Вверх

Вы здесь

ВIКТАР АРЦЕМ’ЕЎ, З ЛЕТАПIСУ ВАЙНЫ

ВIКТАР АРЦЕМ’ЕЎ

З ЛЕТАПIСУ ВАЙНЫ

Магiляўчанін Вiктар Iванавiч Арцем’еў даўно цiкавiцца творамi сваiх землякоў, лёсам аўтараў. Па крупiнках збiрае ён матэрыялы ў бiблiятэках, архiвах, музеях, сустракаецца з вядомымi паэтамi i празаiкамi, выступае ў школах, часты госць у студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў горада.

«Летапiс вайны» – так азаглавiў В. Арцем’еў свой зборнiк кароткiх апавяданняў, якi аўтару ўдалося выдаць з дапамогай калектыва Магiлёўскага архiтэктурна-будаўнiчага каледжа.

Чатырнаццацiгадовым падлеткам сустрэў вайну сённяшнi аўтар зборнiка ў вёсцы Радзiшына на Шклоўшчыне. Вясковыя жыхары спаўна зведалi ўсе жахi вайны, зверствы фашысцкай акупацыi. Усё гэта зведаў, перажыў, перанёс i Радзiшынскi юнак Вiктар Арцем’еў. Менавiта аб гэтым i яго кароткiя апавяданнi, якiя, як гаворыць сам аўтар, выплылi з далёкай памяцi, а падзеi, факты, прозвiшчы герояў – сапраўдныя. Таму многiя вяскоўцы ужо сталага ўзросту ў гэтых апавяданнях адразу ж пазнаюць многiх сваiх родных i блiзкiх, суседзяў, знаёмых.

ПАВЕТРАНЫ БОЙ

На пяты цi шосты дзень, як пачалася вайна, разам з мацi пайшлi мы ў вёску Гарадзiшча (гэта за пяць кiламетраў), каб у краме купiць газы, солi, запалак i мыла. Мацi помнiла першую iмперыялiстычную вайну 1914 года i гаварыла, што ў вайну потым нiчога нельга купiць, нават калi будуць грошы.

Мы купiлi ўсё патрэбнае ( у продажы яшчэ ўсё мелася на той час) i крыху адышлi па дарозе дамоў, то з боку Шклова якраз над нашымi галовамi вельмi нiзка праляцеў самалёт. Наш самалёт. На фюзеляжы можна было разгледзець чырвоныя зоркi, а ў кабiне лётчыка была бачна яго галава ў шлёме. Следам за iм з вышынi неба, як коршун, рынуўся нямецкi самалёт з чорнымi крыжамi. У паветры разанула кулямётная чарга. З якога самалёта – не ўгадаць. Адзiн самалёт загарэўся: чорны шлейф дыму слаўся за iм. Убачылi мы, што з палаючага самалёта амаль адначасова выпрыгнулi два лётчыкi. У мяне сумненняў не было: збiт нямецкi самалёт, бо нашы лётчыкi непераможныя. Так нас вучылi ў школе, так пiсалi ў газетах i кнiгах, так мы бачылi ў фiльмах.

Мацi мне запярэчыла, але я пабег у той бок, дзе выпрыгнулi парашутысты, каб iх затрымаць. На той час у мяне i ў думках не было, як я змагу гэта зрабiць без анiякай зброi. Прабегшы некалькi соцен метраў, убачыў, што да таго месца не так ужо i блiзка. Людзi, якiя ехалi на конях, сказалi, што гэта за вёскай Карасi, адлегласць будзе тры кiламетры з гакам. А што такое гак, то я ўжо ведаў. Таму вярнуўся назад. Мацi мяне чакала.

Неўзабаве мы даведалiся, што быў збiты i згарэў самалёт наш, савецкi. Пра лётчыкаў рознае гаварылi: што забiты i што паранены. Чуткi яны заусёды чуткi.

САЛДАТ СПАЛІЛІ ЖЫВЫМІ

З боку вёскi Старыя Чамаданы (калi напрамкi, то гэта сем кiламетраў ад Радзiшына) iшоў вялiкi бой. Стралянiну было чутна добра, асаблiва гарматную i мiнамётную. Праз нейкi час – зацiшша. Потым вялiкi пажар.

