Вверх

Вы здесь

Віктар АРЦЕМ’ЕЎ, Прыйшла вайна ва ўсходні куточак Шклоўшчыны

Віктар АРЦЕМ’ЕЎ

Прыйшла вайна ва ўсходні куточак Шклоўшчыны

(Урыўкі з нарыса)

ВЯСНА 1941 ГОДА

Яшчэ ў канцы 1930-х гадоў пра вайну шмат пісалі ў газетах, паказвалі ў кінафільмах, спявалі ў песнях і абавязкова падкрэслівалі, што ваяваць бу­дзем на тэрыторыі ворага, што сваёй зямлі мы і пядзі не аддадзім. І калі ў красавіку-маі пачалася мабілізацыя ў Чырвоную Армію салдатаў-рэ­зер­вістаў, у вёсцы паўсюдна гава­ры­лі: «Будзе вайна з немцамі!» Мабі­лізаваных праводзілі на службу як у апошні шлях: са слязамі, з галашэннем жанчын, а мужыкі спявалі «Пос­ледний нонешний денечек». Майскаму аб-вяржэнню ТАСС вяскоўцы не паверылі, спасылаліся на вераломнасць прусакоў у мінулым. І ў вайну, і пасля яе нам пастаянна ўбівалі ў галовы, што Вялікая Айчынная вайна абрынулася на Савецкі Саюз раптоўна, нечакана. Вось дык дзіва! Увесь народ ад мала да вялікага ведаў, што вайна набліжаецца, а ў Маскве нават і не здагадваліся аб ёй.

Месяца за паўтара да пачатку вайны мне прысніўся сон, які вельмі ўжо ўразіў, бо раней такога бачыць не даводзілася… Я на вуліцы. Раптам неба пацямнела ад самалётаў, якія ляцяць як птушыная стая і на такой жа нізкай вышыні. На фюзеляжах сама-лётаў чорныя крыжы, якія мне не даводзілася да гэтага бачыць. Самалёты ляцелі да Казённага лесу, з захаду на ўсход. І была гэтых самалётаў незлічоная колькасць. Яны закрылі ўсё неба. І было цяжка на сэрцы. Было страшна і жудасна… Я ў сны не верыў, бо выхаваны быў атэістам. Нікому пра сон не расказаў і хутка забыў яго. Але якім жа было маё здзіўленне, калі ў ліпені і пазней убачыў у рэальным небе такія ж самалёты, з такімі ж крыжамі, што бачыў у сне. І лёталі яны вельмі нізка над зямлёй, чуць вышэй верхавін дрэў. Гэта былі нямецкія транспартныя самалёты.

ПЕРШЫ ДЗЕНЬ ВАЙНЫ

У чэрвені 1941 года скончыў я Ардацкую сямігодку. Уручэнне пасведчанняў было прызначана на нядзелю 22 чэрвеня. Дзень прыгожы: ясны, сонечны, ціхі. І настрой такі ж. На выпускны вечар усе дзяўчаты і хлопчыкі прыйшлі святочна апранутыя, здаецца, яшчэ да абеду. У прызначаны час нас не запрасілі, бо з раённага цэнтра яшчэ не прывезлі дакументы. Мы нічога кепс­кага не адчулі, бо да райцэнтра ажно 27 кіламетраў, затрымка ў такой дарозе рэч звычайная. А хадзілі ў той час і пешшу. І ўсё ж, калі сонца наблізілася да закату, нешта стала трывожыць. І тут нехта перадаў: вайна, пачалася вайна з немцамі! Пра вайну мы ведалі з пад-ручнікаў, з гаворак дзядоў, а тут, вось яна, вайна на свае вочы…

Пасведчанні аб сканчэнні школы нам уручылі вечарам пры святле керасінавай лямпы. Урачыстасці не было. Дакладней, яна прайшла за лічаныя хвіліны. Настаўнікі хуценька запрасілі нас за стол побач з сабой. Нас была адна група, не помню дак­ладна колькі, але болей за дваццаць чалавек. Аляксея Раманава, Нічы-пара Хартава з суседняй вёскі Займішча і яшчэ некаторых больш не бачыў ніколі, яны на два гады старэйшыя за мяне, пасля вы-звалення ў 1944 годзе трапілі на фронт і з вайны не вярнуліся. На сталах побач з ежай і цукеркамі стаялі бутэлькі з гарэлкай і віном, стаканы. Настаўнікі выпілі па першай, а як толькі мы крыху пера-кусілі (за дзень прагаладаліся), то налілі і нам, вучням – хлопчыкам гарэлкі крышачку, а дзяўчатам віна на донышку. Настаўнікі-мужчыны былі на добрым падпітку. Калі з намі развітваліся, то абдымалі кожнага, а з вачэй у іх цяклі слёзы. Настаўніцы-жанчыны слёз сваіх не хавалі. Не скажу за іншых, але я тады не разумеў іх пачуццяў. Відаць, яны адчувалі, лепш за нас ведалі, што іх чакае наперадзе.

