Вверх

Вы здесь

На Магілёўшчыне завяршаецца абласны тур фестывалю “Не старэюць душой ветэраны”

На Магілёўшчыне завяршаецца абласны тур ХI рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”. Яго арганізатары – абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы і абласны Савет прафсаюзаў.

У аглядзе-конкурсе ўдзельнічаюць аматарскія калектывы і індывідуальныя выканаўцы пенсійнага ўзросту клубных установаў вобласці, у тым ліку ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, Узброеных сіл і працы. У лютым ладзіліся конкурсныя прагляды на базе ўстаноў культуры Крычаўскага і Бабруйскага раёнаў, а таксама Дома культуры тэкстыльшчыкаў ААТ “Магатэкс”. У гэтым месцы журы падвядзе канчатковыя вынікі абласнога тура фестывалю.

Ацаніць жа ўсё багацце творчасці ветэранаў у розных намінацыях няпроста, паведамілі карэспандэнту сайта спецыялісты ўпраўлення культуры аблвыканкама. Разнастайнасцю адрозніваюцца жанры і стылі, у якіх прэзентуюць сваю творчасць канкурсанты. На сцэне выступалі акадэмічныя хары і хары з народнай манерай выканання, вакальныя ансамблі, салісты і майстры мастацкага слова. Таксама свае таленты дэманстравалі майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці: былі арганізаваны адмысловыя выставы, дзе экспанаваліся вырабы з дрэва, саломкі, лазы, бісера, вышыўка, вязанне і многае іншае. Творчыя візіткі прапанавалі ветэранскія аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах.

Пераможцы будуць прадстаўляць вобласць на заключных мерапрыемствах ХI рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў, якія пройдуць у маі гэтага года ў Мінску.

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.