Вверх

Вы здесь

У Слаўгарадскім раёне ўшанавалі старажытную “Блакітную крыніцу”

Сярод традыцый, гісторыя якіх налічвае не адно стагоддзе, на Беларусі вялікую славу мае традыцыя паломніцтва і пакланення “Блакітнай крыніцы” падчас народнага свята – Макавея, яшчэ вядомага пад назвай Мядовы Спас. Свята адзначаецца штогод 14 жніўня і звязана з ушанаваннем Жыватворнага Крыжа Гасподня, Божай Маці і святых пакутнікаў, сямі братоў Макавеяў. Традыцыя доўжыцца ўжо больш як тысячагоддзе і з 2013 года ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Крыніца знаходзіцца ў вёсцы Кліны Слаўгарадскага раёна. Па ўсёй Еўропе няма больш моцнай крыніцы ўзыходзячага тыпу. Кажуць, што ў даўніну крыніца была значна мацнейшай і ўзнімала некалькі слупоў вады ў чалавечы рост вышынёй. З тых часоў націск вады крыху знізіўся – зараз за суткі тут з нетраў зямлі паднімаецца пяць тысяч кубічных метраў вады. Але тэмпература вады і зімой, і ўлетку застаецца пастаяннай – восем градусаў вышэй за нуль. Святое месца ўшаноўваецца вернікамі як купель хрышчэння старажытнаславянскага племені радзімічаў.

Традыцыя пакланення Блакітнай крыніцы ўключае хрэсны ход, малебен, асвячэнне крынічнай вады і купанне ў ёй. Паломнікі таксама імкнуцца дакрануцца да вялікага каменя, які знаходзіцца на паляне. Камень, як і сама крыніца, з’яўляецца часткай прыгожага падання, што перадаецца мясцовымі жыхарамі з пакалення ў пакаленне.

Як распавядае легенда, даўней жылі на берагах Сожа людзі-волаты. Сярод іх магутнысцю і адвагай славіўся Марка, а высакароднасцю і вясёлым норавам – Сцяпан. І абое пакахалі прыгажуню Кацярыну. Кацярыне ж быў любы Сцяпан. Тады дзяўчына прыдумала для іх заданне: хто кіне далей камень, з тым яна і пойдзе пад вянец. Кінулі Марка і Сцяпан велізарныя камяні, і Сцяпанаў камень упаў бліжэй. Але Кацярына вырашыла, што не пойдзе за нялюбага, а лепш будзе крыніцай людзям служыць. Стала яна на Сцяпанаў валун, падскочыла і разлілася блакітнай вадою, а камяні, кінутыя волатамі, так і ляжаць, і на іх яшчэ захаваліся сляды іх магутных рук.

Зараз пакланенне крыніцы на Макавея стала часткай шырокага свята, якое ўключае ў сябе кірмашовыя дзеі і канцэртную праграму. Аднак арганізатары вырашылі на гэтым не спыняцца. Сёлета падчас святкавання Мядовага Спаса ў Слаўгарадзе быў праведзены абласны семінар для спецыялістаў цэнтралізаваных клубных сістэм і раённых дамоў культуры “Работа клубных устаноў па захаванні каштоўнасцей традыцыйнай культуры. Актуалізацыя аб’ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны”. Удзельнікі семінара дзяліліся досведам і прафесійнымі “напрацоўкамі” па азначанай тэматыцы, узнімалі надзённыя пытанні і разам шукалі адказы на іх.

Таксама ў межах семінара адбыўся прагляд выступленняў удзельнікаў свята-конкурсу “Спас – усяму час!”. Конкурс праводзіўся ўпершыню, але прайшоў на высокім узроўні і сабраў лепшыя фальклорныя калектывы Магілёўшчыны і Гомельшчыны.

Конкурс “Спас – усяму час!” заснаваны з мэтай падтрымкі, захавання, развіцця лепшых узораў фальклорнай спадчыны і мясцовага аўтэнтычнага матэрыялу, актывізацыі работы ўстаноў культуры з майстрамі і ўмельцамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, развіцця ўзаемаадносін паміж рэгіёнамі вобласці ў сферы культуры, далучэння дзяцей і моладзі да традыцыйнага мастацтва. Удзельнікі конкурсу спаборнічалі паміж сабой у намінацыях “Лепшы фальклорны гурт”, “Лепшы саліст-фалькларыст”, “Лепшы вакальны гурт народнай песні, “Лепшы індывідуальны выканаўца народнай песні” і “Лепшы Спасаўскі абрад”.

Самым цікавым момантам конкурсу стала прадстаўленне камандамі-ўдзельніцамі тэатралізавана-абрадавых праграм, прысвечаных Спасу. З дапамогай традыцыйных гульняў, танцаў, песень, карагодаў, абрадаў калектывы распавядалі гледачам аб свяце, яго прыкметах і звычаях. Напрыклад, народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Астранка” з вёскі Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна прадэманстраваў абрад ушанавання калодзежа, а народны фальклорны калектыў “Вясковачкі” з вёскі Васькавічы Слаўгарадскага раёна пачаставаў гледачоў смачнымі аладкамі з мёдам і макам, бо, па традыцыі, на Макавея трэба абавязкова наесціся маку, каб цэлы год не ведаць хвароб.

Дарэчы, і мак, і мёд можна было набыць на кірмашы, што разгарнуўся крыху воддаль ад крыніцы. Гэта было сапраўднае каралеўства “мядовікаў” – так ласкава называлі госці свята прадаўцоў мёду, што стаялі ў некалькі доўгіх шэрагаў і прапаноўвалі набыць іх салодкі тавар.

На кірмашы можна было знайсці і драўляныя лыжкі, якімі так смачна есці мёд, і посуд, дзе яго можна захоўваць, а таксама мноства іншых прыгожых і прыдатных у гаспадарцы рэчаў. Ні адзін наведвальнік “Блакітнай крыніцы” не пакінуў свята з пустымі рукамі. У народзе кажуць: “Прыйшоў Спас – і лета ад нас”. Пад музыку і вясёлы гоман людзей развітаўшыся з летам, кожны госць свята паабяцаў сабе, што абавязкова прыедзе сюды ў наступным годзе. Бо якое гэта неперадавальнае пачуццё - быць часткай даўняй традыцыі, што асвятляе, яднае і бласлаўляе беларускі народ!

Алёна Беланожка, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы”

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.