Вверх

Вы здесь

Семінар-практыкум па ткацтву і карункавязанню прайшоў на Магілёўшчыне

Мастацтва вырабу карцін на ткацкім станку і вязання карункаў для ручнікоў асвойвалі ўдзельнікі абласнога семінара-практыкума, які ладзіўся на базе Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы 29-30 лістапада 2011 года. У ім прынялі удзел кіраўнікі гурткоў устаноў культуры, майстры Дамоў і Цэнтраў рамёстваў, выкладчыкі школ мастацкіх рамёстваў.

Семінар-практыкум па ткацтву і карункавязанню праводзіўся ў рамках праекта “Чароўны куфар” – студыя пад такой назвай была створана сёлета на базе абласнога метадычнага цэнтра. Двухдзённы семінар завершыў серыю семінараў-практыкумаў па дэкаратыўна-прыкладному мастацтву, што ладзіліся абласным метадычным цэнтрам на працягу гэтага года. Іх мэта – захаванне і развіццё традыцыйных відаў рамёстваў на Магілёўшчыне, перадача творчага досведу маладым майстрам і ўмельцам.

Семінар-практыкум па ткацтву і карункавязанню праводзіла метадыст цэнтра, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Алена Уладзіміраўна Саўчанка. Яна валодае майстэрствам стварэння самых розных тэкстыльных вырабаў, сярод якіх – ручнікі і посцілкі, а вось карціны пачала ткаць адносна нядаўна, год таму. Сам выраб падобны на габелен (часам так і завецца), але тчэцца не на рамцы, а на ткацкім станку, пры гэтым выкарыстоўваецца старажытная тэхніка закладнога ткацтва. Гэтае майстэрства магілёўская рукадзельніца пераняла падчас абласнога семінара па ткацтву ў мінулым годзе ад ткачыхі Алены Феліксаўны Шунейка, майстара-метадыста па закладному ткацтву Гродзенскага абласнога цэнтра народнай творчасці, стваральніцы мастацкіх габеленаў (у тым ліку ў тэхніцы падвойнага ткацтва).

Першы дзень быў прысвечаны ткацтву. У кабінеце майстрыхі сабралася больш за два дзясяткі ўдзельніц семінара, ад юных дзяўчат да сталых кабет, з розных раёнаў Магілёўшчыны. Некаторыя з іх ужо валодаюць ткацкім майстэрствам, некаторыя – абсалютныя навічкі ў гэтай справе. Аднак усе яны ўпершыню спрабавалі ствараць на ткацкім станку менавіта карціну. Эскізам для работы паслужыў маляўнічы і багаты адценнямі фарбаў зімовы пейзаж.

Для пачатку Алена Саўчанка паказала ўдзельніцам семінару “азы”: як правільна выбіраць, рыхтаваць для працы і трымаць ніткі. І толькі потым села за станок і прадэманстравала сам працэс ткацтва, даступна патлумачыла яго тонкасці. Спосаб перапляцення нітак не такі ўжо і складаны, але праца патрабуе ўважлівасці: не ўсякі адразу запамінае, як правільна кладзецца нітка ўтку паміж нітак асновы, пачаткоўцы часам блытаюцца ў паслядоўнасці націскання панажэй і г.д. Той, хто ўпершыню сядзеў за ткацкім станком, нават жартам скардзіўся: “Гэта складаней, чым асвоіць камп’ютар!” Але ж хутка праца наладзілася, і за станком паспелі папрацаваць усе жадаючыя, а многія з іх нават пажадалі самастойна працягваць ткаць карціны, вярнуўшыся дадому.

А на другі дзень Алена Саўчанка падзялілася сакрэтамі вязання кручком карункаў для аздаблення ручнікоў. Карункі, як вядома, выконваюцца рознымі спосабамі: у тэхніцы скразнога шыцця, плятуцца на каклюшках, вяжуцца пруткамі або кручком. Апошні від вязання карункаў набыў папулярнасць у другой палове ХІХ стагоддзя. Вязаныя з ільняных ці баваўняных белых і чырвоных нітак, зубчастыя, з фестончатым краем, такія карункі амаль выцеснілі больш даўнія элементы аздаблення. Нескладаныя тэхналагічныя прыёмы і хуткасць іх выканання дазваляюць атрымоўваць і геаметрычны, і раслінны, і выяўленчы арнамент з прысутнасцю ромбаў, зігзагаў, крыжоў, разетак, кветак, вазонаў, птушак, чалавечай фігуры.