З настаўнікаў-мужчын у нашу вёску Ордаць ніхто з вайны не вярнуўся… Чуў толькі, што дырэктар школы Якаў Крупень працаваў у Чарнаруччы. У яго дачкі я прымаў экзамен у Магілёўскім бібліятэчным тэхнікуме, гэта ўжо ў 80-х гадах.

Ноч з 22 на 23 чэрвеня была вельмі цёмная. Мне ісці 4 кіламетры да вёскі Радзішына. Большую частку шляху са мной прайшоў настаўнік Епіфан Нікіцін. Развітаўся са мной як бацька з сынам. Больш яго я не бачыў, з вайны ён не вярнуўся.

ПАВЕТРАНЫ БОЙ

На пяты ці, можа, на шосты дзень, як пачалася вайна, ра­зам з маці пайшлі мы ў вёску Гарадзішча, гэта за 7 кіламетраў ад нашага дому, каб у краме купіць газы, солі, мыла і запалак – самае неаб-ходнае ў сялянскім быце. Маці добра помніла першую імпе-рыялістычную вайну 1914 года і гаварыла, што ў вайну потым нічога нельга будзе купіць, нават калі будуць грошы. Мы купілі ўсё патрэбнае (у продажы яшчэ ўсё мелася на той час) і крыху адышлі па дарозе дамой, як з боку Шклова, якраз над нашымі галовамі, вельмі нізка праляцеў самалёт. Наш самалёт. На фюзеляжы можна было разгледзіць чырвоныя зоркі, а ў кабіне лётчыка была бачна яго галава ў шлеме. Следам за ім з вышыні неба, як коршун, рынуйся нямецкі самалёт з чорнымі крыжамі. У паветры разанула кулямётная чарга. З якога самалёта – не ўга-даць. Адзін самалёт загарэўся: чорны дым шлейфам слаўся за ім. Убачылі мы, што з палаючага самалёта амаль адначасова вы-прыгнулі два лётчыкі з парашутамі. Пачулася яшчэ адна кулямёт-ная чарга па парашутыстах. У мяне сумненняў не было: збіт ня-мецкі самалёт, бо нашы лётчыкі непераможныя. Так нас вучылі ў школе, так пісалі ў газетах, у кнігах, так мы бачылі ў кіно.

Маці мне запярэчыла, але я пабег у той бок, дзе выпрыгнулі парашутысты-ворагі, каб іх затрымаць. На той час у мяне і ў думках не было, як гэта я змагу зрабіць без зброі. Прабег некалькі соцень метраў і ўбачыў, што да таго месца не так ужо і блізка. Людзі, якія ехалі на конях, сказалі, што гэта за вёскай Карасі – адлегласць будзе тры кіламетры з гакам. А што такое гак, я ўжо ведаў. Таму вярнуўся назад. Маці мяне чакала.

Неўзабаве мы даведаліся, што збіты і згарэўшы самалёт – наш, савецкі. А лётчыкі былі забіты. Іх пахавалі ў Карасях на могілках.

АПОШНІЯ ДНІ ПЕРАД АКУПАЦЫЯЙ

Аб падзеях на фронце ў газетах былі вельмі скупыя весткі. А ў сялянскіх гаворках сцвярджалася, што становішча трывожнае, во-раг на нашай тэрыторыі і наступае. З Радзішчына і навакольных вёсак мабілізавалі моладзь рыць процітанкавы роў за Дняпром. Нехта з ардачан выказаў сумненне, маўляў, гэты роў немцаў не стрымае. Хтосьці данёс на яго, і яго расстралялі. Некалькі сялян пагналі на ўсход радзішынскі калгасны статак, каб ён не дастаўся ворагу. Неўзабаве ў Радзішына з шклоўскага прыгараднага калгаса прыгналі авечак, свіней і цялят. Пастухі вяр-нуліся ў Шклоў. Нам, падлеткам, Івану Казлову, Грышку Міронаву, мне і яшчэ некаму чацвёртаму, даручылі перагнаць гэты статак у Чэрнеўку. Не сказаць, што лёгка, але мы з гэтым заданнем справіліся. Па дарозе ў Займішчы і Грамаках некаторыя жыхары прасілі нас аддаць ім авечку або свінню, але ніхто з нас на гэта не пайшоў. Гэта потым можна было пачуць: «Усё вакол калгаснае, усё вакол маё», а да вайны рэдка хто з вяскоўцаў мог прынесці дадому нават сноп збажыны, а тут – жывёла. У Чэрнеўцы мы здалі статак жывёлы прадстаўнікам сельскага Савета. У пойме рэчкі Бася мы ўбачылі тысячы кароў, авечак, свіней. Пазней даведаліся, што жывёлу перагналі крыху далей на ўсход, але немцы перакрылі шлях і жывёла была згублена.