Гадзiны праз паўтары-дзве ля нашай вёскi ўздоўж рачушкi Лешнi бег чырвонаармеец. Мне не давялося яго бачыць (толькi здалёк), бо мацi загнала ў блiндаж (яго часцей называлi акоп). Але пазней я чуў гаворку жанчын-суседак, якiя з iм гутарылi. Яны стаялi на лузе i вялi размову. Дабегшы да iх, чырвонаармеец спынiўся. Папрасiў вады папiць. Пiў ён прама з вядра, набгом. Быў без зброi. Твар абгарэлы, адзенне таксама. Адна рука забiнтавана. Чырвонаармеец сказаў, што ля Чамадан яны стаялi насмерць. Калi кончылiся боепрыпасы, то пайшлi на ворага ўрукапашную. Ды сiлы былi няроўныя. Немцы палонных чырвонаармейцаў, параненых i кантужаных, загналi ў кароўнiк цi, можа, у гумно. Вароты закрылi, будынак падпалiлi. Яму ўдалося, дзякуючы густому дыму, якi слаўся да зямлi, уцячы. Цi ўдалося яшчэ каму – ён не ведае. Кругом былi нямецкiя кулямёты. Пасля вайны на месцы пажару разбiты сквер. У брацкай магiле больш за 400 ваеннапалонных i мiрных жыхароў, загiнуўшых 15.07.1941 года. На магiле ў 1967 годзе пастаўлен абелiск.

ЗБАВІЦЕЛІ

Калi ў Радзiшыне з’явiлiся першыя немцы-акупанты, то людзi ад iх хавалiся. А вось баба Лукер’я наадварот, яна сама з iконай выйшла сустрэць iх:

– Прыйшлi, збавiцелi нашы, слава табе Госпадзi! – тут яна тройчы перахрысцiлася i паднесла ворагам хлеб-соль.

Яна, тая сустрэча Лукер’i з немцамi, можа i не запала б нiкому ў памяць, каб не адна акалiчнасць. Праз нейкi час у вёску завiтала гаспадарчая нямецкая каманда, якая займалася нарыхтоўкай харчу. I трэба ж было iм зайсцi ў двор менавiта да бабы Лукер’i. Немцы ўбачылi ў закутку хлява добра ўзгадаваную свiнню i пачалi за ёй ганяцца. А Лукер’i свiннi шкада. Яна злавiла курыцу i нясе немцам:

– Вазьмi, паночак, курачку, а свiнню не чапайце. Я ж вас, збавiцеляў, з iконай сустракала!

Немцы, мабыць, не зразумелi, з кiм маюць справу, бо забралi i свiнню, i курачку. А бабцы Лукер’i на развiтанне далi штурхеля. Вечарам таго дня на танцпляцоўцы адзiн з юнакоў наладзiў спектакль: абвязаўся хусцiнкай, адзеў спаднiцу, падрабiў бабулiн голас i давай паказваць: спачатку як Лукер’я немцаў з iконай сустракала, а затым, як з свiннёй i немцамi развiталася. Такiя прадстаўленнi Андрэй рабiў па просьбе вяскоўцаў некалькi разоў. Баба Лукер’я на вечарыны не паказвалася: цi то часу не было, цi то сорам людзям у вочы глядзець.

ІЦКА

Яўрэй Iцка са Шклова таксама пазбег расстрэлу. Туляўся ў горадзе па знаёмых.

Аднаго разу выбраўся Iцка ў Ордаць: цi то адведаць Бэрту Лейзаровiч (яна была блiзкай раднёй), цi, можа, пашукаць новае сховiшча, бо ў Шклове знаходзiцца было ўжо немагчыма.

Пры якiх абставiнах ардацкiя палiцаi злавiлi Iцку, тое мне невядома. Павёў яго пешшу ў Шклоўскую камендатуру палiцай Мiшка Цiшкаў з Радзiшына. Прыходзiць канваiр позна вечарам i выхваляецца:

– Узышлi мы на мост праз Днепр. На сярэдзiне маста я крычу яму: «Прыгай, жыд, у Днепр, а то застрэлю!» Ён прыгнуў i ўтапiўся. Хутчэй за ўсё, што Iцка сам прыгнуў у Дняпро, каб пазбегнуць катаванняў у гестапа.

Пасля вайны палiцая судзiлi. Адседзеў ён у лагеры 15 гадоў. Пасля жыў нядоўга.

