Вверх

Вы здесь

Народныя традыцыі Магілёўшчыны былі прэзентаваны на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Курску

З традыцыйнай культурай Магілёўшчыны пазнаёміліся ўдзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі па захаванню і развіццю традыцыйнай культуры “Вытокі”, што праходзіла ў Курску і Курскай вобласці 6-7 снежня. Яе арганізатарамі сталі Камітэт па культуры Курскай вобласці і Курскі абласны Дом народнай творчасці.

Канферэнцыя праходзіла ў рамках абласной мэтавай праграмы “Аб рэалізацыі на тэрыторыі Курскай вобласці дзяржаўнай палітыкі Расійскай Федэрацыі ў адносінах да суайчыннікаў, што пражываюць за мяжой, на 2011-2013 гады”. Сярод мэтаў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі – вывучэнне, захаванне і прапаганда расійскай культурнай спадчыны і папулярызацыя славянскай этнічнасці сярод суайчыннікаў, што жывуць за мяжой.

У рамках канферэнцыі праходзілі пленарныя і секцыйныя пасяджэнні па фальклору і традыцыйным рамёствам, падчас якіх удзельнікі зачыталі свае даклады. Абмяркоўваліся розныя аспекты па пытаннях вывучэння, захавання і развіцця традыцыйнай культурнай спадчыны славянскіх народнасцяў.

Дарэчы, гэтае мерапрыемства працягвае традыцыю правядзення спецыялізаваных міжрэгіянальных навукова-практычных канферэнцый, што ладзяцца з 2006 г. Курскім абласным Домам народнай творчасці сумесна з аддзелам культуры Суджанскага раёна і Суджанскім тэхнікумам мастацтваў. Сёлета геаграфія канферэнцыі значна пашырылася: ў ёй прынялі ўдзел спецыялісты ў галіне этнаграфіі з рэгіёнаў Расіі, Украіны, Беларусі, а таксама Літвы і Галандыі. Сярод іх былі прадстаўнікі трох абласцей нашай краіны: Гомельскай, Гродзенскай, Магілёўскай.

Магілёўшчыну на канферэнцыі прадстаўляла Алена Васільеўна Рулёва, начальнік аддзела традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Яна падзялілася сваімі ўражаннямі аб гэтым мерапрыемстве:

“Праграма Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі ў Курску была вельмі насычанай і дазволіла атрымаць досыць поўнае ўяўленне аб народнай культуры Куршчыны, а таксама рэгіёнаў Расіі, Украіны і Беларусі, прадстаўленых на гэтым форуме.

Я выступіла з дакладам “Творчы праект як рэсурс развіцця культурнай прасторы рэгіёнаў Магілёўскай вобласці”. Ён быў прысвечаны праектнай дзейнасці Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра па вывучэнню і развіццю гісторыка-культурнай спадчыны, традыцыйных рамёстваў і промыслаў. Расказала аб арганізацыі на базе нашага Цэнтра круглагадовай творчай студыі “Чароўны куфар”, таксама аб правядзенні ў п. Глуша Бабруйскага раёна семінара-практыкума самадзейных майстроў па кераміцы “Глушанскі хутарок”, асвяціла работу Цэнтра па наданню аб’ектам статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці – гэта традыцыі, звычаі, абрады, рамесныя тэхналогіі, фальклорная спадчына рэгіёна. Таксама выступалі з дакладамі іншыя прадстаўнікі Беларусі. Спецыяліст Гомельскага абласнога метадычнага цэнтра народнай твочрасці Ірына Валер’еўна Глушэц расказала аб экспедыцыйнай дзейнасці ансамбля “Талака” пад яе кіраўніцтвам, а дырэктар Свіслацкага раённага Дома рамёстваў Наталля Іванаўна Пучкіна расказала аб дзейнасці па вывучэнню і папулярызацыі традыцыйных рамёстваў. Мяне зацікавіла выступленне Уладзіміра Міхайлавіча Харытонава – старшыні Асацыяцыі грамадскіх арганізай Літвы “Рускі Дом” г. Вільнюса – ён расказаў аб працы сваёй арганізацыі ў напрамку культуры, мастацтва і асветы. Таксама пра дзейнасць сваіх устаноў па развіццю традыцыйнай культуры расказалі спецыялісты ўстаноў культуры з Украіны – гарадоў Сумы, Чарнігава, Данецка, Харкава, Палтавы і інш.

Спецыялісты ўстаноў культуры і адукацыі, кіраўнікі фальклорных ансамбляў Курскай вобласці ў сваіх шматлікіх выступленнях пазнаёмілі з традыцыямі, абрадамі, песнямі, гульнямі, традыцыйнымі промысламі і рамёствамі, народным касцюмам Курскага краю. Мяне, як і іншых удзельнікаў канферэнцыі, шчыра ўразіла знаёмства з народнай творчасцю Куршчыны. Незабыўнымі і яскравымі былі выступленні мясцовых калектываў: дзіцячага фальклорнага ансамбля “Тимоша” Курскага музычнага каледжа імя Г.В.Свірыдава, фальклорнага ансамбля “Ларец” і вакальнага ансамбля “Шестое чувство” Курскага абласнога Дома народнай твочрасці. Вельмі спадабалася выступленне казацкага калектыву “Русь” выкладчыкаў і навучэнцаў Суджанскага тэхнікума мастацтваў, які мы наведвалі падчас знаходжання на Куршчыне. Сапраўдным сюрпрызам было выступленне фальклорнага калектыву “Заранка” з галандскага горада Вахенінгем. Уявіце сабе, яго ўдзельнікі, этнічныя галандцы, спяваюць… рускія песні! І як цудоўна спяваюць! Ансамбль узначальвае ураджэнка Расіі Ірына Васільеўна Распопава, дырэктар Галандскага Фонда па захаванню і прапагандзе рускай традыцыйнай культуры. Запомнілася наведванне выставачнай залы Курскага абласнога дома народнай творчасці “Курскія рамёствы і промыслы”, дзе прадстаўлены цудоўныя вырабы мясцовых майстроў, а таксама музея “Ручнікі салаўінага краю” – у яго экспазіцыі мы заўважылі і нашы беларускія ручнікі.

Я атрымала шмат карыснай інфармацыі, каштоўнага арганізатарскага досведу і яскравых уражанняў. А таксама гэтае мерапрыемства дазволіла завязаць цікавыя знаёмствы, абмяняцца кантактамі з калегамі з далёкага і блізкага замежа. Яны займаюцца, па-сутнасці, той жа самай працай, што і мы – вывучэннем, зававаннем і прымнажэннем народнай спадчыны. Таму мы абавязкова будзем узаемадзейнічаць, будаваць і ўмацоўваць міжнародныя культурныя сувязі. Арганізатары і ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі таксама выказалі спадзяванне, што правядзенне падобных форумаў стане асновай для развіцця міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. Яны заклікалі спецыялістаў з розных краін кансалідаваць работу па папулярызацыі традыцыйнай народнай культуры, засноўваючыяся на прынцыпах талерантнасці, нацыянальнай самапавагі і згоды паміж нацыямі і народнасцямі”.

Вольга СЕМЧАНКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.