Вверх

Вы здесь

Кіраўнікі вакальна-харавых калектываў абмяняліся досведам

Каля 50 кіраўнікоў вакальна-харавых калектываў з'ехаліся ў г. Магілёў на семінар-практыкум, які праводзіўся Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культасветработы 4-5 красавіка.

У межах двухдзённага семінара-практыкума прайшлі майстар-класы выкладчыкаў харавых дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага музычнага каледжа ім. М.А.Рымскага-Корсакава, Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтва: Шульгоўскай Р.У., Лонскай І.М., Рогалевай А.В., Сіўцовай В.У., Біскупа А.А., Кандрацьевай В.І. і Башарымава У.В. Сакрэтамі працы з вакальна-харавымі калектывамі падзяліліся з калегамі кіраўнікі вакальна-харавых калектываў: мастацкі кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля беларускай песні “Медуніца” Валянціна Кандрацьева і мастацкі кіраўнік Заслужанага аматарскага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Неруш” Валянціна Гладкая. Да таго ж, згаданыя калектывы выступілі перад удзельнікамі семінара з творчымі канцэртамі.

Тэматыка майстар-класаў была цікавай і разнастайнай: “Засваенне навыкаў выканання народных песень а cappella і з суправаджэннем”, “Харэаграфічныя малюнкі ў праграме народнага хору”, “Народная песня ў развіцці”, “Распяванне ў народным хоры, праца над артыкуляцыяй, фразіроўкай” і інш. Пры гэтым асноўны акцэнт рабіўся на народныя спевы. Галоўны рэжысёр абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР Маісеева Н.Л. правяла творчую майстэрню ў рамках падрыхтоўкі да рэспубліканскіх святаў “Александрыя збірае сяброў” і “Дажынкі”. Хормайстар абласнога метадычнага цэнтра Пруднікава В.В. расказала аб методыцы падбору рэпертуару для самадзейных калектываў.

Кіраўнікі вакальна-харавых калектываў сельскіх і гарадскіх устаноў культуры і адукацыі мелі ўнікальную магчымасць узбагаціць досвед у сваёй галіне. Яны атрымалі не толькі тэарэтычныя веды, але і практычныя навыкі: разам з выкладчыкамі, што праводзілі майстар-класы, яны спявалі і танцавалі, рабілі розныя практыкаванні для голаса, абменьваліся нотным матэрыялам.

Дадзены семінар-практыкум ладзіўся ў рамках работы секцыі вакальна-харавога, фальклорнага мастацтва асацыяцыі творчых работнікаў вобласці. Падобныя мерапрыемствы праводзяцца абласным метадычным цэнтрам штогод. Сёлета гэта ўжо другі семінар-практыкум, першы праводзіўся ў лютым у г. Бабруйску для кіраўнікоў аматарскіх калектываў і аб’яднанняў ветэранаў вайны і працы.

Удзел у падобных семінарах-практыкумах дазваляе кіраўнікам творчых калектываў павышаць сваю кваліфікацыю, папаўняць свой рэпертуар новымі творамі, атрымліваць веды і навыкі ў харэаграфічным і вакальным мастацтве, абменьвацца каштоўным досьведам з калегамі. Усё гэта, безумоўна, удасканальвае дзейнасць мясцовых калектываў і спрыяе развіццю аматарскай творчасці на Магілёўшчыне.

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.