9 ліпеня 1941 года прыйшоў загад са Шклоўскага райваенкамата аб мабілізацыі апошніх ваеннаабавязаных. Мой бацька, Арцем’еў Іван Лукіч, быў старшынёй праўлення калгаса. Ён даведаўся, што немцы ўжо ў Шклове, і ўсе мабілізаваныя прыслухаліся да яго парады і пайшлі пешшу праз Горкі ў Смаленск. Радзішынцам удалося ўліцца ў вайсковыя часці і выканаць свой салдацкі доўг перад Айчынай. Мой бацька не быў ваеннаабавязаным і стаў добраахвотнікам 810-га працоўна-будаўнічага батальёна, які пры-маў удзел у абароне Смаленска і Масквы. У пачатку 1942 года Дзмітраўскі райваенкамат Масквы дэмабілізаваў яго па інваліднасці і ён застаўся жыць у вёсцы Нячаеўка Шаткаўскага раёна Горкаўскай вобласці. Працаваў спачатку лесарубам, а потым брыгадзірам калгаса «Цвет камуны». Пасля вызвалення Беларусі зноў працаваў старшынёй праўлення калгаса і ў 1949 годзе атрымаў узнагароду – ордэн Леніна.

ПРЫЙШЛА ВАЙНА Ў РАДЗІШЫНА

Фронт праз нашу вёску не ішоў. Праз вёску рухаліся на ўсход толькі разрозненыя групы чырвонаармейцаў з вайсковых часцей, якія былі разгромлены ворагам на Бярэзінскім і Дняпроўскім рубя-жах. Некаторыя за суткі адольвалі па 60 кіламетраў, а таму былі стомленыя, галодныя, у запыленым абмундзіраванні, але са збро-яй у руках. Прасілі вады. Жанчыны выносілі ім малако і хлеб. Яны прагна елі хлеб, запівалі малаком, выказвалі сялянкам удзячнасць і паспешна рухаліся далей, каб натрапіць на вайсковую часць і зноў змагацца з ворагам.

Амаль у кожным агародзе ля дома або каля рэчкі Лешня была выкапана схова на выпадак бою: траншэя з накатам тонкіх бровен, якія зверху засыпаны зямлёй і яшчэ замаскіраваны зялёным алешнікам і свежай травой. Бою ў вёсцы не было, але некалькі снарадаў ля рэчкі Лешня разарвалася. Пачуўшы першы выбух, я выбег з хаты, і толькі адчыніў дзверы з сенцаў у агарод, як убачыў ляцеўшы з Казённага лесу снарад. Ён упаў недалёка ад рэчкі, паблізу Архіпёнкава хутура, і разарваўся. Са свістам і шыпеннем разляталіся асколкі. Адзін з іх упаў метрах у пяці ад мяне на граду цыбулі, падняўшы дымок пылу. Мне падалося, што бачыў, як ён ляцеў. Хуценька пабег да той грады і падняў асколак. Грамаў пяцьдзясят, а можа і на сто. Цёплы яшчэ. Я паднёс да твару, каб лепш разгледзіць, бо бачыў упершыню. А потым панюхаў – пахне порахам і цёплым жалезам. У гэты ж час з боку вёскі Старыя Чамаданы (калі напрамкі на паўночны захад, то будзе сем кіламетраў) пачулася страляніна: гарматная і мінамётная. Праз нейкі час – зацішша. А потым вялікі пажар. Гадзіны праз паўтары-дзве ля нашай вёскі ўздоўж рачушкі бег чырвонаармеец. Ён спыніўся ля жанчын, якія неслі ваду з крыніцы. Папрасіў піць. Піў ён прагна, прама з вядра. Быў без зброі. Твар абгарэлы, адзенне таксама. Адна рука забінтавана. Ён расказаў жанчынам, што ля вёскі Старыя Чамаданы яны стаялі насмерць. Калі скончыліся боепрыпасы, пайшлі на ворага ўрука-пашную. Ды сілы былі няроўнымі. Немцы палонных чырвонаар-мейцаў загналі ў вялікі сарай, дзе было ўжо многа людзей, вароты закрылі і паставілі варту з кулямётамі. Праз нейкі час будынак падпалілі. Калі салдаты выламалі вароты, яму ўдалося, дзякуючы густому дыму, уцячы. Ці ўдалося яшчэ каму, ён не ведае – кругом білі нямецкія кулямёты.

