Вверх

Вы здесь

Заазерскі рубеж (100-я стралковая дывізія ў баях на Магілёўшчыне), Анатоль МАРОЗАЎ

 Анатоль МАРОЗАЎ

Заазерскі рубеж (100-я стралковая дывізія ў баях на Магілёўшчыне)

Пасля захопу гітлераўцамі Бялынічаў 7 ліпеня 1941 года, на паўночным захадзе Бялыніцкага раёна 8-10 ліпеня 1941 года ў раёне вёсак Эсьмоны, Заазер’е ўпартыя абарончыя баі вяла 100-я ордэна Леніна стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра Русіянава І.М.

Яшчэ ў лістападзе 1937 года 100-я стралковая дывізія была пераведзена з Бярдзічава ў раён Мінска. У жніўні 1940 года камандзірам 100-й стралковай дывізіі быў прызначаны генерал-маёр І.М.Русіянаў.

Ф.1. 100-я стралковая дывізія складалася з 85, 331, 355 стралковых палкоў, 46 гаўбічнага артпалка, 34 артпалка, 81 асобнага супрацьтанкавага дывізіёна, 69 асобнага разведывальнага батальёна [1].

Акрамя мінамётаў, артылерыі, на ўзбраенні 100 дывізіі былі яшчэ браневікі БА-20.

100-я стралковая праславілася ў баях за Мінск, дзе акрамя артылерыі для барацьбы з нямецкімі танкамі салдаты і камандзіры ўмела выкарысталі звязкі гранат, бутэлькі з гаручай сумессю. 27 чэрвеня 1941 года ў ходзе контрнаступлення 100-я дывізія адкінула немцаў на 10-13 км на захад.

100-я стралковая дывізія прымала ўдзел у гераічнай абароне Беразіно 1-4 ліпеня 1941 года, а 5 ліпеня 1941 года зрабіла спробу авалодаць Беразіно. Увечары 5 ліпеня 1941 года паступіў загад камандзіра 2 стралковага корпуса адыйсці і заняць абарону па ўсходняму берагу ракі Вослік у Бялыніцкім раёне, па фронту Смагілаўка – Вялікая Машчаніца [1].

Але загад гэты запаздаў, бо па шашы Беразіно – Магілёў непрырыўна рухаліся гітлераўскія войскі, больш таго ўжо 5 ліпеня нашы войскі вялі баі не толькі на рацэ Вослік, але ўжо на Друці.

100 дывізія на працягу амаль дзвюх дзён рабіла абходны манеўр праз Крупскі раён па бездарожжу і балотах, больш за 60 кіламетраў. 7 ліпеня дывізія выйшла да вёскі Сомры Крупскага раёна. [1] Заставіўшы заслон з ліку 355 стралковага палка, знішчыўшы аўтамабілі, праз Вялікае балота дывізія выйшла да вёскі Заазер’е Бялыніцкага раёна, сюды яшчэ ўвечары 6 ліпеня прыбыў 23 медсанбат 100 стралковай дывізіі [2].

За перыяд з 23 гадзін 6 ліпеня да 9 гадзін 7 ліпеня 23 медсанбат прыняў 23 параненых байцоў, 33 – выпісалі і накіравалі ў 331 стралковы полк.

8 ліпеня  1941 года 23 медсанбат  100 стралковай  дывізіі  размяшчаўся  ўжо  каля  пасёлка  Зарэчча , што  побач з  вёскай  Касцюковічы  цяперашняга  Круглянскага раёна.

У  гэты час  355 стралковы  полк  пад  камандаваннем палкоўніка  М. А. Шварова  вёў  бой  з  немцамі каля  Эсьмон, даючы  магчымасць  асноўным  сілам  100 стралковай  дывізіі  акапацца  каля  Заазер’я.

Вось тэкст  данясення  камандзіру  100 стралковай  дывізіі  генерал-маёру  Русіянаву: “ КП у лесе  паўднёвей  Эсьмон. Вяду  бой  за  авалоданне  Эсьмонамі. З Эсьмон  у  накірунку  на  поўнач  па  лагчыне  пайшло  15  нямецкіх  танкаў. У Эсьмонах  з закрытых  аўтамашын  выгрузілася  пяхота  праціўніка, машыны  з’ехалі.

Ф.2. Полк  знаходзіцца  пад  моцным  артылерыйскім  і мінамётным  агнём.  Кансерваў няма.

Швароў” [2].

Раніцай 9 ліпеня  1941 года  ар’ егардны  355  стралковы  полк  з  прыдадзеным яму гаубічным палком і  разведбатам  пад  камандаваннем  палкоўніка  Шварова выйшаў  на  ўсходні  бераг  ракі  Вослік  у  раёне  Шапялевічаў,  дзе ўжо  стаялі ў абароне 331 стралковы  полк і 34  артылерыйскі  полк.

