Вверх

Вы здесь

Пяць прадстаўніц Магілёўшыны сталі членамі Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці

26 студзеня адбылося пасяджэнне камісіі Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці пад кіраўніцтвам старшыні Я.М.Сахуты, дзе разглядаліся вырабы претэндэнтаў на ўступленне ў члены Саюза. Магілёўскую вобласць прадстаўлялі пяць майстроў па традыцыйных відах рамёстваў, а дакладней – майстрыц: Соф’я Меснік (аплікацыя саломкай) і Ірына Куратава (карункавязанне) – Глускі раён, Вольга Наўдзюнас (вышыўка) – Асіповічы, Людміла Нялюбіна (выцінанка) – Бабруйск і Вольга Белаконь (роспіс па шкле) – Магілёў.

Гэтай падзеі папярэднічала вялікая, старанная праца. На выставе-кірмашы народных рамёстваў “Вясновы букет”, што адбылася ў 2014 годзе, майстрыцы прадэманстравалі свае работы, і Я.М.Сахута, прагледзеўшы іх, параіў рыхтаваць дакументы на ўступленне у Беларускі Саюз майстроў. Канешне, каб прадставіць свае работы камісіі, нашы майстры прыклалі сур’ёзныя намаганні. На працягу года яны прымалі ўдзел у шматлікіх выставах і фестывалях, пагляблялі свай прафесійны досвед на семінарах-практыкумах, якія праходзілі на базе Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы, а ў снежні 2014 года свае работы прадставілі на рэспубліканскую выставу “Калядныя ўзоры”.

Вышытыя жаночыя сарочкі Вольгі Наўдзюнас, дываны з аплікацыяй саломкай Соф’і Меснік, карункавыя сурвэткі і накідкі Ірыны Куратавай, роспіс па шкле Вольгі Белаконь і выцінанка Людмілы Нялюбінай атрымалі высокую адзнаку і станоўчыя водгукі камісіі, і аднагалосна нашы майстры папоўнілі спіс Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці.

Шчыра віншуем!

Алена Цішкевіч,

вядучы метадыст УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.