ТРЫМАЙ ХАХОЛ

Восенню 1941 года нямецкiя акупацыйныя ўлады яшчэ не рушылi калектыўных гаспадарак. Сяляне вёскi Радзiшына працавалi калгасам. Намалочаны хлеб ссыпалi ў свiран. Заробак дзялiлi на працаднi. Кладаўшчыком працаваў мой стрыечны брат Фёдар Ратнiкаў. Дайшла чарга атрымлiваць зерне акружэнцу палкоўнiку Калашнiкаву. Насыпалi крыху няпоўны мяшок, паставiлi на вагi. Кладаўшчык дасыпаў зярнят яшчэ колькi трэба i звяртаецца да гаспадара:

– Трымай хахол.

А той разгневаўся ды як крыкне:

– А ты кацап!

Тут усе, хто стаяў побач, рассмяялiся, бо зразумелi: кладаўшчык хацеў завязаць мяшок i таму папрасiў патрымаць за хахол мяшка, каб зрабiць сваю справу хутчэй i спрытней. А акружэнец быў украiнец. Ён не ведаў, што ў кожным мяшку, калi яго завязаць, ёсць зверху хахол. Калашнiкаў прыняў слова «хахол» за абразу сваёй нацыянальнай годнасцi, бачыце, яго хахлом абазвалi. Калi ж уразумеў, то адразу ж палагоднеў да кладаўшчыка i сам весела смяяўся.

СВЯТЫЯ ПІСЬМЫ

З прыходам на нашу зямлю нямецка-фашысцкiх захопнiкаў народ ведаў i верыў, што не навечна, што гэта часова. Лю-дзi спасылалiся на вайну з Напалеонам, калi французы нават Маск-ву ўзялi, на Першую сусветную вайну, калi немцы дайшлi да Дняпра i занялi Шклоў. I падбадзёрвалi, падтрымлiвалi сябе i блiзкiх такiмi ўспамiнамi.

У 1943 годзе надзея на вызваленне з-пад фашысцкага гнёту яшчэ больш узмацнела ў народзе. Немцаў адагналi ад Масквы, разбiлi ў Сталiнградзе. Спрыялi такой веры i «святыя пiсьмы». Iх перадавалi з вёскi ў вёску на ўсход. 

У такiх лiстах на кавалачках паперы без канверта i адраса гаварылася, што тэкст трэба перапiсаць у трох (у некаторых – у сямi) экземплярах i перадаць у суседнюю вёску ў напрамку на ўсход, каб пiсьмо перапiсвалася i iшло далей. I калi такое пiсьмо дойдзе да лiнii фронту i пападзе салдатам савецкага войска, то нашы пачнуць наступленне, перамогуць i пагоняць фашыстаў на захад. Тады i будзе вайне канец.

Не скажу, што я паверыў такому тэксту, але ж прыемна было ведаць, што народ iмкнецца як мага хутчэй пазбавiцца ад ненавiснага ворага. I я перапiсаў гэтае «святое пiсьмо» i перадаў у вёску Ордаць.

ВЫКРАДАННЕ ДЗЯЎЧАТ

У студзенi 1944 года немцы вывезлi звыш сотнi жанчын i дзяўчат у вёску Папоўцы Чавускага раёна. Там яны выконвалi падсобную працу на ачыстцы дарог ад снегу, рабiлi агароджу ля дарог ад снежных заносаў, працавалi на кухнi. Апынулiся ў Папоўцах i з Радзiшына дзевяць дзяўчат. Мая мацi Маўра Арцем’ева i Касцючыха (Агап’я Мiронава) надумалiся выкрасць дзяўчат. Касцючыха запрагла каня. Паехалi. Дарогу мацi мая ведала (годам раней хадзiла да дачкi Надзежды, якая была замужам у Лёўкаўшчыне). Каня пакiнулi ў суседняй з Папоўцамi вёсцы. Так iм параiў гаспадар, у якога яны начавалi. – Так будзе менш прыкметна для немцаў, – сказау ён.

Пайшлi ў Папоўцы. Стаяла адлiга. Калi жанчыны пераходзiлi па iльду рэчку Басю, там сустрэлi мясцовую настаўнiцу. Яна параiла iм забiраць дачок не днём, а калi вячэра будзе.

– I самi да iх не iдзiце, – сказала яна, – а папрасiце якую-небудзь мясцовую жанчыну, каб яна передала дочкам. Так будзе непрыкметна.

Немцаў у Папоўцах было зусiм мала. Найбольш чэхi i аўстрыйцы з якойсьцi працоўнай тылавой калоны. Яны не так пiльна наглядалi.

