Вверх

Вы здесь

У Магілеве прайшло свята дэкаратыўна-прыкладной творчасці і рамеснага мастацтва

27 кастрычніка ў этнаграфічным комплексе традыцыйных народных промыслаў у Зялёным гаі ладзілася свята дэкаратыўна-прыкладной творчасці і рамеснага мастацтва “Ад Макушы да Кузьмінкі не засталося зялёнай травінкі”. Яго арганізатарам выступіў аддзел культуры Магілёўскага гарвыканкама і Магілёўскі гарадскі Цэнтр культуры і вольнага часу.

Яскравае, самабытнае свята праходзіла ў этнаграфічным комплексе традыцыйных народных промыслаў. Аўтэнтычныя хаткі з сапраўднымі печкамі запрашалі ўсіх у свае сцены, каб зрабіць прахалодны восеньскі дзень цёплым і ўтульным. Галоўнымі персанажамі свята былі людзі з сапраўды “залатымі” рукамі – народныя ўмельцы. Госці свята атрымалі выдатную магчымасць наведаць выставу-кірмаш твораў і набыць рэчы, ад якіх сыходзілі магічнае святло і прыгажосць. Выставу зладзілі народныя ўмельцы, удзельнікі аматарскага аб’яднання рамеснікаў “Магілёўскія майстры” і народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Чараўніцы” ўстановы культуры “Магілёўскі гарадскі Цэнтр культуры і вольнага часу”.

Творы, зробленыя з традыцыйных матэрыялаў, разнастайныя па тэхніцы выканання і сваім прызначэнні, здзіўлялі наведвальнікаў выставы высокай мастацкай вартасцю.

Яркія керамічныя вырабы нібыта захавалі ў сабе гарачыню агню, у якім майстры закальвалі іх да звону. Музычныя інструменты, сувеніры, вазоны, скульптуры і статуэткі – вялікі асартымент яскрава сведчыў аб таленце народнага майстра Рэспублікі Беларусь Наталлі Русіян і майстра па кераміцы Руслана Сямёнава. Каляровыя, сонечныя вітражы і малюнкі на шкле вярнулі наведвальнікаў свята ў лета: усе адценні фарбаў сустрэліся ў работах майстра па шкле Ніны Сергуценка. Чырвань медзі, нізкі бісеру і россыпы натуральных камянёў склаліся ў аксесуары і ювелірныя вырабы неверагоднай прывабнасці: ад іх проста немагчыма было адвесці позірк – як і ад выхаванак тэатра юных мадэлей “Парадыз” пад кіраўніцтвам І.Катоўскай, што прэзентавалі вырабы гледачам. Фантазійныя дрэвы, дэкаратыўныя пано і калажы для афармлення інтэр’ераў, зробленыя са скуры, тэкстылю, стужак, захаплялі сваёй арыгінальнасцю. Усе ўпрыгожванні і элементы дэкору, казачныя па харастве, выйшлі з умелых рук майстроў Святланы Лебедзевай, Аляксандры Вешнявецкай і Святланы Дамбраускас.

Прыхільнікі вязаных вырабаў таксама знайшлі сабе экспанаты па душы: Надзея Якімава і Святлана Цімашэнка прадставілі на выставе свае высокатэхнічныя і па-хатняму цёплыя рэчы, яшчэ раз пераканаўшы ўсіх, што звычайная ніткі могуць ажываць ў далонях сапраўдных майстрыц.

Асаблівае месца сярод вялікай разнастайнасці вырабаў занялі побытавыя і мастацкія вырабы разьбяра па дрэве Ігара Грышына. Экалагічна чыстыя, прыгожыя прылады і абярэгі былі гатовыя ўвайсці ў дом сваіх новых уладароў, каб прыносіць ім удачу і дабрабыт.

Шмат зацікаўленых гледачоў сабралі творы каваля Марата Драчова. Яго майстэрства, рэдкае ў цяперашні дзень, пераўтварыла халодны метал у тонкія, як карункі, казачна прыгожыя і надзейныя вырабы – прыклад высокага прафесіяналізму майстра.

Таксама ўсе, хто жадаў, маглі прызапасіць сабе да надыходзячай зімы сапраўдныя, знакамітыя Дрыбінскія валёнкі, у якія не забярэцца нават самы люты мароз! Майстры з Дрыбіна адгукнуліся на запрашэнне арганізатараў свята і прывезлі, акрамя валёнкаў, шмат іншых вырабаў – капелюшоў, сувеніраў, цацак, якія карысталіся вялікім попытам сярод наведвальнікаў этнаграфічнага комплексу.

Культурная праграма свята таксама не прымусіла нікога сумаваць –гледачы здзіўляліся і радаваліся, гледзячы на выступы артыстаў Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу. Выдатна прадставілі сябе народны хор народнай песні пад кіраўніцтвам Г.П.Обуха, народны рыцарскі клуб “Барысфен” Паўла Пастухова, народны ансамбль народнай песні “Вераснёвіца” (кіраўнік В. Фралова), народны вакальны ансамбль “Івіца” (кіраўнік І.Муравейка). Традыцыйныя беларускія карагоды прадставілі на свяце выхаванкі танцавальнай студыі “Стэлз” (кіраўнік Іна Домніч). Палымяная магія ад удзельнікаў фаер-клуба “Подых агню” (кіраўнік В.Муралеў) зачаравала і захапіла гледачоў, якія працяглымі апладысментамі прасілі артыстаў паўтарыць лепшыя элементы відовішча на “біс”.

Свята ў Зялёным гаі стала значнай падзеяй і для арганізатараў, і для наведвальнікаў. Яно паказала, што жыхары Магілёва шчыра дбаюць аб традыцыйнай фальклорнай і рамеснай спадчыне свайго народа. З нецярплівасцю чакаем новых сустрэч з хараством беларускіх рамёстваў!

А.Беланожка, рэдактар Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.