Вверх

Вы здесь

Жанна КАРАЛЕНЯ, Праз усю вайну…

Жанна КАРАЛЕНЯ

Праз усю вайну…

Прыбліжаецца 70-я гадавіна з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. З кожным годам усё менш і менш ветэранаў стаіць з квет-камі ў руках каля абеліскаў загінуўшым у гады вайны. Успаміны гэтых людзей вельмі каштоўныя для выхавання падрас­таючага пакалення. Калі мы забудзем трагічныя ўрокі гісторыі – яны могуць паўтарыцца зноў.

На вуліцы Паўночнай у Птушычах Асіповіцкага раёна жыве Мікалай Сцяпанавіч Жыльцоў, карэнны русак. Нарадзіўся ён 15 лістапада 1922 года ў в. Фёдаркава Барэйтаўскага раёна Яраслаўскай вобласці. Пражыў Мікалай у Расіі толькі 19 год, а ўжо больш за 60 гадоў жыве ў Беларусі, якую палюбіў на ўсё жыццё. Якія жыццёвыя дарогі прывялі гэтага чалавека на дараганаўскую зямлю, мы з Ларысай Сідараўнай Стоцкай – нашым мясцовым краязнаўцам – і кіраўніком пошукавага атрада «Узлёт» Жаннай Сямёнаўнай Караленяй даведаліся пасля таго, як пабывалі ў гасцях у ветэрана.

Вёска Фёдаркава размешчана на беразе Рыбінскага вадас-ховішча. Сям’я Жыльцовых была вялікая – сямёра дзяцей. Мікалай самы старэйшы, таму вучыцца доўга яму не давялося – скончыў толькі тры класы і пайшоў працаваць у хлебапякарню: мясіў уруч-ную цеста для абаранкаў. Рукі распухалі так, што не зашпіляліся гузікі на кашулі. За 15–20 мінут трэба было замясіць два мяшкі мукі. А майстар возьме ды і ўкіне галоўку ад запалак. І трэба было за-мясіць так, каб гэтую галоўку знайсці.

Калгас быў вельмі бедны, трэба было дапамагаць бацькам. Адно лета пасвіў авечак. За цэлае лета зарабіў 80 кг зерня. Адтуль, з Фёдаркава, і быў прызваны ў Чырвоную Армію 27 верасня 1941 у ваенкамаце горада Кімры за 120 кіламетраў ад Масквы. Выбралі з прызыўнікоў 20 чалавек для работы з сабакамі – вывозіць раненых з поля бою. Была таксама спецыяльная падрыўная група, дзе сабак абучалі ўзрываць фашысцкія танкі, сабакі пры гэтым гінулі. Каб сабакі з замацаванай у іх на спіне спецыяльнай сумкай са ўзрыўчаткай не баяліся танкаў, ім ставілі есці пад макетам танка, потым пад танкам, які павольна рухаўся. Да ўзрыўчаткі быў прымацаваны дрот-антэна на такой вышыні, каб зачапіў гэтым дротам сабака за днішча танка, калі будзе пад яго падлазіць. Потым немцы сталі рабіць жалезныя шчыты паміж гу-сеніцамі да зямлі і мацаваць на танку, каб сабака не падлез.

Немцы ішлі на Маскву, баі былі пад Калініным. Салдат-сабакаводаў эвакуявалі за Урал у горад Турэцк Свярдлоўскай вобласці, што на рацэ Тура, каб набраць у мясцовага насельніцтва чатырохногіх гадаванцаў (толькі аўчаркі і эрдэльтэр’еры ма-білізоўваліся, бо яны вельмі вынослівыя сабакі, а эрдэльтэр’еры яшчэ і паслухмяныя) і абучыць іх цягаць сані. «Зіма была з 50-градуснымі маразамі. Сабакам капалі но-ры-будкі ў берагах ракі Туры, а выхад з такіх будак зачынялі пляцёнкамі. Начальнікам школы сабакаводаў быў падпалкоўнік Мядзведзеў, які застаўся жывы пасля вайны і працягваў сваю працу па дрэсіроўцы і абучэнні сабак у г. Белы на р. Цвердзь у мірны час. Яшчэ ў гэтай школе вучылі галубоў для паштовай сувязі.