У  той  час, калі  галоўныя  сілы  100 стралковай  дывізіі  арганізавалі  абарону па ўсходняму  берагу  ракі  Вослік, 85 стралковы  полк  пад  камандаваннем  падпалкоўніка М. В. Якімовіча вёў  цяжкія  баі ў акружэнні  на  заходнім беразе  ракі Вослік у  раёне вёскі Заазер’е.[2]

На  працягу ўсяго  дня, 9 ліпеня раён, які  займаў  85 стралковы  полк  падвяргаўся  бясконцаму  артылерыйска-мінамётнаму  агню і  ўдарам  авіацыі праціўніка.

Атакі  танкаў праціўніка з  пяхотай ішлі адна за другой, у кожнай  такой  атацы  ўдзельнічала  больш 20 нямецкіх  танкаў. [3]

Бомбы, снарады і міны праціўніка  разбуралі акопы і траншэі, у  раёне  штаба  85 стралковага  палка  не было ні  аднаго  жывога  месца.

У гэты  дзень, 9 ліпеня, камандзір аддзялення  палкавой  роты  супрацьпаветранай  абароны сяржант А. І. Хіўрэнка  з зенітнага  кулямёта збіў  4 самалёты праціўніка [4].

Гітлераўцы  ніяк  не маглі ўклініцца ў распалажэнне 85 палка.

Як  толькі  вораг  пачынаў  новую  атаку, кідаў уперад  танкі, 85 стралковы  полк  сустракаў іх агнём, нямецкія  танкі падрывалі  звязкамі  гранат, палілі бутэлькамі  з  бензінам.

Ні  на  крок  не  адыйшоў  2 батальён 85 стралковага палка  пад  камандаваннем  капітана  Пятра  Яўгенавіча  Грыгорьева. Разам з  памочнікам  начальніка штаба палка  па разведцы  старшым  лейтэнантам  Мацвеем Піліпенка, капітан Грыгор’еў  некалькі  разоў  паднімаў  батальён у  контратаку. У  гэтых баях загінуў  камбат  2 батальёна капітан  Грыгор’еў, старшы  лейтэнант  Піліпенка, многія  камандзіры і  чырвонаармейцы [4].

Вораг  панёс  у гэтых  баях  вялікія страты і  быў  адкінуты.

Мужна  абараняў  свой  рубеж  3 батальён 85 стралковага  палка  пад  камандаваннем  капітана  Фёдара  Піліпавіча Каўрыжка. Батальён  адбіў  усе  атакі  гітлераўцаў. Група  байцоў  пад  камандаваннем  сакратара  камсамольскага бюро  палка, намесніка  палітрука  Аляксандра  Шнейдармана скрытна  прабралася  на  пазіцыі нямецкай  артылерыйскай  батарэі.  Гітлераўцы  былі  перабіты, былі  захоплены дзве супрацьтанкавыя  гарматы  са  снарадамі.  Байцы  развярнулі  гэтыя гарматы і  трапнымі  стрэламі падбілі  3  нямецкія  танкі.

Толькі  ўвечары  атакі  гітлераўцаў  спыніліся. Падпалкоўнік  Якімовіч  выслаў разведку. Вярнуўшыся  разведчыкі  далажылі, што  полк  акружаны  буйнымі сіламі  гітлераўцаў, толькі на поўнач ад Заазер’я, у раёне вескі Касцюковічы , вораг заставіў  невялікія  сілы, але  там  мясцовасць  забалочана [4].

Было вырашана  прарывацца  з  акружэння  менавіта на Касцюковічы.  Прыкрываць  адыход  палка  было  даручана 3 батальёну капітана Каўрыжка, які  быў  узмоцнены  мінамётнай  ротай  лейтэнанта П. І. Сердзюкова. З  3 батальёнам  застаўся батальённы  камісар  Зыкаў.

Калі  сцямнела, асноўныя сілы  85 стралковага палка  нечаканым  ударам  прарвалі  варожае  кальцо, гэта  астаткі 2 батальёна  капітана Грыгорьева, 1 батальён капітана  Антушава, а таксама  спецпадраздзяленне палка.

Раніцай, 10 ліпеня  1941 года, вораг  без разведкі і артабстрэла  кінуў у бой  танкі і  бронетранспартёры, пасля з’явілася  авіяцыя немцаў. Гітлераўскія  аўтаматчыкі  прасачыліся на  пазіцыі  мінамётнай  роты. Чаргой  ва ўпор  быў  забіты  яе  камандзір  лейтэнант  Павел  Сердзюкоў. Асколкам  міны быў  забіты капітан Васіль Тэртычны, які  быў начальнікам  штаба  3  батальёна.