Перш, чым пачаць вязаць, удзельніцы семінара ўважліва і з захапленнем разглядалі карункі на ручніках, выстава якіх была прымеркавана да другой часткі семінара. Тут былі і старыя ручнікі, вытканыя і вышытыя вясковымі майстрыхамі, а таксама вырабленыя Аленай Саўчанка (дарэчы, сама яна стараецца прытрымлівацца менавіта старажытных узораў). Як высветлілася, частка ўдзельніц ужо ўмее вязаць кручком, а частка – не. Але дзякуючы парадам вопытнай майстрыхі метадычнага цэнтра, праз некаторы час усе жанчыны спрытна снавалі кручком, вывязваючы петлі розных відаў, а напрыканцы семінару кожная з вязальшчыц трымала ў руках плён сваёй працы – кавалачак самастойна звязаных карункаў. Асабліва зацікавіліся вязаннем карункаў ткачыхі – гэта дазволіць ім упрыгожваць свае ручнікі.

Пра тое, што семінар-практыкум меў плён, сведчаць водгукі яго ўдзельніц:

Кавалёва Т.І., майстар-метадыст Хоцімскага раённага Дома рамёстваў:

Я ўдзельнічаю ў гэтых семінарах ужо даўно, недзе з красавіка, амаль увесь год, і лічу іх вельмі добрымі. Напрыклад, прыязджала майстар па ткацтву Наталля Канановіч, якая навучыла нас запраўляць станок і ткаць – дзякуючы гэтаму я навучылася ткаць практычна з “нуля”, а да гэтага толькі бачыла, як ткуць посцілкі. Апроч таго, я зацікавілася народнымі ручнікамі і зараз шмат вышываю і тку. Апошні семінар – вельмі цікавы, бо ткаць габелены – гэта мастацтва, якое пад сілу не кожнаму. Я зараз асвоіла гэтую тэхніку, але каб ткаць такія карціны, варта мець яшчэ і мастацкі густ: умець падбіраць ніткі па колеру, спалучаць розныя адценні. У нашым Доме рамёстваў ёсць такі станок, і я паспрабую ткаць карціны. На другі дзень семінара мы вязалі народныя ўзоры, карункі для ручнікоў. Гэта ўжо я ўмею рабіць: вяжу кручком, спіцамі, пляту макрамэ. Нават дапамагала іншым удзельніцам семінара. Той вопыт, што атрымала падчас семінараў, я пастараюся перадаць сваім вучням. Я лічу, што такое навучанне неабходна праводзіць. Асабліва гэта патрэбна моладзі, якая вывучае ў ВНУ і каледжах сучаснае мастацтва, а нашы карані, традыцыі найчасцей застаюцца незапатрабаванымі. Такія семінары яшчэ і падштурхоўваюць людзей займацца этнаграфічнымі даследваннямі, вывучаць традыцыі менавіта свайго рэгіёна.

Жураўлёва Г.А., выкладчык Горацкай дзіцячай школы мастацкіх рамёстваў:

Падобныя семінары дазваляюць нам сустракацца, стасавацца, вучыцца адно ў аднога. Я скончыла універсітэт імя М.Танка, дзе авалодала тэхнікай ткацтва, вязання, ласкутнай тэхнікай, умею рабіць усе віды габеленаў, у тым ліку на станку, ткаць паясы. Але гэта ўсё з цягам часу забываецца, а на падобных семінарах, дзе майстар усё раскладае па палічках, мінулы вопыт узгадваецца. На жаль, у многіх сельскіх і раённых установах ёсць станкі, але няма каму займацца ткацтвам… Таму рамяство варта адраджаць, і навучэнне праз падобныя семінары, безумоўна, патрэбна.

Грашчанка Н.С., майстар-метадыст Заеліцкага Дома рамёстваў (Глускі раён):

Я ўдзельнічала на семінарах па ткацтву, якія праводзіліся на працягу года абласным метадычным цэнтрам, і гэта было вельмі цікава – удзельніц вучылі запраўляць станок, паказвалі тэхніку закладнога ткацтва… Я ўмею ткаць посцілкі, дарожкі, а больш за ўсё люблю ткаць ручнікі. А вось вырабляць габелены на ткацкім станку мне раней не даводзілася, і таму цікава было паглядзець, як гэта робіцца. Яшчэ цікавей было навучыцца вязаць карункі: для мяне гэта вельмі карысна ўмець, каб упрыгожваць свае ручнікі. Вельмі карысны і пазнавальны семінар.

Шведава Г.Л., Гарадзецкі СДК (Шклоўскі раён):

У такіх семінарах я ўжо ўдзельнічала і лічу іх цікавымі. Вось на гэтым семінары за ткацкім станком я сядзела ўпершыню, і мне гэта вельмі спадабалася. Мне хацелася б паспрабаваць ткаць і нешта іншае, напрыклад, ручнікі. Праўда, у нашай установе станка пакуль няма, але я спадзяюся, калі-небудзь будзе… А вось з карункамі мне было проста, бо вязаць кручком я ўмею. Магу сказаць, што ніводная кніжка не заменіць навучанне ў майстра, які добра і даступна ўсё тлумачыць – як, напрыклад, Алена Уладзіміраўна Саўчанка.

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.