Вверх

Вы здесь

На Кругляншчыне ўборка ўраджаю пачынаецца святам “Зажынкі”

Па добрай традыцыі штогод уборка ўраджаю на Кругляншчыне пачынаецца відовішчным святам “Зажынкі”. І вось ужо ў каторы раз праводзіцца яно ў СВК “Комсенічы”.Гэта зусім невыпадкова. Сельгаспрадпрыемства штогод знаходзіцца ў ліку лідэраў раённага спаборніцтва па ўраджайнасці зерневых і зернебабовых культур, праводзіць уборку ў сціслыя тэрміны.

На гэты раз святочная дзея адбывалася на жытнёвым палетку ва ўрочышчы “Верацея”, што побач з шашою “Круглае – Магілёў”. На ўскрайку поля вы-страіліся зернеўборачныя камбайны, іншая сельскагаспадарчая тэхніка. Гэты “парад” пры-ехалі прымаць старшыня райвыканкама Анатоль Дуцько, яго першы намеснік Анатоль Шчуплянкоў, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валерый Ерковіч, кіраўнікі, галоўныя аграномы, эканамісты ўсіх гаспадарак Кругляншчыны.

Вядучыя свята распачалі яго вершаванымі радкамі, якія ўслаўляюць нашу зямлю-карміцельку і яго Вялікасць – Хлеб. Апранутыя ў нацыянальныя беларускія строі жанчыны з песнямі зрабілі пачын – нажалі сярпамі першы сноп жыта новага ўраджаю. Пад воплескі прысутных гэты сімвал галоўнага нашага багацця жнеі ўручылі гаспадару раёна – старшыні райвыканкама Анатолю Дуцько.

Здавалася, сама прырода нагадвала ў гэты дзень удзельнікам і галоўным дзеючым асобам свята – камбайнерам, што выстраіліся каля сваіх уборачных агрэгатаў, аб тым, што жніво – час гарачы. Слупок тэрмометра ўзняўся вышэй за трыццаціградусную адзнаку.

— Але спёка нас не палохае, — гаворыць адзін з лепшых майстроў уборкі ўраджаю Віталь Дугін. -- Камбайны абсталяваны кандыцыянерамі. А вось работа на жніве, як і кожны год, прадстаіць гарачая па сваёй напружанасці. Я і мае таварышы гатовы да яе, настроены на тое, каб наш СВК “Комсенічы” завяршыў уборку ўраджаю зерневых і зернебабовых у ліку першых у раёне.

Для тых, хто прыехаў на свята, для яго гаспадароў і гасцей над жытнёвым полем гучалі песні ў выкананні артыстаў раённага Дома культуры і Комсеніцкага СДК. Завяршыліся “Зажынкі-2011” уручэннем святочных караваяў. Дзяўчаты, апранутыя ў нацыянальныя касцюмы, прыпаднеслі іх кіраўнікам і, вядома ж – камбайнерам, якія зараз на пярэднім краі і ад якіх у значнай ступені залежыць лёс вырашчанага ўраджаю.

У добры шлях, жніво-2011. Важкіх намалотаў, важкага новага караваю вам, хлебаробы Кругляншчыны!

”Сельскае жыццё”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.