Вверх

Вы здесь

Начальнiк галоўнага ўпраўлення па iдэалагiчнай рабоце, культуры i справах моладзi Магiлёўскага аблвыканкама Анатоль Сiнкавец

9 снежня Магiлёў афiцыйна перадае званне культурнай сталiцы СНД кiргiзскаму гораду Ош i казахскаму Алматы. А эстафету культурнай сталiцы Беларусi прымае на гэты раз старадаўняе Гродна. З гэтай нагоды ў Магiлёве пройдуць ўрачыстыя мерапрыемствы, адкрыецца выстава-прэзентацыя «Магiлёў — культурныя традыцыi: ад мiнулага да сучаснаcцi», адбудзецца вялiкi гала-канцэрт. У гонар таго, што горад на працягу года быў цэнтрам культурнага жыцця, на плошчы каля гарвыканкама з’явiцца адмысловы памятны знак. Пра тое, што з запланаванага ўдалося здзейснiць, а што засталося «за кадрам», наша гаворка з начальнiкам галоўнага ўпраўлення па iдэалагiчнай рабоце, культуры i справах моладзi Магiлёўскага аблвыканкама Анатолем Сiнкаўцом.

— Анатоль Анатольевiч, наколькi адказна было Магiлёву адпавядаць адначасова статусу культурнай сталiцы Беларусi i краiн СНД?

— Магiлёў — другi горад у Беларусi пасля Гомеля, якi атрымаў такi высокi статус. Улiчвалася яго гiсторыя, традыцыi, побыт. А канцэрты i культурныя падзеi — гэта прыгожы дадатак да таго, чым багаты наш горад. Званне «культурная сталiца» — гэта нешта накшталт брэнда. Вы бачылi, колькi сёлета было гасцей фестывалю «Залаты шлягер»? Яны ехалi ў Магiлёў менавiта як у культурную сталiцу. Для нас было вельмi ганарова несцi такi высокi статус. Памятны знак, якi зрабiў вядомы магiлёўскi скульптар Андрэй Вараб’ёў, стане сiмвалам гэтай значнай падзеi ў жыццi Магiлёва.

— Год быў вельмi багаты на розныя культурныя падзеi. Якую падтрымку ў гэтым аказала Саюзная дзяржава?

— Саюзная дзяржава, за што ёй вялiкi дзякуй, дапамагла ў шматлiкiх праектах. Сёлета мы пашырылi межы мiжнароднага пленэру па жывапiсе «Вобраз Радзiмы ў выяўленчым мастацтве». Упершыню адбыўся абмен юнымi мастакамi: спачатку да нас прыехалi 15 хлопчыкаў i дзяўчат з Расii, а потым нашы дзецi працавалi ў музеi-запаведнiку iмя Паленава ў Тульскай вобласцi. I гэта толькi адзiн прыклад. Разам з калегамi са Смаленска мы аднавiлi сцэнiчныя i бытавыя касцюмы. Цяпер мы адзiныя ў рэспублiцы маем касцюмы ўсiх рэгiёнаў вобласцi i Магiлёва. У iх арнаментах зашыфраваная найкаштоўнейшая iнфармацыя, па якой нашы продкi вызначалi, адкуль прыехаў чалавек.

— Чула, што менавiта статус культурнай сталiцы падштурхнуў да iдэi стварэння пры абласным мастацкiм музеi iмя Паўла Масленiкава майстэрнi для моладзi.

— Так. I як сведчаць вынiкi анкетавання гараджан, гэтая майстэрня вельмi запатрабавана. Творчая лабараторыя па жывапiсе запрацуе ўжо са студзеня. Яна размесцiцца ў майстэрнi Паўла Васiльевiча Масленiкава, дзе знаходзяцца яго рэчы, у тым лiку мальберт i фарбы. А галоўнае, тут захавалася энергетыка вялiкага майстра, яго аўра. Усё гэта, я ўпэўнены, будзе падымаць творчы дух нашых юных мастакоў. Вядомыя майстры будуць даваць для iх майстар-класы. Ужо ёсць дамоўленасць з народным мастаком Расii Юрыем Кугачам, выстава якога запланавана на 14 студзеня. Статус «культурная сталiца» падштурхнуў нас да iдэi стварыць i iншыя творчыя лабараторыi: харэографаў i музычных дзеячаў.

— Як рэалiзуецца праект па падтрымцы маладых талентаў Магiлёўшчыны?

— Вялiкую папулярнасць мае рэспублiканскi праект «Акадэмiя талентаў». Падобны да яго працуе ў нас пры прадзюсарскiм цэнтры абласной фiлармонii. Кiраўнiк аркестра народных iнструментаў Мiкалай Алданаў выязджае ў раёны i адбiрае таленавiтых дзяцей. Калi яны выступаюць разам з аркестрам, адчуваеш, якi гэта пазiтыўны рух уперад.

