Вверх

Вы здесь

У Касцюковічах прайшоў раённы фестываль “Крыніца душы”

Штогод у прыгожыя восеньскія дні на касцюковіцкай зямлі ладзіцца цудоўнае мерапрыемства – раённы фестываль народнай творчасці “Крыніца душы”.

Фестываль стартаваў шэсць год таму і з’яўляецца своеасаблівай творчай справаздачай калектываў аматарскай творчасці сельскіх клубных устаноў раёна. За час правядзення раённага фестывалю на яго сцэну выходзілі таленавітыя самадзейныя артысты розных узростаў, ад 4 да 80 год, якія выступалі ў розных жанрах.

Фестываль мае як культурную, так і сацыяльную значнасць – ён ахоплівае розныя сацыяльныя катэгорыі насельніцтва, адкрывае новыя таленты і дае магчымасць далейшага развіцця творчых здольнасцей яго ўдзельнікаў. Мясцовыя самародкі становяцца сапраўднымі “зорачкамі” раённай сцэны і потым годна прадстаўляюць свой край на абласных і рэспубліканскіх канцэртных пляцоўках, а таксама за межамі краіны.

Традыцыйна раённы фестываль народнай творчасці “Крыніца душы” праходзіць на працягу двух дзён у клубных установах аграгарадкоў Касцюковіцкага раёна. Сёлета першы фестывальны дзень ладзіўся на базе Дома культуры аграгарадка Сялецкае, а другі – на базе Тупічынскага сельскага Дома культуры.

Журы падвяло вынікі фестывалю і абвесціла пераможцаў. Першае месца ў агульным заліку заняў Муравільскі СДК, другое – Новасаматэвіцкі КСВ, трэцяе –Беладубраўскі і Тупічынскі СДК. Таксама журы ацаніла выступленні ўдзельнікаў па намінацыях. Лепшым індывідуальным выканаўцам (мастацкае чытанне) стала Мая Івашчанка (Каніцкі СКМ), лепшым выканаўцам аўтарскіх твораў – Наталля Кірыенка (Муравільскі СДК), а лепшымі выканаўцамі беларускіх твораў былі прызнаны вакальны дуэт Надзеі Махавіковай і Ніны Парчэўскай (Муравільскі СДК), а таксама вакальны ансамбль “Сяброўкі” (Сялецкаўскі СДК). У намінацыі “Рэжысура” перамаглі Новасаматэвіцкі КСВ і Муравільскі СДК, у намінацыі “Лепшыя тэатральныя калектывы” – Новасаматэвіцкі КВЧ, у намінацыі “Сатыра і гумар” – Галіна Парчэўская (Муравільскі СДК), Зінаіда Буталенка і Таццяна Касянкова, Алеся Шаройка (Новасаматэвіцкі КВЧ). Лепшымі майстрамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва журы фестывалю назвала Ніну Лусцянкову (Дзямідавіцкі СДК) і Арцёма Шаройка (Новасаматэвіцкі КВЧ).

Наталля Азаранка, метадыст Касцюковіцкага раённага Цэнтра культуры

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.