Вверх

Вы здесь

У Магілёве прайшоў абласны семінар-практыкум па вырабе дзіцячай цацкі з лямцу

26 лютага на базе Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы прайшоў абласны семінар-практыкум па фільцаванню (сухому валенню з воўны).

Валенне – самая старажытная тэхніка вырабу тэкстылю. У выніку валення атрымліваецца лямец – шчыльны матэрыял з валенай поўсці або з сінтэтычных валокнаў. Іншая яго назва – “фетр” (ад фр. feutre), у рускай мове – “войлок”, на англійскай мове – “felt”, на нямецкай – “filz”, на галандскай – “vilt”. Гэта гатунак няспрадзенага тэкстылю, атрыманага ў выніку ўзаемадзеяння натуральнай поўсці, гарачай вады і мыла пад уздзеяннем рук чалавека.

Сёння рамяство валення пераўтварылася ў форму мастацкага выяўлення. Сучасныя майстры карыстаюцца рознымі спосабамі валення, выкарыстоўваюць нечаканыя дызайнерскія падыходы, ствараюць лямцавыя аксесуары і ўпрыгожванні. Папулярнай становіцца тэхніка сухога валення. У камячок сухой поўсці тыкаюць іголкай з зазубрынамі. У працэсе сухога валення валокны поўсці зблытваюцца паміж сабою, ушчыльняюцца і ператвараюцца ў лямцавую масу. Так вырабляюць розныя ўпрыгожванні, цацкі, сувеніры.

Менавіта з гэтай тэхнікай пазнаёміліся ўдзельнікі семінара-практыкума – а гэта больш за 30 майстроў раённых Дамоў і Цэнтраў рамёстваў, кіраўнікі гурткоў устаноў культуры, выкладчыкі дзіцячых школ мастацкіх рамёстваў. Усяго за 3-4 гадзіны яны навучыліся рабіць дзіцячую цацку з лямцу, а менавіта сімпатычнае кацяня.

Праводзіла семінар-практыкум магіляўчанка Ірына Мікалаеўна Рудая – адна з вядучых майстроў па валенню ў вобласці. Ірына Мікалаеўна спецыялізуецца менавіта на вырабе дзіцячай валянай цацкі, а таксама стварае непаўторныя жаночыя ўпрыгожванні з лямцу, часам выкарыстоўвае і тэхніку мокрага валення, спалучае абедзве тэхнікі. Яна – заўсёдны ўдзельнік гарадскіх і абласных выстаў, выстаў-продажаў. Майстар-клас па валенню з воўны Ірына Мікалаеўна давала ўпершыню, і, на думку самой майстрыхі, удзельнікаў і арганізатараў, ён прайшоў вельмі паспяхова.

Сухое валенне, як падкрэсліла Ірына Рудая, шмат у чым прасцейшае за мокрае, у якім выкарыстоўваецца мыла, вада, плёнка і іншыя матэрыялы. Для сухога ж валення не трэба шмат месца, зручней выдаткоўваць час, ды і матэрыялы і і прылады патрабуюцца досыць нескладаныя: каляровая воўна (авечая поўсць), неапрацаваная поўсць – слівер (з яе фарміруецца сарцавіна вырабу), тонкія і тоўстыя іголкі для валення, кавалак паралонавай губкі (для зручнасці падкладаецца пад выраб у працэсе валення).

Пад кіраўніцтвам майстрыхі ўсяго за тры гадзіны ўдзельніцы семінара-практыкума змаглі зваляць па адной цудоўнай цацачцы. Спачатку яны зрабілі аснову для тулава кацяняці, потым звалялі і прымацавалі да яго лапкі, хвосцік, вочкі, вушкі, нос і іншыя дробныя элементы. Кожная майстрыха ўклала ў сваю цацку фантазію і крэатыў: у выніку ўсе лямцавыя кацяняты адрозніваліся колерам, аздабленнем і нават памерамі. І гэта, як зазначае Ірына Рудая, нармальная з’ява – нават у аднаго майстра не бывае двух аднолькавых вырабаў.

Ірына Мікалаеўна прызнаецца, што кожную вольную хвіліну выдатковае на любімае хобі, аднак большасць валяных цацак у яе надоўга не затрымліваюцца – шмат даводзіцца дарыць, а таксама яны разыходзяцца як “гарачыя піражкі” на розных выставах.

