Вверх

Вы здесь

Майстар-клас гурта “Неруш” у Магілёве

Заслужаны аматарскі фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Неруш” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і яго мастацкі кіраўнік, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Валянціна Фёдараўна Гладкая прынялі ўдзел у семінары-практыкуме па вакальна-харавому мастацтву, які праходзіў у Магілёве ў красавіку гэтага года, даўшы майстар-клас на тэму “Народная песня ў развіцці”.

Заслужаны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Неруш” быў створаны ў 1980 г. Напачатку ён складаўся са студэнтаў і супрацоўнікаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, а потым да яго далучыліся студэнты іншых устаноў. З першых дзён удзельнікі ансамбля збіраюць народную музыку, спевы, звычаі, дзеля чаго ездзяць у фальклорныя экспедыцыі па розных рэгіёнах Беларусі, а потым выкарыстоўваюць гэты матэрыял як аснову для шматлікіх праграм. Ансамбль з’яўляецца ўдзельнікам і лаўрэатам мноства фестываляў і конкурсаў па ўсім свеце, а ў 1999 годзе атрымаў Прэмію года “За ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей Рэспублікі Беларусь”. У калектыў “Неруш” уваходзяць таленавітыя спевакі, танцоры і музыкі, што граюць у асноўным на аўтэнтычных інструментах: жалейцы, дудзе, скрыпачцы, цымбалах, ліры і інш.

Майстар-клас ансамбля “Неруш” у Магілёве пачаўся са знаёмства з удзельнікамі гурта. Кіраўнік калектыву Валянціна Гладкая расказала аб значэнні і класіфікацыі народных песень, іх запісе і рэстаўрацыі. Яна падкрэсліла, што трэба вельмі дбайна адносіцца да апрацовак, улічваць рэгіянальную асаблівасць і традыцыйную манеру выканання той ці іншай песні. Для таго, каб моладзь цікавілася і цягнулася да народнай творчасці, трэба ісці “ў нагу” з часам. Ёсць магчымасць народную песню зрабіць і некранутай, і больш сучаснай, і дзеля гэтага выкарыстоўваюцца сучасныя музычныя арынжыроўкі, не цураецца іх і ансамбль “Неруш”. Як лічыць Валянціна Фёдараўна, можна ўключаць у рэпертуар творы сучасных аўтараў, што пішуць у народным стылі.

Удзельнікі гурта “Неруш” выканалі народныя песні, запісаныя ў розных рэгіёнах Беларусі: “Вярбічанька”, “Покуць”, “Вяргіня” і інш. Пры гэтым яны спявалі а cappella і пад фанаграму “мінус 1” (бо адсутнічалі музыкі ансамбля). Некаторыя песні спяваліся разам з удзельнікамі семінара-практыкума, напрыклад, балада “Вецер вее” і інш.

Па сканчэнні майстар-класа мы задалі Валянціне Гладкай некалі пытанняў.

– Валянціна Фёдараўна, на якім творчым этапе зараз знаходзіцца гурт “Неруш”?

– Мы актыўна працуем і развіваемся. Ансамбль дзейнічае пры БДУ, і гэтая ўстанова нас ва ўсім падтрымлівае, дае грошы, зал, апаратуру. Сёлета мы адзначаем 10-гадовы юбілей нашага праекту – фольк-медыя групы “Неруш”, і да гэтай падзеі будзе прымеркаваны святочны канцэрт, які пройдзе 6 мая ў Белдзяржфілармоніі. Чаму “фольк-медыя”? Слова “медыя” асацыюецца звычайна з радыё, тэлебачаннем. Але мы выкарыстоўваем яго ў значэнні “сярэдні” – мы шукаем нейкую сярэдзіну паміж стылямі, спрабуем спалучаць розныя музычныя накірункі – напрыклад, народны стыль з хіп-хопам і інш. Пры гэтым стараемся не адыходзіць ад першакрыніцы. Спяваючы народныя песні, захоўваем не толькі кожнае слоўца, але і дыялект той мясцовасці, дзе была запісаная песня. Такога кшатлту сплавы добра ўспрымаюцца моладдзю.

– У вас даволі багаты рэпертуар. А ці ёсць любімыя песні?

– Мы, пэўна, можам спяваць літаральна ўсё, ад фальклору да “папсы”. Але самае любімае – гэта, вядома ж, аўтэнтыка. Яна нам больш да сэрца і выклікае больш эмоцый: хутчэй мы заплачам пад народную баладу, а не пад песню “Шарманка”…

– Вядома, што гурт “Неруш” часта прадстаўляе беларускую культуру за мяжой …

– Геарафія нашых паездак – ад Японіі да Амерыкі. Дзе мы толькі не пабывалі, і шмат разоў: у Нарвегіі, Швецыі, Германіі, Францыі і г.д. І дарэчы, за мяжой фальклор успрымаюць як элітарнае мастацтва, а ў нас яно нібыта на задворках… Але жаліцца мы не будзем, а будзем працаваць, каб змяніць сітуацыю.

