Вверх

Вы здесь

Семінар-практыкум для кіраўнікоў аматарскіх тэатральных калектываў вобласці прайшоў у Магілёве

27 лютага Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы быў арганізаваны семінар-практыкум для кіраўнікоў і рэжысёраў аматарскіх тэатральных калектываў устаноў культуры Магілёўшчыны. Ён прайшоў на базе самога цэнтра і Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Семінар-практыкум сабраў каля 30 удзельнікаў. Яны пазнаёміліся з вопытам работы калег-прафесіяналаў і выкладчыкаў каледжа, атрымалі карысныя веды і навыкі для сваёй творчай працы.

Галоўны рэжысёр Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Наталля Леанідаўна Маісеева правяла творчую майстэрню з рэжысёрамі і кіраўнікамі самадзейных тэатраў. Яна расказала калегам пра творчыя задачы аматарскіх тэатральных калектываў вобласці ў рамках рэспубліканскіх святаў “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”) у Шклоўскім раёне і Дня беларускага пісьменства ў г. Быхаве. Напрыклад, яна паведаміла, што падчас мерапрыемства ў Быхаве будзе дзейнічаць тэатралізаваная пляцоўка, на якой свае спектаклі і літаратурна-музычныя кампазіцыі прадставяць аматарскія і прафесійныя тэатры вобласці, а таксама госці свята. Адметна, што з гэтай пляцоўкі прагучаць творы беларускіх класікаў і літаратараў-землякоў, і пры гэтым пастаноўкі будуць на беларускай мове.

Выкладчык дысцыплін “майстэрства акцёра” і “рэжысура” Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Валянціна Сцяпанаўна Нізаўцава расказала пра методыку падрыхтоўкі спектаклю ў драматычным калектыве і гуртку культурна-дасугавай установы. Яе вучні – навучэнцы тэатральнага аддзялення каледжа – паказалі на сцэне невялікі спектакль “Займальная кар’ера” паводле Успенскага.

Выкладчык тэатральных дысцыплін каледжа мастацтваў Алена Віктараўна Ярашук правяла тэматычны занятак “Рэпертуар як аснова жыццядзейнасці тэатральнага калектыву”. Яна дала кіраўнікам і рэжысёрам аматарскіх тэатральных калектываў канкрэтныя рэкамендацыі па падбору рэпертуару ў залежнасці ад узросту гледачоў, параіла выкарыстоўваць творы класікаў і айчынных аўтараў, драматургаў-сатырыкаў.

Рэжысёр народнага тэатра Палаца культуры вобласці Ала Іванаўна Кускова правяла майстар-клас па асновах клубнай драматургіі і рэжысуры. Для ўдзельнікаў семінара-практыкума быў паказаны відэазапіс фрагмента спектаклю “Выйсце крыніц” паводле твораў У.Караткевіча, пастаўленага народным тэатрам пад кіраўніцтвам Алы Іванаўны. Удзельнікі семінара-практыкума не былі пасіўнымі слухачамі – многія з іх актыўна ўключыліся ў практычныя заняткі па сцэнічнай мове і сцэнічнаму руху, якія праводзілі для іх Валянціна Нізаўцава і Ала Кускова. Яны прадэманстравалі рэжысёрам самадзейных тэатраў карысныя для іх дзейнасці гульні-тэсты на акцёрскую імправізацыю, розныя практыкаванні, накіраваныя на развіццё фантазіі, уяўлення, увагі і інш. Усё гэта можна выкарыстоўваць для размінкі ў тэатральных калектывах.

Дзеля чаго патрэбны такія навучальныя семінары і як яны паўплываюць на стан аматарскай тэатральнай творчасці ў Магілёўскай вобласці?

