Вверх

Вы здесь

23 снежня магіляўчане смогуць пабачыць работы, выкананыя ў жанры саломапляцення, на персанальнай выставе Наталлі Дамянікавай

Персанальная выстава Народнага майстра Рэспублікі Беларусь Наталлі Дамянікавай, якая працуе ў традыцыйным жанры саломапляцення, адкрыецца ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы. Урачыстае адкрыццё выставы адбудзецца 23 снежня 2011 года ў 16.00 у канферэнц-зале ўстановы культуры.

Выстава прысвечана 20-годдзю творчай дзейнасці майстра. Наталля Дамянікава адабрала для экспазіцыі свае лепшыя творы. Сярод іх – саламяны конь вышынёй у 1,5 метра, кампазіцыя “Папараць-кветка”, калядная кампазіцыя і елачныя цацкі з саломкі. Тасама будзе прадстаўлены творчы праект майстра “З любоўю да роднай зямлі”, які ўяўляе сабой скульптуру з чатырох лялек, сімвалізуючых поры года, святы і абрады беларусаў: “Гуканне Вясны”, “Купалле”, “Дажынкі”, “Завея”. Лялькі дасягаюць 120 см ў вышыню і выкананы з жытняй саломкі.

Дамянікава Н.В. пачала сваю творчую дзейнасць на Магілёўскай фабрыцы мастацкіх вырабаў у 1986 годзе рабочай па вырабу сувеніраў, у 1992 годзе стала мастаком народна-мастацкіх промыслаў. Працуючы мастаком, Наталля Вітольдаўна распрацоўвала сувенірныя вырабы з натуральных матэрыялаў. У яе скарбонцы каля 1000 сувенірных вырабаў, сярод якіх кампазіцыі з кветак, лялькі, сурвэткі, пано, павукі, птушкі, фігуркі жывёл, вырабы побытавага прызначэння. Густоўныя, вытанчаныя вырабы Дамянікавай Н.В. (саламяныя павукі, лялькі, кампазіцыі) ўпрыгожваюць інтэр’ер Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы.

Традыцыйнае народнае мастацтва знайшло новае адлюстраванне ў кожнай рабоце майстра. Распрацаваныя яе рукамі сувеніры з саломы вырабы захапляюць сваёй непаўторнасцю і прывабнасцю. У сваёй творчай працы Дамянікава Н.В. таксама выкарыстоўвае зялёную, адбеленую, фарбаваную саломку і сухацветы. Асаблівае месца ў яе творчасці займае дэкаратыўнае аздабленне, якое надае вырабам непаўторны каларыт. Саламяныя лялькі майстра памерам ад 10 см да 1,5 м вядомыя не толькі на Беларусі, але і за яе межамі. Гэта такія лялькі, як “Святочная”, “Запрашэнне”, “Беларусь” і самыя маленькія лялькі – “Ксюша”, “Паўлінка”, “Малышка” і іншыя, а таксама лялькі ў льняным адзенні з вышытымі саломкай фартухамі і кашулямі – “Васілёк”, “Ганулька”, “Дзяўчынка”. Кожнай творчай рабоце Дамянікавай Н.В. уласцівы прыёмы і тэхналогіі старажытных векавых традыцый майстроў Магілёўскага Падняпроўя. У руках сапраўднага майстра звычайная саломка ўвасабляецца ў казачны цуд, поўны сонечнай цеплыні і святла. Наталля Дамянікава знаходзіцца ў пастаянным пошуку новых ідэй, формаў і сюжэтаў, увесь вольны час аддае любімай справе. Памочнікам Наталлі Вітольдаўны ў яе творчай працы з’яўляецца дачка Ганна Кураш, якая працуе выкладчыкам працоўнага навучання ў адной з гімназій г. Мінска. Яна прымала актыўны ўдзел у стварэнні некаторых работ, што будуць прадстаўлены на персанальнай выставе майстра. З 2003 года Дамянікава Наталля Вітольдаўна працуе метадыстам Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. З 2010 года з’яўляецца старшынёй Магілёўскага аддзялення Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. Плённа супрацоўнічае з майстрамі і рамеснікамі вобласці, аказвае ім ўсебаковую падтрымку ў арганізацыі ўдзелу ў конкурсах, фестывалях, кірмашах. Дзякуючы актыўнай дзейнасці Дамянікавай Н.В., майстры Магілёўскай вобласці пастаянна папаўняюць шэрагі Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці. Зараз у яго ўваходзяць 59 таленавітых прадстаўнікоў Магілёўшчыны, з іх 25 сталі членамі Саюза ў 2010 годзе.

Маючы багаты вопыт, Наталля Вітольдаўна перадае яго майстрам і ўмельцам Магілёўскай вобласці. Выязджае ў аграгарадкі вобласці з практычнай дапамогай маладым спецыялістам, дэманструе прыёмы і тэхніку саломапляцення кіраўнікам студый і гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на абласных семінарах-практыкумах і майстар-класах.

2 работы Дамянікавай Наталлі Вітольдаўны (лялькі “Подарочная” і “Беларусь”) унесены ў каталог Першай Нацыянальнай выставы “Вечназялёнае дрэва рамёстваў”. Работы майстра экспануюцца на гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных выставах, конкурсах, фестывалях, сярод якіх:

- Міжнародны фестываль-кірмаш “Славянскі базар” у Віцебску;

- выстава-продаж вырабаў майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Беларусь майстравая” ў рамках Міжнароднага фестывалю “Залаты шлягер”;

- фестываль-кірмаш рамёстваў “Палітра фарбаў і фантазій”, прысвечаны 940-годдзю г. Мінска;

- выстава майстроў і умельцаў Магілёўскай вобласці “Магілёўскі гасцінец” у Дзяржаўным Расійскім Доме народнай творчасці;

- Рэспубліканская выстава народнай творчасці “Калядныя ўзоры”;

- Рэспубліканскі фестываль-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”;

- абласное свята-конкурс саломапляцення “Папараць-кветка”, прысвечанае 65-годдзю Вялікай Перамогі,

- выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў музеі народнага побыту “Дудуткі”;

- міжнародны фестываль славянскай культуры “Хатмыжская восень” (Белгародская вобласць, Расія).

За захаванне і далейшае развіццё самабытных традыцый народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь у 2007 годзе Наталлі Вітольдаўне Дамянікавай прысуджаны пачэсны статус “Народны майстар Беларусі”. За высокі прафесіяналізм, захаванне самабытных традыцый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўзнагароджана Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Па выніках 2010 года Дамянікава Н.В. атрымала спецыяльную прэмію Магілёўскага аблвыканкама “Чалавек года”, з’яўляецца Стыпендыятам спецыяльнай прэміі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.