Пазней стала вядома, што ў канюшні ў Старых Чамаданах было спалена жывымі больш за 400 ваеннапалонных і мірных жыхароў.

Праз дзень ці два ў Дзіўнаве чырвонаармейцы зрабілі засаду і спалілі бронетранспартёр и два матацыклы. Былі забіты чатыры немцы. Уцалелыя на двух матацыклах паспелі ўцячы. Мінула не-калькі дзён, і 18 ліпеня немцы ў Дзіўнаве расстралялі 12 заложнікаў.

Дні праз два пасля трагедыі ў Старых Чамаданах з’явіліся першыя акупанты і ў Радзішыне: укормленыя, фанабэрыс­тыя, у сарочках з закасанымі па локаць рукавамі. Яны ехалі на веласіпе-дах і матацыклах невялікай групай па прасёлачнай дарозе з Зай-мішча метрах у ста ад нашага дома. Немцы з некаторых хат сагналі дзядоў, жанчын і дзяцей на калгасны двор. Дзяцей нават угасцілі цукеркамі і фатаграфавалі іх разам з салдатамі. Рабілі здымкі: быццам бы сяляне з радасцю сустракаюць акупантаў.

ЯКОЙ БЫЛА ЛІНІЯ ФРОНТУ

Давялося чытаць у кнігах, бачыць у фільмах, што фронт ідзе шчыльнай паласой войск, вельмі цяжка праз яго прасачыцца. У ліпені 1941 года на Магілёўшчыне было інакш. Нямецкае войска рухалася па магістральных дарогах, па бальшаках, а невялікія вёс-кі вораг абмінаў. У Радзішыне, як ужо згадвалася вышэй, толькі аднаго разу праехала невялікая група варожых салдат на матацы-клах і веласіпедах, а ў суседнія вёскі Вішанька і Маёраўшчына яны нават не заглянулі. Блізка немцаў я ўбачыў толькі праз некалькі месяцаў.

Яфім Аляксеевіч Малышаў, які жыў у вёсцы Грузаўка пад Магілёвам, летась расказаў мне, што ў ліпені 1941 года ён двойчы пераходзіў лінію фронту. Было яму 14 гадоў. Ён з Грузаўкі хадзіў у Ордаць, што на Шклоўшчыне, па пільнай патрэбе. У Малышавых гадавалася маленькая дачка іх зяця Мікалая Якаўлевіча Сяргеева, а з прадуктамі было цяжка. І Яфім пайшоў да сваякоў Сяргеевых. Калі ішоў у Ордаць, то бачыў паблізу Еўдакімавіч чырвонаармей-цаў. А вяртаўся назад – ужо нікога не было. Калі пераходзіў Ар-шанскую шашу другім разам, убачыў непадалёк ад скрыжавання дарог калону нямецкіх грузавых машын, якія спыніліся на адпачы-нак. Каля машын групамі стаялі асобна салдаты і афіцэры, аб нечым гутарылі. На падлетка, хаця ён і быў рослым, не звярнулі ўвагі. Ён як ішоў, так і пайшоў сваім шляхам. У Дуброўцы, Патапа-ве, Чарапах і іншых вёсках Малышаў ні першы, ні другі раз вай-скоўцаў не бачыў.

У Радзішыне (56 двароў, 185 жыхароў) за гады вайны загінула на франтах і ў партызанах 27 чалавек. У Ордаці (198 двароў, 690 чалавек) акупанты расстралялі 20 чалавек і 88 загінула на франтах. У Дзіўнаве (123 двары, 385 чалавек) знішчана 19 двароў, рас-страляна або спалена карнікамі 25 жыхароў і 56 чалавек не вярнулася з вайны.

Нямецка-фашысцкія захопнікі ў гэтых вёсках разбурылі ўсе калгасныя пабудовы, пакінулі жыхароў без хатняй жывёлы і птушкі. Сяляне мелі толькі тое збожжа, якое схавана ў ямах. Яны галадалі. Тыя, хто перажыў вайну і ацалеў, помніць яе ў снах. Як сказаў паэт-зямляк А. Пысін: «А мне пажары, пажары ўсё сняцца…» Да-раваць ворагу яго злачынствы за даўнасцю часу, канечне, можна, а вось забыць іх – ніколі!

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.