Вверх

Вы здесь

Поздравление с Рождеством

Дарагія мае!

Сённяшні дзень, калі мы ўзгадваем таямніцу Бога, які дзеля нашага збаўлення прыйшоў на свет як маленькі чалавек, — вельмі добры дзень, каб чарговы раз сказаць Яму «так». Так, я хачу прыняць Цябе ў сваё жыццё. Так, я хачу фарміраваць разам з Табой сваё жыццё. Будзь маім настаўнікам, будзь маім правадніком.

Хаця Езус з’яўляецца нашым Богам і нашым Панам, Ён прыходзіць як дзіця. І як дзіця змяняе жыццё сям’і, так і Ён, нябачна, змяняе жыццё чалавека, робіць яго падобным на сваё жыццё, дорыць радасць і супакой.

Бог прыходзіць як слабое і малое дзіця, адзінае Ягонае багацце — любоў і пакора. Езус ў сваёй чалавечай прыродзе цалкам накіраваны на Бога. Ён жыве для таго, каб прывесці кожнага чалавека да Айца. Ён выйшаў ад Айца, каб вярнуцца да Яго і ўзяць да Бога кожнага з нас.

Пакланяючыся малому Езусу як пастушкі, мы кажам яму: «Веру, Пане». «Так, Пане! Я веру, што Ты — Месія, Сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет» (Ян 11, 27). «Да каго мы пойдзем? У Цябе словы вечнага жыцця. А мы паверылі і пазналі, што Ты — святы Божы» (Ян 6, 68-69).

Пане, у гэты дзень, калі мы ўзгадваем тую хвіліну, калі Ты як чалавек з’явіўся на свет у бэтлеемскай стайні, мы адчыняем для Цябе — у чарговы раз — дзверы нашых сэрцаў. Увайдзі ў наша жыццё. Мы хочам крочыць па жыцці разам з Табой. Вядзі нас.

Пане, памнож нашу веру, надзею і любоў.

Няхай гэты заклік веры, надзеі і любові будзе больш бачным у гэта Божае Нараджэнне.

Няхай гэты заклік ніколі не застаецца за зачыненымі дзвярыма нашых сэрцаў. Бо Бэтлеемская Ноч ніколі не сканчваецца. Яна працягваецца там, дзе нараджаецца вера, надзея і любоў, нават самая маленькая, крохкая и нечаканая.

Няхай гэта радаснае свята Божага Нара-джэння для кожнага з нас стане часам змянення нашых сэрцаў, часам роста веры, надзеі і любові.

У Новым 2013 годзе Панскім няхай Пан зверне да нас свой светлы твар, дасць нам супакой, багацце ласкаў і блаславенняў.

Са святарскім блаславеннем кс. Раман Факсінскі, пробашч парафіі Унебаўзяцця НПМ і дзекан магілёўскі.

Божае Нараджэнне 2012 г.

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.