жыхар і госць абласнога цэнтра ў гэты дзень змог паглыбіцца ў чароўны свет народнага мастацтва, адчуць на сабе яго магутную цудадзейную сілу, пазнаёміцца з усім багаццем традыцыйнай культуры Магілёўскага краю.

Утульнай цеплынёй дыхала ад вырабаў майстроў народнай творчасці, якія з’ехаліся на свята з усяго края. Каля будынка цэнтра шырока разгарнулася выстава-продаж “Народнага мастацтва край дзівосны”. Вабілі да сябе саламяныя кветкі, лялькі і “павукі” – тыя самыя, што проста неабходна мець у доме на шчасце! Запаслівыя гаспадары і гаспадыні, што ўжо ў гэтыя дні рыхтуюцца да хуткага прыходу зімы, набывалі сабе цёплыя, прыгожыя і лёгкія валёнкі, вырабленыя па старажытнай тэхналогіі шапавалаў Дрыбіншчыны. У фае цэнтра таксама было на што палюбавацца. Шчырую цікаўнасць магіляўчан і гасцей горада выклікала экспазіцыя навукова-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства беларускіх народных рамёстваў “Скарбніца” – калекцыя рэканструяваных беларускіх нацыянальных строяў, прадстаўленая Жыткавіцкім, Калінкавіцкім, Лельчыцкім, Ельскім, Мсціслаўскім, Мотальскім, Рагачоўскім, Маларыцкім, Бярэзінскім строямі.

Галоўнай падзеяй свята, безумоўна, стаў ІІІ Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”. Форум праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і штогод збірае лепшых этнографаў, даследчыкаў, выбітных дзеячаў культуры з краін бліжняга і дальняга замежжа.

Традыцыйна, форум стаў выдатнай пляцоўкай для вядзення прафесійнага дыялогу навукоўцаў, якія займаюцца вывучэннем праблематыкі нацыянальных культур.

Падчас міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Фальклор і абрадавыя традыцыі як аўтэнтычнае праяўленне багацця лакальных культур”, якая прайшла ў межах форума, госці з Расіі, Азербайджана, Літвы, Арменіі, Францыі, Румыніі пазнаёміліся абмеркавалі надзённыя пытанні, звязаныя з адраджэннем, захаваннем, папулярызацыяй нацыянальных традыцый краін-удзельніц. Тэмы, прадстаўленыя ўдзельнікамі для абмеркавання на канферэнцыі, гучалі вельмі надзённа.

Так, на пачатку канферэнцыі дырэктар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра Алег Хмялькоў прадставіў увазе прысутных даклад аб тым, як змяняецца функцыянальная значнасць фальклору і абрадаў у паўсядзённым жыцці грамадства. Дырэктар Цэнтра народнай культуры Літвы Саўліус Ліауса пазнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з вопытам літоўскіх дызайнераў і маркетолагаў па ўвядзенні элементаў традыцыйнай культуры ў сучасны побыт і іх трансфармацыі згодна з тэндэнцыямі, якія дыктуе час. Заўвагамі аб стане і перспектывах падрыхтоўкі спецыялістаў для сферы традыцыйнай мастацкай культуры ў Рэспубліцы Беларусь падзяліўся дэкан факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Мікалай Каралёў. Таямніцы колеравага коду беларускага рушніка прыадкрыла для ўдзельнікаў канферэнцыі старэйшы выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, магістр педагогікі Аксана Катовіч. Спецыяліст Інстытута археалогіі і этнаграфіі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Арменія Арусяк Саакян асвятліла тэму адрознення і падабенства рыс нацыянальнага фальклору розных краін, а таксама падняла праблему некарэктнага падыходу сучасных навукоўцаў да вывучэння народнай вуснай паэтычнай спадчыны.

Падчас правядзення форума яго ўдзельнікам прадставілася магчымасць пазнаёміцца з досведам і методыкамі работы ўстаноў культуры Асіповіцкага раёна і прыняць удзел у мясцовых рэгіянальных абрадах восеньскага цыклу. Майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці Асіповіччыны – ткачы, керамісты, майстры па лозапляценні і ткацтве - прадэманстравалі гасцям свае вырабы і раскрылі некаторыя сакрэты тэхналогіі іх стварэння. Таксама ўдзельнікаў чакаў майстар-клас па бытавым танцы ў выкананні народнага ансамбля народнай песні “Вязанка” Вяззеўскага сельскага Дома культуры, яскравыя музычныя выступленні народнага ансамбля народнай песні і музыкі “Дзівакі” Асіповіцкага раённага цэнтра культуры і вольнага часу, народнага ансамбля народнай песні “Сваякі” Карытнянскага сельскага Дома культуры. Госці былі шчыра ўражаны багаццем і аўтэнтычнасцю традыцыйнай культуры Магілёўшчыны, гасціннасцю, адкрытасцю і шчодрасцю жыхароў края.

Па заканчэнні форума яго ўзельнікамі былі вызначаны асноўныя накірункі работы ў сферы развіцця і прапаганды традыцыйнага мастацтва краін-удзельніц, а таксама заключаны дамовы аб далейшым культурным супрацоўніцтве.

Алёна Беланожка, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КПР.

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.