Вверх

Вы здесь

На Магілёўшчыне прайшоў агляд-конкурс самадзейнай мастацкай творчасці інвалідаў па зроку

З кастрычніка па снежань бягучага года на Магілёўшчыне праводзіўся абласны агляд-конкурс самадзейнай мастацкай творчасці інвалідаў па зроку. Яго заснавальнікам з'яўляецца Магілёўская абласная арганізацыя грамадскага аб’яднання “БелТІЗ”, а ў якасці арганізатараў выступілі ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама і Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

Агляд-конкурс сярод інвалідаў па зроку з’яўляецца традыцыйным і ладзіцца штогод. Яго асноўная мэта – шляхам развіцця мастацкай творчасці садзейнічаць сацыяльнай рэабілітацыі людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Правядзенне конкурсу дазваляе прыцягваць інвалідаў да заняткаў рознымі відамі творчасці, выяўляць сярод іх творча адораных, удасканальваць іх прафесійнае майстэрства, распаўсюджваць вопыт работы ў развіцці сацыякультурнай рэабіліятацыі і інтэграцыі інвалідаў, а таксама прыцягваць увагу грамадскасці да праблем людзей, якія маюць фізічныя асаблівасці.

Сёлета ў абласным аглядзе-конкурсе прымалі ўдзел інваліды па зроку ў двух группах – індывідуальныя выканаўцы і калектывы, па ўзроставых катэгорыях: дзіцячыя (да 14 год), маладзёжныя (з 14 да 25 год), дарослыя (ад 25 год і болей). Лепшых вызначала кампетэнтнае журы ў складзе спецыялістаў Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР.

Агляд-конкурс праводзіўся ў два этапы. У кастрычніку прайшлі занальныя адборачныя прагляды ў Магілёве і Бабруйску, на якіх былі прадстаўлены конкурсныя праграмы ад калектываў і індывідуальных выканаўцаў, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Пераможцы занальных адборачных праглядаў удзельнічалі ў заключным этапе агляду-конкурсу. Ён праходзіў у форме гала-канцэрта ў г. Бабруйску, на базе ПУП “Кантакт-Бабруйск” ГА “БелТІЗ” 6 снежня. Падчас канцэрту прагучалі вакальныя творы ў народнай, акадэмічнай, эстраднай манерах выканання.

Журы адзначыла, што сёлета абласны агляд-конкурс прайшоў на добрым арганізацыйным і творчым узроўні. Кожны з удзельнікаў імкнуўся паказаць на сцэне свой індывідуальны стыль, стварыць запамінальны вобраз. Дарэчы, было заўважна, што канкурсанты досыць упэўнена адчуваюць сябе на сцэне. Дарэчы, і рэпертуар парадаваў: былі ў праграме беларускамоўныя творы, песні айчынных аўтараў, нават аўтэнтычны фальклор.

Падчас гала-канцэрта былі абвешчаны і ўзнагароджаны пераможцы агляду-конкурсу. Дыпломам І ступені быў ўзнагароджаны народны фальклорны ансамбль “Квецень” ПУП “Кантакт-Бабруйск”, ІІ ступені – харавы калектыў “Гасцінец” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г. Магілёва, ІІІ ступені – вакальны ансамбль “Дубравушка” Глускага РДК.

У намінацыі “вакальна-харавое мастацтва” Дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені атрымалі адпаведна: дуэт Н.Варапай і В.Цупянкоў з г. Магілёва, ансамбль “Дубравушка”, салістка В.Шалаева з г. Чавусы (жанр “народныя спевы”); М.Абазовік з г. Бабруйска, В.Цупянкоў з г. Магілёва і В.Рыбак з г. Глуска (жанр “акадэмічныя спевы”); дуэт А.Бязроднін і М.Абазовік з г. Бабруйска, Д.Марціновіч з г. Бабруйска, А.Сцепанцоў з г. Быхава (жанр “эстрадныя спевы”). Пераможцамі ў жанры “харавыя спевы” сталі калектывы “Квецень” і “Гасцінец” (1-е і 2-е месцы адпаведна). У намінацыі “тэатральнае мастацтва” журы прысудзіла перамогу магіляўчаніну А.Бязрукаву, які зачытаў аўтарскі паэтычны твор “Праметэй”.