— Сёлета магiлёўскi тэатр лялек атрымаў Гран-пры мiжнароднага фестывалю «М@рт.кантакт»…

— Спектакль «Гамлет», якi паставiў наш тэатр ляляк, не толькi ўсхваляваў тое мiжнароднае журы, якое ўручыла яму Гран-пры тэатральнага фестывалю, але ўскалыхнуў i далёкае замежжа. Мы атрымалi запрашэнне нават з Вялiкабрытанii. Не так даўно тэатр вярнуўся з Польшчы, дзе атрымаў высокую ацэнку гэтай пастаноўкi, трупу запрашаюць усе вобласцi краiны. Малады галоўны рэжысёр тэатра Iгар Казакоў вельмi таленавiты, у яго шмат цiкавых iдэй. Дарэчы, гэты тэатр адзiны ў вобласцi, дзе ёсць пакой для малых дзяцей, якiя знаходзяцца там, пакуль iх бацькi глядзяць пастаноўку. Яны становяцца ўдзельнiкамi тэатральнай гульнi, з iмi працуюць акцёры. I бiлеты туды раскупляюцца ў адно iмгненне.

— А моладзевы рух «Ленiнская-online», якi iнiцыюе правядзенне ў Магiлёве розных цiкавых мерапрыемстваў, вы неяк падтрымлiваеце?

— Мы сёння ўзялi пад сваё крыло ўсе фармальныя i нефармальныя аб’яднаннi. Быў час, калi моладзь захаплялася брэйк-дансам i збiралася на нейкiх выпадковых пляцоўках. Мы правялi адкрыты дыялог з прадстаўнiкамi гэтага руху. Цяпер усё легалiзавана. Мы гатовы iсцi насустрач.

— А што не атрымалася зрабiць за гэты год?

— Не атрымалася зрабiць вялiкую канцэртную залу. З гэтай прапановай да нас звярнулiся жыхары Магiлёва. Мы разлiчвалi на фiнансавую падтрымку, але пакуль пытанне застаецца адкрытым. Тым не менш мясцовае кiраўнiцтва таксама зацiкаўлена ў гэтым. Разам з тым, нам не хапае вялiкай сцэны i для канцэртаў «Залатога шлягера». Сёння над гэтай iдэяй працуюць архiтэктары горада.

Магiлёўцы вельмi ўдзячныя за тое, што ў горадзе з’явiўся фiлiял Нацыянальнага акадэмiчнага тэатра оперы i балета, што яны маюць магчымасць дакрануцца да вялiкага мастацтва.

— На жаль, Магiлёў не можа пахвалiцца i тым, што мае шмат помнiкаў…

— Мы ўжо не першы год працуем над тым, каб увекавечыць памяць герояў магiлёўскай абароны палкоўнiка Сямёна Куцепава i генерала Мiхаiла Раманава, а таксама пiсьменнiка Канстанцiна Сiманава. Стварэнне мемарыяльнага ансамбля на Буйнiцкiм поле было запланавана яшчэ ў 2009 годзе. Iдэя належыць ветэранам Магiлёва, якiя пажадалi, каб подзвiг герояў 172 ой стралковай дывiзii, якая ў 1941 годзе першая прыняла ўдар нямецкiх танкаў на сябе, быў ушанаваны. Гэты праект ацэньваўся ў 2 мiльярды рублёў. Ажыццявiць задуманае планавалася за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы. Iдэю нават падтрымаў кiраўнiк фракцыi Дзяржаўнай Думы Федэральнага сходу Расii Генадзь Зюганаў, аб чым абвясцiў Пастаянны камiтэт Саюзнай дзяржавы. Магiлёўскiя ветэраны атрымалi абнадзейлiвае пiсьмо, дзе растлумачваўся парадак арганiзацыi фiнансавання. Але праз некалькi гадоў у фiнансаваннi гэтага помнiка адмовiлi. Гэтае пытанне падымалася неаднойчы, але пакуль што засталося нявырашаным. Усё ўпiраецца ў грошы. Калi б не гэта, то мы з задавальненнем увекавечылi б не толькi герояў вайны, але i iншых нашых дзеячаў. Напрыклад, таго ж Дэмбавецкага. Гэты губернатар шмат што зрабiў для нашай вобласцi. Але сёння помнiк каштуе вялiкiх грошай. Калi грамадства прыме ўдзел у зборы сродкаў, то гэтую задачу будзе лягчэй выканаць.

— У вобласцi даўно праводзiцца даволi рэдкi фестываль па керамiцы «Арт-Жыжаль». На яго прыязджаюць удзельнiкi нават з далёкага замежжа. Гаворка аб стварэннi музея керамiкi ў Бабруйску вядзецца ўжо не першы год. Але ён да сённяшняга дня так i не быў створаны.

— Сам калiсьцi стаяў каля вытокаў адкрыцця названага фестывалю, таму для мяне гэта справа прынцыпу. Калекцыя работ «Арт-Жыжаля» вельмi багатая. Сёння нiводная краiна ў свеце не можа гэтым пахвалiцца. Самае галоўнае дасягненне фестывалю ў тым, што ён аднавiў забытыя традыцыi нашых продкаў i перадае iх маладому пакаленню. Сёння вядуцца перамовы з мэрам Бабруйска аб тым, каб пад музей быў аддадзены адзiн з бастыёнаў Бабруйскай крэпасцi. У наступным годзе пачнецца распрацоўка дакументацыi для адкрыцця гэтага музея. Гэтае пытанне абавязкова будзе вырашацца. Мы павiнны захаваць каштоўную спадчыну для нашчадкаў.

Нэлi ЗIГУЛЯ, газета "Звязда"

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.