Вверх

Вы здесь

Традыцыйныя Шчадроўкі на Асіповіччыне

У нядзелю, 11 студзеня, ў аграгарадку Дрычын ладзілася штогадовае раённае свята “Шчадроўкі”, у якім прынялі ўдзел народныя ансамблі народнай песні “Вязанка” Вяззеўскага СДК, “Вяселле” Каўгарскага СК, “Вярба” Дрычынскага СДК.

Святочнае дзеянне распачалося традыцыйным тэатралізаваным абрадам калядавання па хатах. Самадзейныя артысты з «Вязанкі» з песнямі і танцамі накіраваліся па вясковых вуліцах, каб павесяліць народ ды завітаць у хаты з віншаваннямі-пажаданнямі. Калісьці ў абрад калядавання нашы продкі ўкладвалі глыбокі сэнс: дзякавалі сілам прыроды за сабраны ўраджай, прасілі іх быць шчодрымі і на наступны год, каб “поўна было ў доме, хляве і полі”. Кожны гаспадар лічыў за шчасце, калі ў яго хату наведваліся са шчадраваннямі — абавязкова пашанцуе ва ўсіх справах, таму і адорваў шчодра добразычлівую кампанію. Сучасныя дрычынцы, да якіх заходзіў вясёлы гурт і разгортваў цэлае прадстаўленне, таксама не сталі выключэннем — ад душы частавалі гасцей, паказваючы сваю гасціннасць. Прадоўжылася свята ў мясцовым Доме культуры, дзе гледачоў сардэчна віталі ўдзельнікі тэатральнага гуртка “Пацешнік” Дрычынскага СДК тэматычным батлеечным спектаклем “Цар Ірад”.

I вось загучалі пазыўныя тэатралізаванага канцэрта. На сцэне з’явіліся Гаспадар і Гаспадыня, якія гатавалі калядны стол і чакалі гасцей, а тыя не затрымліваліся. Перад гледачамі прадставалі творчыя калектывы, якія сыпалі жартамі і пажаданнямі, спявалі і танцавалі. У кожнага з іх быў непаўторны і адметны калядны абрад з абавязковым персанажам – Казой. Да гульняў і карагодаў далучыліся ўсе жадаючыя, у зале стала па-сямейнаму цёпла і ўтульна. Гаспадар і Гаспадыня частавалі ўсіх прысутных смачнымі блінамі. Людзі сталага ўзросту ўспомнілі свае маладыя гады, калі гэтак жа весела і заўзята праводзілі “святыя” вечары.

Шчырыя віншаванні з Новым годам і Калядамі прагучалі з вуснаў начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Асіповіцкага райвыканкама Iрыны Раманчук і старшыні Дрычынскага сельскага выканаўчага камітэта Мікалая Яромава. Былі ў гэты дзень і заслужаныя ўзнагароды калектывам за адраджэнне народнай спадчыны. Жыхары дзякавалі ініцыятарам мерапрыемства за цудоўную магчымасць дакрануцца да старадаўніх традыцый і за тыя станоўчыя эмоцыі, з якімі яны разыходзіліся па дамах.

Хамянок Н.А., Русак А.З,

спецыялісты сектара традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці

раённага аддзела народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы

дзяржаўнай установы культуры “Цэнтралізаваная клубная сістэма Асіповіцкага раёна”

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.