Вверх

Вы здесь

У Чавускім раёне гукалі вясну

Адна з даўніх традыцый беларускага народа – гукаць вясну-красуню, прасіць, каб тая прыйшла найхутчэй і прынесла ўсялякія даброты: “старым бабкам – па кіёчку, красным дзеўкам – па вяночку, малым дзеткам – па яечку” і г.д. 7 красавіка вясну гукаюць у в. Галавенчыцы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці.

Гэты абрад нязменна ладзіцца жыхарамі Галавенчыц на праваслаўнае Благавешчанне, і яму ўжо крыху больш за 100 год. Зараз ініцыятарамі святкавання з’яўляюцца вясковыя жанчыны – удзельніцы народнага аўтэнтычнага гурта “Незабудкі”. Яны з’яўляюцца носьбітамі стражытных абрадаў, звычаяў, песень, гульняў і народнай прозы. Жанчыны згадваюць, што на Благавешчанне яшчэ іх матулі і бабулі спявалі песні і вадзілі карагоды. А яшчэ дагэтуль усе палявыя работы былі пад забаронай – нельга было кранаць зямлі, нават калі надвор’е было спрыяльным.

Вось і сёлета на Благавешчанне ў полі паблізу вёсак Вусце і Галавенчыцы сабраліся жанчыны, мужчыны і дзеці. Дзень выдаўся пахмурны, ветраны, ішоў дождж. Сажалка была скаваная лёдам. І нішто навокал не нагадвала пра блізкую вясну: панавалі адценні шэрага і карычневага, ніводнай зялёнай былінкі-травінкі ці пупышкі. Але ў тых, хто сабраўся ў полі, настрой быў радасны і бадзёры.

– Мы заўсёды вясёлыя, калі гукаем вясну! – усміхаліся галавенчыцкі жанчыны. – Трэба весяліцца, каб усё добра было!

Было вырашана перачакаць дождж у сельскім клубе, пагаманіць пра тое-сёе, згадаць мінуўшчыну. І вось дождж нечакана скончыўся, неба стала святлець. Тады ўсе выйшлі вялікім гуртом у поле гукаць вясну.

Старэйшыя жанчыны былі апрануты ў саматканыя андаракі і вышыванкі, на галовах былі завязаны вялізныя рознакаляровыя хусткі, праўда, давялося накінуць на плечы сучасныя курткі. Працэсія рушыла на “курган” – пагорак ля вёскі, куды, па словах мясцовых жанчын, заўсёды хадзілі на Благавешчанне. Вяскоўцы называюць яго “шведскім курганом” – найхутчэй, гэта адзін з тых шведскіх капцоў, што засталіся ад Паўночнай вайны.

– Будзем гучна спяваць, гуляць, карагоды вадзіць, – кажуць жанчыны. – Абабвязкова на пагорку, каб уся ваколіца чула і бачыла, што мы вясну гукаем. Каб чула і зямля, луг, рэчка і лес. Каб сам Гасподзь нас благаславіў і прыйшла вясна!

Удзельніцы гурта “Незабудкі” пачалі спяваць песню, якой яны штогод запрашаюць вясну ў свой край:

Благаславі, Божа, Прачыстая Маці, у-у-у!

Нам вясну гукаці, нам вясну гукаці, у-у-у!

Вясна недалёчка, вясна недалёчка, у-у-у!

Хлеба ні кусочка, хлеба ні кусочка, у-у-у!..

Свята працягнулася традыцыйнымі гульнямі “Гарлачыкі”, “А чыя гэта дзеткі?”, “А мы проса сеялі”. У іх з ахвотай прымалі ўдзел і дарослыя, і дзеці. Таксама вадзілі карагоды, спявалі песні-вяснянкі і прыпеўкі. А потым усе частаваліся прынесенымі на курган вясковымі прысмакамі, сярод якіх быў і традыцыйны блін-сонца – “фірмовая” страва галавенчыцкіх жанчын.

Час ляцеў імкліва. Шчырая радасць, весялосць апанавала ўсіх – і малых, і дарослых – здавалася, што яна перадавалася і ўсяму наваколлю. І нягледзячы на тое, што зноўку заімжыў дождж і сонейка схавалася за хмарамі, людзі сыходзілі з поля з добрым настроем. Бо ведалі, кажучы словамі галавенчыцкай песні, што “вясна – недалёчка”!

Алена Цішкевіч, Вольга Семчанка. Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культасветработы

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.