Вверх

Вы здесь

СНІД/ВІЧ: альтэрнатыўныя пошукі вырашэння праблемы

Адной з праблем, якая хвалюе сёння чалавецтва і непасрэдна закранула нашу краіну, з’яўляецца праблема ВІЧ/СНІД. Прафілактыка – пакуль адзіны даступны і эфектыўны сродак супрацьстаяння гэтай хваробе, які можа выкарыстоўвацца ў шырокіх маштабах.

21 лістапада прадстаўнікі ўстаноў культуры г. Бабруйска, вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, устаноў адукацыі, выхавальнікі інтэрнатаў сустрэліся на альтэрнатыўным форуме “Укараненне ў практыку работы альтэрнатыўных форм, метадаў і тэхналогій па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі” мэтай якога быў працяг прафілактычнай работы праз альтэрнатыўныя форумы, метады і тэхналогіі па праблеме ВІЧ/СНІД.

Форум праходзіў ў ДУК “Палац мастацтваў г. Бабруйска” і быў арганізаваны дадзенай установай культуры сумесна з УЗ “Бабруйскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” пры інфармацыйнай падтрымцы Бабруйскага гарадскога аддзялення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Маці супраць наркотыкаў”.

Урачом-эпідэміёлагам цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Л.Ф.Каспяровіч былі асветлены пытанні, якія тычацца сучаснай эпідэмічнай сітуацыі па ВІЧ-інфекцыі ў Рэспубліцы Беларусь. Разглядаліся пытанні талерантных адносін і недапушчэння дыскрымінацыі ВІЧ-станоўчых людзей.

Таксама асвятлялася негатыўная з’ява, з якой непасрэдна звязана заражэнне ВІЧ/СНІД – наркаманія. Наколькі глыбока ўкаранілася гэтая праблема ў наша грамадства, распавёў старшыня савета Бабруйскага гарадскога аддзялення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Маці супраць наркотыкаў” Г.Г.Федарэнка.

Першы намеснік і выканаўчы дырэктар Бабруйскай гарадской арганізацыйнай структуры Рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства “Веды” І.В.Чэрнікава расказала пра сумесную дзейнасць дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый у барацьбе з ВІЧ-інфекцыяй.

Кіраўнік сацыяльна-інтэрактыўнага тэатра “Люстэрка” першаснай арганізацыі “Міласэрнасць і здароўе” Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Т.В.Пукала і студэнты Бабруйскага філіяла УА “Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт” прадэманстравалі інтэрактыўную тэхналогію “Форум-тэатр” па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі.

Таксама адбылася прэзентацыя новага беларускага маладзёжнага серыяла “Вышэй за неба” (рэжысёры Андрэй Курэйчык і Зміцер Марынін). Ён зняты пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН у Рэспубліцы Беларусь у рамках рэалізацыі гранта глабальнага фонду па барацьбе з ВІЧ, туберкулёзам і малярыяй.

Работа альтэрнатыўнай пляцоўкі праходзіла ў фармаце “Openspace” (адкрытая прастора), дзе спецыялісты розных устаноў горада прапаноўвалі ідэі альтэрнатыўных мерапрыемстваў (прафілактычных кампаній, акцый, фестываляў, марафонаў і г.д.), а затым распрацоўвалі магчымыя стратэгіі, метады і падыходы, накіраваныя на рэалізацыю гэтых ідэй. У выніку атрымаўся вялікі банк ідэй, частка з якіх, безумоўна, будзе ажыццёўлена. Правядзенне альтэрнатыўнай пляцоўкі паслужыла для абмену досведам паміж удзельнікамі форуму.

Нікога ў зале не пакінуў абыякавым паказ урыўка з п’есы Дзіяны Балыка “Белы анёл з чорнымі крыламі”, падрыхтаваны адмыслова для форуму ўдзельнікамі народнага тэатра Палац мастацтваў г. Бабруйска (кіраўнік С.А.Карбоўскі). Захапленне ўдзельнікаў мерапрыемства выклікаў флэш-моб па прафілактыцы ВІЧ/СНІД, які правялі ўдзельнікі студыі сучаснага танца “Грацыя” гэтай жа ўстановы культуры (кіраўнік Л.Г.Авер’янава).

У рамках альтэрнатыўнага форуму Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай г. Бабруйска і арганізацыйна-метадычным аддзелам Палац мастацтваў г. Бабруйска быў арганізаваны метадычны кірмаш “Даведайся болей пра ВІЧ/СНІД”, на якім былі прадстаўлены інфармацыйна-агітацыйныя матэрыялы, метадычная прадукцыя (сцэнарыі, распрацоўкі, рэкамендацыі, дапаможнікі, брашуры, буклеты, кніжныязакладкі і інш.), кніжная прадукцыя па дадзенай праблеме. Таксама аддзелам мастацкай творчасці Палаца мастацтваў была арганізавана выстава плакатаў і малюнкаў “Выбіраючы жыццё, выбірай будучыню”.

Плёнам форуму сталі канкрэтныя прапановы па далейшаму супрацоўніцтву розных арганізацый па прафілактыцы наркаманіі і ВІЧ-інфекцыі на тэрыторыі г. Бабруйска. Падводзячы вынікі форуму, большасць удзельнікаў падкрэслілі, што альтэрнатыўны форум стаў вельмі значным, карысным і прадуктыўным мерапрыемствам, якое, магчыма, стане штогадовым.

Наталля Чорная, загадчык арганізацыйна- метадычным аддзелам ДУК “Палац мастацтваў г. Бабруйска”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.