Скончыліся  бутэлькі з бензінам, на зыходзе былі  боепрыпасы. Усе  акопы і траншэі  былі  завалены  трупамі чырвонаармейцаў і  немцаў, шмат  байцоў  было  паранена.

У  час  наступнай  атакі  гітлераўцаў, батальённы  камісар  Зыкаў  прапанаваў камбату  Каўрыжка контратакаваць  немцаў.

-За  Радзіму!  Застаўшыеся  ў  жывых  байцы і камандзіры  пайшлі  ў сваю  апошнюю  атаку. Капітан  Каўрыжка  выскачыў з акопу, побач  з ім  разарвалася  нямецкая  міна. У гэтым  апошнім баі  шмат  байцоў і  камандзіраў загінула, загінуў і  батальённы камісар  Зыкаў, толькі  нямногім  байцам  удалося  прарвацца тады з  акружэння.

Цяжка паранены капітан Фёдар Каўрыжка, разам з некалькімі дзесяткамі параненых байцоў трапіў у нямецкі палон і спачатку знаходзіўся ў лагеры ваеннапалонных ў Бялынічах. Пасля яго забрала сястра са Шклова, але ,выздаравеўшы, Фёдар Каўрыжка, пачаў займацца падпольнай дзейнасцю, быў схоплены гітлераўцамі і вывезены ў Германію, дзе ён загінуў у адным з канцлагераў.

У баях за вёску Заазер’е было знішчана больш 300 гітлераўцаў, збіта 4 самалёты, падбіта каля 20 нямецкіх танкаў, але шмат загінула і чырвонаармейцаў.

Па словах мясцовага жыхара Васіля Трэццякова, якому ў 1941 годзе было 16 гадоў, яны разам з бацькам перавезлі і пахавалі ў былой сіласнай яме каля 250 чырвонаармейцаў [4].

Асноўныя сілы 85 стралковага палка раніцай 10 ліпеня 1941 года, пераадолеўшы цяжкапраходную забалочаную мясцовасць, выйшаў да вёскі Касцюковічы, але на гэты раз уз’яднаюцца з галоўнымі сіламі дывізіі не ўдалося.

9 ліпеня 1941 года асноўныя сілы і штаб 100-й ордэна Леніна стралковай дывізіі на чале з камандзірам генерал-маёрам І.М.Русіянавым пераправілася каля Цяцерына праз раку Друць і пачалі рухацца на Шклоў для пераправы праз Днепр.

Немцы сканцэнтравалі ў Галоўчыне буйныя сілы з ліку 10 танкавай дывізіі і пачалі наступаць на поўнач уздоўж ракі Вабіч на Шклоў. Адыход 331 стралковага палка, 34 і 46 артпалкоў і штаба 100 стралковай дывізіі прыкрываў 355 полк палкоўніка Шварова.  Сюды да Шклова праз тэрыторыю Бялыніцкага раёна прабіваўся і 85 полк падпалкоўніка Якімовіча. 10 ліпеня Бялыніцкі раён быў поўнасцю акупіраваны, а разам з гэтым быў завершаны першы этап абароны Магілёва, на яго заходнім рубяжы.

Использованная литература и источники:

  1. ЦАМА РФ, ф.601, воп.501244, спр.2, л.1-3
  2. Нарысы гісторыі Беларусі, ч.2, Мн.1995, стар.270
  3. Сазонов И.Ф. Первая гвардейская. М.1961, с.100
  4. Сазонов И.Ф. Первая гвардейская. М.1961, с.100
  5. ЦАМА РФ, ф.1043, воп.1, спр.2, л.72.
  6. Таксама, л.72
  7. ЦАМА РФ, Ф. 1043, воп.1, спр.2, л74.
  8. ЦАМА  РФ, Ф. 1043, воп. 1, спр.2, л.76
  9. Сазонов И. Ф. Первая гвардейская. М.1961, С.105
  10. Таксама, стар.105
  11. Таксама, стар.105
  12. Таксама, стар.105
  13. Кузьмичев  Анатолий. Час  переклички. Мн. 1981,с.37
  14. Таксама, стар.37
  15. Таксама, стар.37
  16. Кузьмичёв Анатолий. Час  переклички, с.38
  17. Морозов А.И. На Заозерском рубеже. «Могилёвская правда», 28 июля 2006 г.
  18. Сазонов И.Ф. Первая гвардейская. М.1961, с.106
  19. Борисенко Н.С. Днепровский рубеж: трагическое лето 1941-го, с.64

 

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.