Вверх

Вы здесь

А на самай справе: калі было галадней? Віктар АРЦЁМ’ЕЎ

Кандыдат гістарычных навук, выкладчык МДУ імя А. Куляшова А. Р. Агееў раза са студэнтамі правёў даследванне-анкетаванне людзей, якія перажылі Вялікаю Айчынную вайну. Сярод іншых пытанняў было і такое: “Калі было галадней?”. Адказы былі такія: у 41-44 гг. – 41%; ў 45-46 гг. – 39%. (Шклоўская газета “Ударны фронт” ад 3 снежня 2008 г.).

Такія адказы многіх здзівілі. Вучоны да гэтых лічбаў аднёсся скептычна і адзначыў, што голад быў большым менавіта ў першыя пасляваенныя гады.

Гэтае пытанне і мяне балюча закранула. Ёсць і ў мяне што сказаць, бо ў пачатку вайны мне было 14 гадоў. Сваімі вачамі бачыў вайну (выдаў дакументальны зборнік “Радзішанскі летапіс вайны”), перажыў разам з аднавяскоўцамі акупацыю і за паўгода да канца яе выгнанне ў бежанцы. Пасля вызвалення з фашысцкай няволі ў 1944-45 гг. Працаваў у калгасе “Пяцігодка ў чатыры гады” в. Радзішана Ардацкага сельскага савета, а з кастрычніка 1945 года пайшоў вучыцца ў магілёўскае культасветвучылішча. Так што зведаў усё на сабе і скажу што было як на сповядзі.

Не памятаю ўжо ці плацілі падаткі сяляне ў канцы 1941 і ў 1942 годзе. Ведаю, што немцы на фуражных фурманках вывозілі самі, але зрэдку і нямнога, бо наша вёска знаходзілася воддаль ад дагледжанных дарог. І патрызан не было блізка. Таму з харчам было лепей чым да вайны. Праўда, не раскашавалі, але ж голаду не было. Даводзілася, хаця і не часта, паспытаць чыстага ржанога хлеба.

У 1943 годе Шклоўская нямецкая камендатура аб’явіла сельскагаспадарчы падатак на кожны двор з пералікам вагі збожжавых культур і нават буракоў. І гэты падатак наурад ці перавышаў даваенны. Здаецца мне, што і не ўсе яго адвезлі цалкам. Больш таго, для нашай сям’і і яшчэ некалькіх сямей чырвонаармейцаў падатак быў значна зніжаны, бо аграном Арсе(э)н Цыкуноў (пры Ардацкай воласці была пасада агранома) склаў акты, згодна якіх частка палеткаў сельскагаспадарчых культур вымакала, частка пашкоджана ці знішчана засухай. Мне нават не запамяталася, каб я вазіў падатак у Шклоў. Таму хлеба і бульбы хапала. Сеялі па невялікай дзялянцы лёну і канаплі, а таму былі свае льновалакно і пянька, а яшчэ вельмі смачнае і пажыўное канаплянае масла і жмыха (цяпер бы іх паспытаць!)

Пагоршыла і да крытычнага з восені 1943 года, калі фронт стаў на Проні. Населеныя пункты ў басейне рэчкі Бася апынуліся ў прыфрантавой зоне. З некаторых вёсак акупанты выселілі частку людзей. А тыя, што засталіся (знаходзіліся ў лесе, ў схованках каля рэчкі і г. д.) зведалі паўгалоднае жыццё, бо ў дзень і зварыць страву было складана. Яшчэ горш было тым, хто аказаўся ў бежанцах. Праўда, Круглянская камендатура адзін раз вясной 1944 года дала бежанцам дазвол, каб з’ездзіць ў Радзішына і прывезці захаванае ў ямах збожжа (немцы адчувалі, што іх чакае адплата і меньш здзекваліся).

Акупанты-фуражыры час ад часу забіралі кароў, свіней, авечак, курэй, радзей збожжа, бо яно было захавана ў ямах на полі ці пад павецямі. А вось ад партызан схаваць было цяжка. Яны забіралі жыўнасць, якую не паспелі вывезці немцы, цёплае адзенне, збожжа, апошняе сала (свіней ужо не было), печаны хлеб і г. д. Спачатку рэквізіцыя была з гаспадарак стараст і сямей паліцаяў, потым з сямей, у якіх пражывалі працаздольныя мужчыны, а пазней і ў жанчын з дзецьмі, чый бацька ваяваў ў Чырвонай Арміі. Некаторыя партызаны былі з сем’ямі і ім таксама трэба было харчавацца. Такі час быў. А яшчэ горш, калі ўрывалася ў вёску каманда марадзёраў. Гэтыя адмарозкі адразу ж шукалі самагонку і напіваліся, а потым “гаспадарылі” – забіралі ўсё, што ім глянецца. Партызаны ў Горацкіх лясах некалькі разоў расстрэльвалі такіх марадзёраў, з былых паліцэйскіх. Але ж каманды марадзёраў засылала ў прыфрантавую паласу гестапа, каб скампраментаваць партызан у вачах насельніцтва. Гестапаўскія мярзотнікі пад выглядам партызан забівалі мужчын, насільнічалі жанчын, рабавалі ўсё падрад, пакідаючы сем’і з дзецьмі на жабрацтва. Ў Радзішане аднае ночы марадзёры з аўтамата забілі ў дзьвух сем’ях мужчын і трох бежанцаў з вёскі Паршын Горацкага раёна.