– Я пачала займацца сухім валеннем гады чатыры таму, – распавядае майстрыха. – Першым матэрыялам была сабачая поўсць: дома быў сабака пароды чаў-чаў, я збірала з яго поўсць, а выкідваць было шкада. Кажуць жа, што сабачая поўсць і цёплая, і лекавая. Я падумала: ці не зваляць з яе што-небудзь, пласціначку на паясніцу ці яшчэ нешта. Паглядзела ў інтэрнэце, як шмат усяго робяць з поўсці, нават цацкі вырабляюць сухім валеннем. І тады я зваляла сваю першую цацку – баранчыка з сабачай поўсці. А потым захапілася валеннем з авечай поўсці. Першая выстава-продаж, у якой я ўдзельнічала, праходзіла гады два таму ў выставачным цэнтры ля драмтэатра, на свята горада. Гэта быў мой першы “выхад у людзі”. Потым я стала пастаянна ўдзельнічаць у падобных выставах – на Дзень горада і іншыя святы. Шмат людзей падыходзяць, цікавяцца, набываюць мае цацкі. Дарэчы, я не імкнуся заробіць шмат грошаў на сваім рамястве, у мяне іншая самамэта. Мне самой вельмі падабаецца гэты занятак. Калі я валяю цацку, то стараюся рабіць гэта з асаблівым настроем, думкамі. Хочацца, каб чалавек браў маю цацку ў рукі і ўсміхаўся. Цацка павінна радаваць – як нешта добрае і сонечнае…

І сапраўды, усе цацкі майстрыхі, якія яна прынесла паказаць, былі пазітыўнымі і ўздымалі настрой. Вясёлкавая змяя, прыгажун-слонік, усмешлівы Дракоша, сонечнае кацянятка, мульцяшны Ласяш і многія іншыя. І гэты пазітыў аказаўся “заразным” – усе ўдзельніцы семінара-практыкума “падхапілі” яго і ўвасобілі ў сваіх вырабах.

Анастасія Дрозд, раённы Дом рамёстваў, г. Мсціслаў, мастак-афарміцель:

– Мне вельмі спадабалася на гэтым семінары! Тым больш, што ў гэтым годзе ён першы з тых, што звычайна ладзяцца нашым абласным метадычным цэнтрам. Я ўжо ўдзельнічала на падобным семінары, які праходзіў тут у мінулым годзе, калі нас вучылі рабіць капелюшы мокрым валеннем. Але і паказаная сёння “сухая” тэхніка мне дужа даспадобы. Я мяркую, мы з дзеткамі абавязкова зоймемся валеннем цацак з воўны. Гэта будзе для іх цікава і карысна, бо мае агульнаразвіваючы эфект. І абавязкова будзем фантазіраваць, выдумляць уласныя цацкі.

Анжаліка Быстрова, дзіцячая школа мастацтваў г. Быхава, настаўнік дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва:

– Мне ўжо даводзілася займацца валеннем цацак – рабіла вожыка, змейку і інш., ды і мае вучні гадоў 6-7 таксама валялі з лямцу. А сёння я ўдасканальвала тэхніку – вучылася падкрэсліваць рэльеф, надаваць аб’ём, рабіць жывёлкам вушкі і іншыя элементы, выбіраць розныя гатункі поўсці. І я мяркую, што справа гэтая не столькі для продажу, колькі для душы. А маленькім дзецям валенне дапаможа развіць фантазію, творчыя здольнасці, дробную маторыку, а таксама такія якасці, як уседлівасць, акуратнасць, адказнасць.

– Вольга Сілівестрава, дзіцячая школа мастацтваў і мастацкіх рамёстваў, г. Горкі, настаўнік:

– Цудоўным быў леташні семінар, калі мы валялі капялюш. А тэхніка сухога валення для мяне ў навінку – і яна мне вельмі спадабалася. Сухое фільцаванне можна выкарыстоўваць для вырабу біжутэрыі. Між іншым, у школе рамёстваў у Горках мы ўжо вучым дзетак валенню, і сёлета адкрылі клас па гэтым накірунку. У ім займаюцца як хлопчыкі, так і дзяўчынкі, і ім вельмі падабаецца валяць з лямцу. Мы вырабляем не толькі ўпрыгожванні, але і навагоднія ёлачкі, сувенірныя валёнкі і г.д. І вось цяпер паспрабуем сухое валянне – я лічу, што дзеткам гэта прыйдзецца да душы.

Засвоіўшы майстэрства, удзельніцы семінара-практыкума будуць перадаваць яго сваім вучням. Гэта будзе яшчэ адным крокам у развіцці валення на Магілёўшчыне. Дарэчы, гэты промысел зараз адраджаецца і становіцца ўсё больш папулярным, у тым ліку сярод моладзі. Напрыклад, у Дрыбінскім раёне дасюль працуюць бытуюць шэрстабітны і валяльны промыслы – даўняе і традыцыйнае мастацтва вырабу з воўны валёнкаў, шапак і іншых вырабаў. Гэтае рамяство пераймаюць дзеці і падлеткі ў гуртках па валенню. А каля пяці год таму майстры і ўмельцы Магілёўшчыны пачалі валяць сучасныя вырабы з воўны. Біжутэрыю, сучакі, шалікі і іншыя аксесуары з лямцу сёння валяюць на Чэрыкаўскім, Асіповіцкім, Горацкім, Быхаўскім і іншых раёнах вобласці, а таксама ў Магілёве і Бабруйску. Ладзяцца семінары-практыкумы і майстар-класы з удзелам мясцовых і нават замежных майстроў, майстэрства перадаецца ўсім ахвотным, праз настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў і рамёстваў пераходзіць дзецям.

Вольга Семчанка, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.