У сярэдняй узроставай групе (сярод моладзі) вызначаліся свае пераможцы. Дыплом І ступені ў жанры “эстрадныя спевы” атрымаў дзявочы квартэт Шклоўскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем зроку, а дыплом удзельніцы – З.Хізрыева з г. Бабруйска. У гэтай жа намінацыі журы прысудзіла прызавыя месцы ў малодшай узроставай групе: Дыплом І ступені атрымала юная асіпаўчанка А.Язвінская, ІІ ступені – П.Палтаран, ІІІ ступені – дуэт Н.Калакольчыкаў і Д.Захараў са Шклоўскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем зроку. Дарэчы кіраўнік эстраднай студыі гэтай установы адукацыі А.Б.Герасімовіч таксама быў удастоены дыплома агляду-конкурсу за асабісты ўклад у развіццё і станаўленне маладых талентаў. На агляд-конкурс удзельнікамі былі прадстаўлены вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Перамаглі ў дадзенай намінацыі В.Севярына, Ю.Чубікава і Ж.Працэнка (1-е, 2-е і 3-е месцы адпаведна).

Усе ўдзельнікі агляду-конкурсу былі атрымалі каштоўныя падарункі ад спонсара – адкрытага акцыянернага таварыства “Стужка”.

Пра грамадскую значнасць гэтага мерапрыемства і асаблівасці яго правядзення расказала старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “БелТІЗ” Наталля Васільеўна Панцялеева:

– Агляд-конкурс творчасці інвалідаў па зроку праводзіцца вельмі даўно – ці не столькі ж, колькі існуе грамадская арганізацыя “БелТІЗ” (таварыства было створана ў 1924 г. - Аўт.). Традыцыйна склаўся парадак правядзення конкурсу. Спачатку мы адбіраем лепшых выканаўцаў на раённым узроўні, потым – на абласным, а тады рыхтуем пераможцаў на рэспубліканскі этап. Пераможцы сёлетняга абласнога этапу агляду-конкурсу будуць прадстаўляць Магілёўшчыну на рэспубліканскім узроўні ў маі 2013 года. Таксама мы плануем адправіць лепшых з іх на фестываль Саюзнай дзяржавы творчасці інвалідаў “Разам мы зможам болей”, які пройдзе ў наступным годзе. І я лічу, што такія мерапрыемствы маюць вялікае значэнне, бо адна з нашых галоўных задач – выяўляць і падтрымліваць таленты сярод інвалідаў па зроку. Не трэба ставіць на такіх людзях кляймо і лічыць, што яны па-за творчасцю, па-за грамадствам. Самае галоўнае, што ў іх ёсць жаданне і здольнасць выступаць на сцэне, несці радасць сваім слухачам і атрымліваць асалоду ад творчасці. Спевы – гэта вялікі дар, а для людзей, пазбаўленых ці амаль пазбаўленых зроку, ён асабліва каштоўны…

Наталля Васільеўна зазначыла, што сёлета ўпершыню за апошнія гады ў аглядзе-конкурсе інвалідаў па зроку прынялі ўдзел дзеці. Гэта дазволіла адшукаць яскрывыя юныя таленты, сярод якіх – 12-гадовая Наста Язвінская, якая навучаецца ў дзіцячай школе мастацтваў №1 г. Асіповічы, навучэнцы Шклоўскай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем зроку Паліна Палтаран, Дзяніс Захараў і Мікіта Калакольчыкаў. “БелТІЗ” пастараецца дапамагчы гэтым і іншым таленавітым дзецям і маладым людзям знайсці свой шлях у жыцці. Напрыклад, удзельнікі грамадскага аб’яднання могуць падказаць ім, у якіх спецыялізаваных навучальных установах можна працягнуць мастацкую адукацыю. “На жаль, мы не ў стане аказаць сур’ёзную матэрыяльную падтрымку – гэтым у нас займаецца дзяржава, – падкрэслівае Наталля Васільеўна. – І ўсё ж такі, трэба разумець, што праца з інвалідамі – наша агульная справа. Мне прыемна, што гэта разумеюць мясцовыя ўлады ў раёнах Магілёўшчыны, якія дапамаглі нам пры арганізацыі агляду-конкурсу, прадаставіўшы транспарт. Таксама падтрымку заўжды аказвае Магілёўскі аблвыканкам. І я мяркую, мы разам робім вельмі добрую і патрэбную справу”.

Правядзенне падобных мерапрыемстваў неабходна не толькі яго ўдзельнікам – людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Гэта найвышэйшая патрэба кожнага чалавека і грамадства ў цэлым – памнажаць святло, дабрыню і прыгажосць…

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.