Вверх

Вы здесь

Рэгіянальны фестываль песні “Залатая мелодыя” прайшоў на Бялыніччыне

Гэты фестываль нарадзіўся на Бялыніччыне, а яго заснавальнікам стаў Валянцін Іванавіч Скугараў, які на той момант займаў пасаду дырэктара раённага Цэнтра культуры. Мэта фестывалю – прапаганда лепшых эстрадных твораў, створанных у 50-80-ыя гады савецкімі і замежнымі кампазітарамі і паэтамі, выхаванне моладзі на лепшых традыцыях песеннай культуры мінулых гадоў, адкрыццё новых талентаў, павышэнне ўзроўню выканаўчага майстэрства, абмен вопытам паміж самадзейнымі эстраднымі выканаўцамі і калектывамі.

Першы фестываль адбыўся ў 2005 годзе. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Бярэзінскага, Клічаўскага, Круглянскага, Бялыніцкага раёнаў Мінскай і Магілёўскай абласцей. Фестываль праходзіў у 2007, 2009, 2010 гадах, а да ўдзелу ў ім далучыліся яшчэ Талочынскі і Крупскі раёны Віцебскай і Мінскай абласцей.

Сёлета традыцыйны фестываль ладзіўся ў сакавіку-красавіку. У фестывалі прынялі ўдзел лепшыя эстрадныя выканаўцы Клічаўскага, Крупскага, Бялыніцкага, Талочынскага раёнаў. У кожным раёне адбываліся канцэрты, на якіх працавала журы ў складзе прадстаўнікоў усіх раёнаў. Па выніках выступленняў вызначаліся пераможцы.

Удзельнікі фестывалю на гэты раз парадавалі шматлікіх гледачоў шлягерамі Юрыя Антонава, Васілія Раінчыка, Аляксандры Пахмутавай, Арно Бабаджаняна, Вячаслава Дабрыніна, Оскара Фельцмана і іншых вядомых кампазітараў.

Завяршыўся фестываль 20 красавіка гала-канцэртам ў Бялынічах. Зала раённага Цэнтра культуры была перапоўнена аматарамі мелодый мінулых гадоў, якія не шкадавалі апладысментаў для кожнага ўдзельніка канцэртнай праграмы, а таксама дружна падпявалі добра вядомыя песні.

На свята песні завіталі і удзельнікі Міжнароднага форуму, прысвечанага традыцыйнай культуры, які ў гэтыя дні праходзіў на Магілёўшчыне – госці з Азербайджана, Арменіі, Расіі. У ліку гледачоў гала-канцэрта былі і госці з раёнаў, якія прымалі удзел у фестывалі.

Прыемным момантам апошняга дня фестывалю “Залатая мелодыя” стала ўручэнне ўзнагарод пераможцам.

Гран-пры фестывалю ў намінацыі “Салісты” атрымала Кацярына Шафранская, салістка Коханаўскага гарпасялковага Дома культуры Талочынскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы. Гран-пры ў намінацыі “Ансамблі” атрымаў вакальный ансамбль “Нюанс” Бялыніцкай дзіцячай школа мастацтваў.

Першае месца ў намінацыі “Салісты” занялі Ала Жызнеўская, салістка Крупскага сельскага Дома культуры Крупскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы і Андрэй Гаварушка, саліст Клічаўскага раённага Дома культуры. Другое месца дасталася Алене Кандрашонак, салістцы Вішоўскага цэнтра культуры і вольнага часу Бялыніцкай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, а трэцяе – Алене Сітнік, салістцы Коханаўскага гарпасялковага Дома культуры Талочынскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

У намінацыі “Ансамблі” першае месца атрымалі вакальныя ансамблі “Мелодыя” Клічаўскага раённага Дома культуры і “Александрына” дзяржаўнай установы пазашкольнага выхавання і навучання ў галіне культуры “Коханаўская дзіцячая школа мастацтваў” Талочынскага раёна. Другое месца ў гэтай намінацыі заваявала вакальнае трыа “Настрой”, Ленокскага сельскага сельскага Дома культуры Крупскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы.

Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі фестывалю, кубкамі і грашовымі прэміямі.

Спецыяльныя дыпломы “За высокую культуру выканання”, “За актыўную работу па прапагандзе песні і выканаўчае майстэрства”, “За стварэнне і ўвасабленне сцэнічнага вобразу” атрымалі адпаведна салістка Клічаўскага РДК Вольга Мацюшонак, саліст Бялыніцкага РДК Юрый Дзеравяшкін, саліст Крупскага РЦК Юрый Еўсявецкі.

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.