Праз адну дзяўчыну з Папоўцаў перадалi вестку аб сабе i дзе сустрэцца. Адразу пасля вячэры сабралася ў прызначаным месцы пяць чалавек: Марыя Арцем’ева, Каця Бугаёва, Каця Мiронава, Зiна з вёскi Рабкi i яшчэ нехта. Больш каму гаварыць не прыйшлося, бо маглi выслаць пагоню. Безумоўна, канваiры заў-важылi адсутнасць дзяўчат, але ўжо пазней, калi iх у Папоўцах i след прастыў. Немцы пайшлi па хатах у Папоўцах, рабiлi павальны вобыск, вялi допыты. Але на след не трапiлi.

Начавалi ў суседняй вёсцы, у таго гаспадара, у хлеве якога конь стаяў.

Як толькi чуць развiднела, то запраглi каня. Жанчыны селi на санi, а дзяўчаты пайшлi. Дамовiлiся iсцi па адной i ўдзвюх, каб не так кiдалася ў вочы.

Дайшлi да Бушкава. А там немцы людзей на працу забiраюць. Мацi забегла ў блiжэйшую хату. Скiнула з сябе верхнюю вопратку, села на калодку, каля якой карзiна з бульбай стаяла, узяла нож i стала бульбу чысцiць: быццам бы яна жыве тут. А конь на вулiцы стаяў. Астатнiя хавалiся, як хто змог: хто ў якой хаце, хто ў пуню чыю забег. Дзякуй мясцовым жыхарам, нiхто не выдаў. Як толькi немцы пакiнулi Бушкава, то ўцекачы пайшлi далей. У Займiшчы зноў было страху. Там iтальянская калона на пастой размясцiлася. Жанчыны распыталi ў мясцовых жыхароў, дзе не выстаўлены пасты, i выбралiся непрыкметна.

Калi падышлi да Радзiшына, то сцямнела. Адна з дзяўчат схадзiла ў вёску i даведалася, што чужых там няма. Так i дома аказалiся. А астатнiя радзiшынскiя дзяўчаты вярнулiся дамоў праз месяц цi два.

ДЗЕНЬ ПЕРАМОГІ

Радыё ў вёсцы не было. Газеты атрымлiвалi на другi дзень пасля выхаду ў свет. Вестка пра Вялiкую Перамогу над фашысцкай Германiяй дайшла да радзiшынцаў нечакана: нехта ранiцай 9 мая 1945 года перадаў з сельскага Савета, што Дзень Перамогi. Ардацкi сельскi Савет меў тэлефонную сувязь з райцэнтрам.

У перамогу над фашысцкай Германiяй людзi верылi з самага пачатку вайны. Слаўную перамогу над ворагамi чакалi чатыры даўжэзныя i цяжкiя гады. I дачакалiся!

Быў цiхi, ясны, сонечны веснавы дзень. Вельмi прыгожы. Я прывёў з папасу пару коней, надзеў на iх хамуты i паехаў верхам на поле, якое было за рэчкай Лешня, амаль што побач з домам. I толькi ўзяўся за ворчык, каб замацаваць гужы i пайсцi першую баразну за плугам, як маю ўвагу прыцягнулi моцныя радасныя крыкi на вёсцы. Прыслухаўся i стаў углядацца. Бачу, нехта адтуль бяжыць да мяне. Падбегшы блiжэй, ён крыкнуў:

– Распрагай коней! Перамога! Будзем святкаваць!

Тут такая радасць апанавала, што я пачаў крычаць:

– Перамога! Наша Перамога!

Дарослыя вяскоўцы радавалiся, як дзецi. Вiншавалi адзiн аднаго з радасцю i слязамi на вачах. Перамога дасталася выключна дарагой цаной чалавечых пакут i ахвяр. У кожнай хаце быў накрыты няхiтры святочны стол. Жылi галаднавата.

А вечарам у вёсцы ладзiлi агульнае калгаснае свята. На Дошцы гонару высвечвалiся прозвiшчы хлебаробаў-ударнiкаў. Сярод iх знайшоў сваё i сваiх сяброў – Iвана Казлова i Фёдара Кавалёва. Нас пасадзiлi за стол побач з заслужанымi дзядамi. Нас ушанавалі.

Дзень 9 мая 1945 года запомнiўся мне на ўсё жыццё. Здаецца, што гэта быў найбольш значны момант у маiм жыццi. Было адчуванне найвялiкшай радасцi i шчасця.

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.