У прыфрантавой паласе і ў бежанцах сяляне харчаваліся ў асноўным бульбай. За шчасце лічылася мець на абед хаця б некалькі крупінак солі. Найчасцей ужывалася печаная бульба. З жыўнасці засталіся некранутымі толькі каты. Сабак днём (зрэдку, каб павесяліцца) адстрэльвалі немцы і паліцаі, а ноччу, падрад усіх, партызаны, каб не выдавалі іх сваім брэхам.

З вяртаннем савецкай улады, як толькі прагналі акупантаў, ў поўнай меры пачаў выконвацца сельгаспадатак. Заклік “Усё - для фронта!” – гэта не толькі

Гучныя словы. Ён выконваўся хутка і дакладна. Калгаснікам выдавалі на працадні толькі пасля таго, калі будзе да апошняга кілаграма здадзена нарыхтоўка і ў калгасны свіран засыпана адборнае насенне для будучага ўраджаю. А заставалася збожжа нямнога. Таму жыць было галадней чым у 1941-1943 гадах. Поўных людзей у вёсках не было, ніводнага. Калі я прыйшоў на прызыўны пункт у Шклоўскі ваенкамат восенню 1944 года, то рост мой быў 156 сантыметраў, а вага 40 кілаграмаў (і гэта ў 17 гадоў). Такіх з нашай невялікай вёскі аказалася трое. Праз год без змен, хіба што рост на 3 сантыметры прыбавіўся. Урач з медкамісіі спытаў, чым я харчуюся. “-Бульбай-”, адказаў я. Ён параіў мне з’ядаць за абедам на дзьве бульбіны больш.

-  А дзе іх мне ўзяць? – адказаў я яму.

Пад час вучобы давалі прадуктовыя карткі. Норма на дзень 500 грамаў. Сёння скажуць, што гэта дастаткова. Так, сёння хапае, можа, і застаецца яшчэ. А вось пры нішчымніцы ў 1945-1946 гадоў ды і ў наступным галодным, а яшчэ калі малады арганізм расце, зусім мала. Кожны дзень жыў адчуваннемЮ што хочацца есці. Не было ніводнага дня, каб быў сытым. Сёння маладыя людзі мараць, каб мець камп’ютар, мерседэс, кватэру шыкоўную і г. д., а мая мара ў маладосці была адна: пад’есці ўдосталь хлеба, звычайнага чорнага хлеба, думалася, што тады буду я шчаслівы…

І толькі пасля адмены картачнай сістэмы, калі на прылаўках прадуктовых крам паўсюдна ляжаў у свабодным продажу хлеб, праз некалькі месяцаў, а калі па праўдзе, толькі праз год ці два, я адчуў, што ўдосталь адведаў хлеба. Я добра разумею селяніна, які за абедам кожную крошачку сабярэ са стала. І не магу раўнадушна назіраць, калі на сметнік гаражане (на сяле і сёння такое не зробяць) выкідваюць паўбуханкі хлеба ці крыху зачарствелы батон.

На асноае прыведзеных прыкладаў і фактаў адназначна сцвярджаю, што і ў 1944 годзе пры немцах і ў 1945-1946 гадах пры савецкай уладзе было галадней, чымсці ў 1941-1943 гадах.

Дадам яшчэ, што ў пасляваенныя гады і пазней было грошай ў каго болей, у каго меньш, але купіць у дастатку прадуктаў і прамтавараў было цяжка, быў іх дэфіцыт. І калі галаднавата, то жылі, можа, не усе, то большасць. А сёння ўдосталь усяго ў продажы, а грошай у большасці людзей няхватка. Вельмі непакоіць

Тэндэнцыя размежавання на багатых і бедных. У крамах усё ёсць, а колькасць людзей, якія жывуць галаднавата ўзрастае. У гарадах паўсюдна вядзецца еўрарамонт і выкідваюцца ўпаўне прыгодныя прадметы ўжытку, наводзіцца шык і блеск. Можа, не трэба так спяшацца. Лічу што не трэба забываць сялянскую ашчаднасць мінулага часу. Дзеля карысці ўсім нам варта памятаць радкі паэта-класіка:

Жні, нашчадак, жні,

Касой касі, Толькі здуру не тапчы нагамі.

14.12.2008 г.   Віктар Арцем’еў

Адрас: 212009, г. Магілёў вул. Лазарэнкі, д. 48, кв. 35. Тэл.: 31-29-45

Арцем’еў Віктар Іванавіч, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, ветэран працы.

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.