Вверх

Вы здесь

Саламяная казка на Каляды ад народнага майстра Наталлі Дамянікавай

Падобная на яскравае сонечнае праменне, яна ўвабрала ў сябе водар і цеплыню лета… Гэта – звычайная саломка з беларускіх ніў, якая ў руках майстра ператвараецца ў сапраўднае золата. Казачнае багацце вырабаў з гэтага матэрыялу можна пабачыць на персанальнай выставе народнага майстра Наталлі Вітольдаўны Дамянікавай. Выстава, прысвечаная 20-годдзю творчай дзейнасці майстра, адкрылася 23 снежня ў канферэнц-зале Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

Якіх толькі цудаў тут няма! Саламяныя птушкі і звяры, посуд, кампазіцыі з саламяных кветак, галаўныя ўборы, абярэгі. Саламяныя лялькі розных памераў, многія дасягаюць у вышыню метра і болей. Сярод іх асабліва прывабліваюць увагу саламяныя прыгажуні, створаныя ў рамках творчага праекта майстра “З любоўю да роднай зямлі”. Кожная сімвалізуе пэўную паравіну года і звязаныя з ёй святы і абрады беларусаў: “Гуканне Вясны”, “Купалле”, “Дажынкі”, “Завея”. Ёсць месца і святочнаму настрою – пра яго нагадваюць вытанчаныя елачныя цацкі з саломкі, цудоўныя калядныя кампазіцыі. Яшчэ адзін “цвік праграмы” – вялізны саламяны конь вышынёй амаль у паўтара метра. Дзе-нідзе “сонечны” матэрыял гарманічна спалучаецца з ільном, каляровымі ніткамі – усё гэта надае вырабам непаўторны каларыт. Усе творы майстра незалежна ад памеру вылучаюцца арыгінальнасцю творчай задумы, высокім майстэрствам выканання, выкшталцоным густам. Бачна, што іх стваральніца, якая мае ў творчай скарбонцы больш за тысячу мастацкіх вырабаў з саломкі, укладае талент і душу ў кожны свой твор, і ніводны з іх не падобны на іншы...

На адкрыцці выставы панавала цёплая, сяброўская атмасфера. І гэта невыпадкова, бо сюды, у канферэнц-залу абласнога метадычнага цэнтра, завіталі ў той вечар самыя блізкія і дарагія для майстра людзі: яе калегі, настаўнікі, вучні, родныя, сябры. Прагучала шмат узнёслых, шчырых словаў, добрых пажаданняў і падзяк у адрас майстра з нагоды яе творчага юбілею. Высокае майстэрства Дамянікавай Н.В. і яе вялікі ўклад у развіццё рамёстваў на Магілёўшчыне ў сваіх прамовах адзначыў кожны выступоўца. Пачэснае месца сярод гасцей выставы занялі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Анатольевіч Малашка і начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, Заслужанны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Анатольевіч Сінкавец.

Падчас выступлення вядучых і прэзентацыі слайд-шоў, падрыхтаванага спецыялістамі метадычнага цэнтра, усе прысутныя маглі пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам майстра. Акрамя таго, падчас гэтай урачыстай падзеі Наталля Дамянікава была ўзнагароджана Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за значны асабісты ўклад у захаванне, развіццё і папулярызацыю народнага мастацтва Беларусі, народных мастацкіх промыслаў і рамёстваў.

Выступленні творчых калектываў Магілёўшчыны былі выдатным аздабленнем мерапрыемства. Мелодыі бацькаўшчыны прагучалі ў выкананні народнага ансамбля народнай музыкі і песні “Магілёўцы” абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Прыемна ўразіла дэфіле студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Дэкор” Круглянскай сярэдняй школы №2ю Стыльныя саламяныя сукенкі і ўпрыгожванні выдатна глядзеліся на фоне работ Наталлі Дамянікавай. Дарэчы, кіраўніцай студыі з’яўляецца вучаніца майстра Вольга Мікалаеўна Лустава.

А яшчэ гэты вечар быў адзначаны ўрачыстым ўручэннем пасведчанняў членаў грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці майстру па кераміцы, дырэктару Клімавіцкага раённага Дома рамёстваў Аляксандру Уладзіленавічу Котаву, майстру па кераміцы, выкладчыку Крычаўскай дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў Уладзіміру Мікалаевічу Ярачэнку, а таксама вучаніцы Наталлі Дамянікавай, майстру па саломапляценню Смаляковай Але Аляксандраўне. Сапраўды, варта хоць на некалькі хвілін зазірнуць на выставу, каб пабываць у палоне гэтай “залатой” казкі. Выстава працуе да 15 студзеня 2012 года, уваход вольны. Наш адрас: г. Магілёў, вул. Першамайская, 10, Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Сардэчна запрашаем!

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.