Вверх

Вы здесь

Магілёўскія майстры пакарылі Тамбоў

Майстры і ўмельцы Магілёўшчыны прынялі ўдзел у ІІ Міжнародным Пакроўскім кірмашы, што праходзіў 13-14 верасня ў Тамбове (Расійская Федэрацыя).

Сёлета на Пакроўскі кірмаш у Тамбоў з’ехаліся прадстаўнікі розных рэгіёнаў Расіі і пяці замежных дзяржаў: Францыі, Італіі, Балгарыі, Македоніі, Беларусі.

На свята ў горадзе ладзіўся святочны малебен у храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы і Крыжовы ход, а таксама шматлікія свецкія мерапрыемствы ў рамках кірмашу: круглыя сталы ў Дзелавым цэнтры, гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй, продаж і дэгустацыя прадуктаў харчавання, “Свята тамбоўскай бульбы”, выступленне творчых калектываў, фальклорных гуртоў г. Тамбова, гасцей з рэгіёнаў Расіі і замежных краін на сцэнічных пляцоўках, а таксама выстава-продаж сувеніраў і вырабаў рамеснікаў, майстар-класы.

Самай шматколькаснай дэлегацыяй майстроў народнай творчасці з Беларусі была група з Магілёўскай вобласці. Народны майстар Наталля Дамянікава прадстаўляла мастацкія вырабы з саломкі, Любоў Яшчанка, Вячаслаў Якавенка і Аляксей Сапажкоў – традыцыйную беларускую кераміку (гліняныя свістулькі, ганчарны посуд і іншую сувенірную прадукцыю), а Таісія Аўласцова і Любоў Шаўчук – вырабы з бісеру (дрэвы, упрыгожванні і інш). Яны не толькі дэманстравалі і прадавалі свае творы, але і праводзілі майстар-класы, расказвалі ўсім зацікаўленым пра традыцыі беларускай народнай творчасці, дзяліліся сакрэтамі майстэрства.

Майстроў Магілёўшчыны вітаў асабіста губернатар Тамбоўскай вобласці, які ўручыў ім кубак і дыплом пераможца ў намінацыі “Лепшы ўдзельнік Міжнароднага Пакроўскага кірмашу ў горадзе Тамбове – прадстаўнік рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі альбо замежжа”.

“Вельмі прыемна ўдзельнічаць у падобных мерапрыемствах, – зазначае майстар-кераміст, метадыст Магілёўскага абласнога цэнтра народнай творчасці і культасветработы Аляксей Сапажкоў. – Наогул, майстры і ўмельцы нашага рэгіёна – частыя госці на кірмашах і святах, што ладзяцца ў Беларусі і за яе межамі, асабліва ахвотна нас запрашаюць да сябе расіяне. Нашы ўсходнія суседзі заўсёды шчыра вітаюць прадстаўнікоў Магілёўскай вобласці, актыўна цікавяцца нашымі рамеснымі традыцыямі, набываюць сувеніры. Напрыклад, на гэтым Пакроўскім кірмашы ў Тамбове літаральна не было адбою ад цікаўных – яны падыходзілі цэлымі дэлегацыямі, сярод іх было шмат замежнікаў. І не проста разглядалі і куплялі нашы вырабы, але і задавалі пытанні, датычныя апрацоўкі саломкі, гліны, на якія мы з задавальненнем адказвалі. Дарэчы, да нас таксама звярталіся арганізатары з розных расійскіх гарадоў – Белгарада, Курска, Арла і інш. – бралі кантакты і запрашалі на свае мерапрыемствы. Расіянам сапраўды цікавая наша народная творчасць, рамёствы і промыслы. Яны прызнаюць і цэняць унікальнасць беларусаў як таленавітай, творчай нацыі, прыходзяць у захапленне ад беларускіх аўтэнтычных рамёстваў, бо далёка не ў кожным рэгіёне Расіі ёсць нешта падобнае”.

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.