– Бясспрэчна, ёсць надзённая патрэба ў такіх мерапрыемствах, – мяркуе рэжысёр народнага тэатра Палаца культуры вобласці Ала Іванаўна Кускова. – Мы, магіляўчане, можам часцей хадзіць у тэатр, бачыць новыя пастаноўкі, да нас прыязжаюць тэатры з іншых гарадоў і краін. А людзі з іншых куточкаў вобласці, якія сёння прыехалі на семінар, у пэўным сэнсе пакутуюць ад інфармацыйнага голаду. У першую чаргу, варта навучыць аматараў тым рэчам, з якіх пачынаецца тэатральная справа: сцэнічнай мове, сцэнічнаму руху. А што яны вынясуць з гэтых заняткаў, залежыць ад іх саміх. Развіваць і падтрымліваць аматарскі тэатральны рух адназначна трэба. Што датычыць Магілёва, у нас маюцца дастаткова сталыя тэатры: тэатры “Валянцін”, “Факел”, тэатры ў дзіцячых школах і інш. І я лічу, што нельга параўноўваць аматарскі і прафесійны тэатр. На сённяшні дзень у самадзейнасць прыходзяць людзі апантаныя, якім ніхто не плаціць заробку, яны ахвяруюць свой асабісты час, бывае, што выдаткоўваюць свае ўласныя сродкі. Мы прымаем у аматарскі тэатральны калектыў усіх жадаючых, нават з дэфектамі мовы і іншымі праблемамі. Знайсці працу можна кожнаму, і кожнага можна навучыць – галоўнае, каб чалавек меў жаданне ўдзельнічаць у тэатры. Гэта ўсё неабходна для таго, каб людзі займаліся творчасцю, шукалі выхад сваёй энергіі.

У неабходнасць падтрымкі аматарскага тэатру ў нашай вобласці пераканана вядучы метадыст па тэатральнаму жанру Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра НТ і КАР Таццяна Аляксандраўна Мамона:

– Тэатральны жанр у раёнах Магілёўшчыны, на жаль, пакуль знаходзіцца ў пачатковай стадыі развіцця. У абласным цэнтры ў нас ёсць заслужаныя, народныя і ўзорныя тэатры – напрыклад, у Палацы культуры вобласці, гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу і інш. Ёсць моцныя тэатральныя калектывы, у ліку якіх народныя тэатры з Краснаполля, Хоцімска, Бялынічаў, Чэрыкава, Клічава, Асіповічаў і інш. І я лічу, што яны маглі б паспяхова канкурыраваць з прафесійнымі тэатрамі. Прынамсі, у мінулым годзе на Магілёўшчыне праводзіўся абласны агляд-конкурс сярод аматарскіх тэатральных калектываў, і на ім былі прадстаўлены сапраўды цудоўныя работы. Конкурс паказаў, што творчасць некаторых аматарскіх тэатраў ідзе нароўні з абласным драматычным тэатрам, ва ўсялякім выпадку, прафесіяналізм прасочваецца. Больш за тое, сёлета тэатр “Сюжэт” з Магілёўскага раёна ездзіў у Смаленск на адкрыты гарадскі фестываль тэатральных калектываў і заняў там першае месца ў адной з намінацый. А ў чэрвені гэтага года будзе праводзіцца Міжнародны фестываль у Калінінградзе, і адзін з калектываў нашай вобласці прыме ў ім удзел. Аднак што датычыць сельскай мясцовасці, там тэатральны жанр пакуль знаходзіцца ў развіцці. Таму мы ставім сваёй мэтай яго развіваць, прыцягваць у дзейнасць аматарскіх тэатральных калектываў як мага больш дзяцей і дарослых. І ўсё гэта дзеля таго, каб наша жыццё стала цікавейшым і прыгажэйшым...

Застаецца дадаць, што семінары-практыкумы для кіраўнікоў аматарскіх калектываў будуць працягвацца, дзеля чаго Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР будзе шчыльна ўзаемадзейнічаць з установамі культуры і адукацыі вобласці, прыцягваць вопытных спецыялістаў.

Вольга Семчанка, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.