– Вы акрэслілі такую праблему, як нізкая запатрабаванасць сучасным слухачом народнай песняй. У чым яе корань і як гэты хіб выправіць?

– “Папса” запаланіла ўсё! У нашых клубах ставяць усё, што заўгодна, любую музыку, апроч беларускіх песень. Варта выходзіць да людзей, спяваць народныя песні. І не проста спяваць, а яшчэ і расказваць, што гэта за песні, у якіх выпадках спяваліся, які сэнс нясуць. Толькі так магчыма кагосьці зацікавіць гэтым мастацтвам. Насамрэч, усё залежыць ад нас, выканаўцаў: наколькі рупліва мы будзем працаваць, перадаваць людзям любоў да народнай песні. Зараз у нас у калектыве 40 удзельнікаў самых розных узростаў, ад 4 год да 40 , і яны сапраўды апантаныя гэтай справай.

– Ваш ансамбль называецца “Неруш” і вы сцвярджаеце, што імкнецеся не парушаць першапачатковай гармоніі народных спеваў. А як вы ставіцеся да такой з’явы, калі бяруць народную песню, аранжыруюць і апрацоўваюць да непазнавальнасці?

– Вельмі дрэнна стаўлюся. Такіх “аранжыроўшчыкаў” нельга на гарматны стрэл падпускаць да фальклору… Глінка казаў: “Музыку стварае народ, а мы толькі яе аранжыруем”. Вось мы і ідзём у народ, збіраем песні, апрацоўваем і аранжыруем іх, потым выконваем. Але галоўнае ў гэтай справе не нанесці ўрон, неабходна кіравацца прынцыпам “не навреди”. І я мяркую, што гурту “Неруш” гэта ўдаецца...

Сваімі думкамі падзяліліся таксама ўдзельнікі гурта, якія таксама прынялі ўдзел у майстар-класе: Дар’я Залеская, Алена Аруцюнян, Лідзія Бурына, Алег Гецук, Віктар Варонін, Наталля Сазановіч.

“Мы – не носьбіты традыцый, а толькі пераймальнікі,” – кажуць нашы суразмоўцы і дадаюць, што ў кожнага ўдзельніка гурта жыццё звязана з мастацтвам: нехта працуе ў сферы культуры, нехта атрымлівае адукацыю, нехта ўдзельнічае ў іншых творчых калектывах.

Удзельнікі гурта не толькі таленавіта выконваюць беларускія народныя песні, але і танчаць народныя танцы, паказваюць старажытныя абрады. Пры гэтым яны найчасцей апранаюцца ў народныя касцюмы – рэканструяваныя строі пэўных рэгіёнаў: Мотыльскі, Кобрынскі, Мастоўскі і інш. Прычым усе дэталі павінны быць аўтэнтычнымі, сапраўднымі: ад галаўнога ўбору да абутку. А вось да касцюмаў фабрычнай вытворчасці, стылізаваных, нашы суразмоўцы ставяцца адмоўна. “Трэба, каб нашы навукоўцы працавалі з фальклорнымі калектывамі, дапамагалі ім і заклікалі выходзіць на сцэну толькі ў сапраўдных, ручной работы строях пэўнага рэгіёну,” – перакананы госці з Мінска.

Удзельнікі гурта “Неруш” пацвярджаюць словы свайго мастацкага кіраўніка: ансамбль стараецца не змяняць нічога ў песні, якая была запісана падчас экспедыцыі, дакладна перадаючы не толькі словы, мелодыю, але і асаблівасці мясцовага дыялекту. Наконт апрацоўкі і аранжыроўкі фальклору мінчане выказваюцца так: “Магчыма, тыя аранжыроўкі будуць праз сто год лічыцца сапраўдным фальклорам… Зараз нават не ў кожнай вёсцы ёсць бабулькі, якія памятаюць старыя песні. Здараецца, нават 75 гадовыя бабулі гатовыя спяваць “папсу”, пачутую па тэлевізары”.

Як прызнаюцца ўдзельнікі ансамбля, адзіныя сапраўдныя носьбіты традыцый народнай творчасці засталіся толькі ў вёсках, але гэта зусім старыя людзі, у якіх неабходна найхутчэй пераймаць гэтыя веды. Таму ўдзельнікі гурта “Неруш” ездзяць у фальклорныя экспедыцыі ў розныя куточкі Беларусі. У рэпертуары ансамбля маюцца песні з розных рэгіёнаў краіны, у тым ліку Магілёўшчыны.Удзельнікі гурта зазначаюць, што манера выканання, распаўсюджаная ў Магілёўскай вобласці, у многім падобная да рускай.

Фотаздымкі ўзяты з сайта гурта “Неруш” www.nerush.bsu.by

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.