Пасля таго як сабакі сталі слухаць гаспадара, нам прывезлі нарты і лыжы. Мы злучылі лыжы з нартамі (а гэта былі самыя звы-чайныя салдацкія насілкі на невялікіх ножках) металічнымі кольцамі і вінтамі, пагрузіліся ў вагоны і паехалі на фронт. На кожнага было па тры сабакі. Сабака атрымліваў два чырвонаармейскія пайкі. 10 студзеня 1942 года я быў на фронце. На станцыі Баравічы нас павярнулі на Волхаў, і 280 кіламетраў мы дабіраліся сваім ходам на Ленінградскі фронт. Ішлі ноччу, а днём рабілі схованкі ў лесе – у снезе – і ляжалі, бо нямецкія самалёты ганяліся нават за адным салдатам, калі заўважаць дзе. Памятаю, праходзілі праз гарады Малая Вішара і Вялікая Вішара. Калі дайшлі да лініі фронту, то размясціліся на перадавой: снег і балота, пад снегам – вада. Рабілі буданы пад дрэвамі з яловых лапак, пасярэдзіне будана днём палілі касцёр. Ноччу касцёр паліць нельга было. Для сабак таксама былі асобныя буданы. Для іх была спецыяльная кухня, там варылі пярловую і аўсяную кашы з канінай. Коні былі і забітыя, і мёртвыя. Не было для іх корму, аб’ядалі, бедныя, яловыя і сасновыя галінкі, колькі маглі дастаць. Ідзе-ідзе слабы конь, а потым раптоўна падае, нібы падкошаны. І больш ужо сілы няма падняцца. Сабакі былі навучаныя, каб дапамагаць зацягваць параненага на нарты: адвязвалі карэннага з упражкі і ён цягнуў за шынель, дапамагаў санітару. Яшчэ пускалі сабак адных. Калі яны знаходзілі ў цемнаце параненых, то бралі спецыяльны кожаны жэтон у зубы і беглі назад. У іх на спіне тады была яшчэ замацавана сумка з медыкаментамі, карандаш і блакнот. Калі паранены мог, то пера-вязваў сябе сам і пісаў запіску. Сабака з тым жэтонам, які быў прымацаваны ў яго да нашыйніка, бег да санітара, а потым па сваім следзе вяртаўся па байца.

Наша воінская часць называлася так: атрад нартавых упражак у 1170-м палку 348-й дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Нікіціна. Камандзірам нашай роты быў старшы лейтэнант Цітавец, які да таго часу прайшоў ужо фінскую вайну. Камандзірам майго аддзялення быў масквіч Панічкін.

Санітары выносілі параненых з поля бою, а потым грузілі на нарты і везлі ў санроту. Там я і атрымаў сваё і першае баявое хрышчэнне, і першае раненне – каля Вішары. А адбылося гэта так. Я, Селівёрстаў і Панічкін размясціліся каля санчасці, разгрэблі снег і ляжалі на яловых галінках. Сабакі былі прывязаны метраў за 10–15 ад нас. Мы дзяжурылі па сутках, потым нас змяняла іншае аддзяленне. Не вельмі далёка ад палаткі, у якой была наша медсанчасць, размясцілася савецкая дальнабойная гармата і страляла па немцах. Праз некаторы час немцы яе засеклі і пачалі біць па ёй са сваіх гаубіц. Спачатку фашысцкія снарады клаліся далекавата ад нас, праносячыся над галовамі са свістам. Але апошні нямецкі снарад ударыў у санітарную палатку. Усіх у палат-цы – насмерць, толькі адзін застаўся паранены. Майго камандзіра Панічкіна Аляксандра з-пад Масквы смяротна параніла ў жывот, а мяне асколкам у нагу. Калі я дабраўся да яго і расшпіліў бушлат, то ўбачыў, што ўсё плыве ў яго з жывата: і кроў, і кішкі. Селівёрстаў недзе сышоў яшчэ перад абстрэлам, у палатцы ніхто не можа дапамагчы. Што рабіць? Тут едуць нашыя павары з перадавой на кані: вазілі вячэру. Крычу, каб забралі Панічкіна. Яны пачулі і забралі і майго камандзіра, і параненага з палаткі. А сам не магу параненую нагу выцягнуць са снегу, каб дайсці да сабак з нартамі. Крычу: «Берта, ка мне!» Зваў, зваў, пакуль сабакі не прыбеглі. Выратавала мая важатая сабака Берта. Рваліся прывязаныя сабакі да мяне, пакуль Берта не перагрызла і парвала павадок. Сам бы выйсці я ўжо не змог па такім снезе. Лёг на нарты і вельмі баяўся, каб не натрапіць на які-небудзь пень. Дарога была па каляіне, дзе прайшлі танкі. Давезлі мае сабакі мяне да нашых у медсанчасць. Папрасіў, каб паведамілі ў нашу роту і забралі сабак. Прыйшоў камандзір роты, папытаўся, дзе Панічкін. Я паказаў на збіты з дошак стол на ножках, дзе Панічкін ляжаў ужо мёртвы. Цітавец развітаўся са мной, забраў сабак і вярнуўся з імі ў роту.

На снезе былі пасланыя яловыя лапкі, на іх – брызент, на гэтым брызенце і ляжалі ўпокат параненыя. Мёртвых выносілі за палатку і складвалі штабялямі: адзін на аднаго. Ляжыш каля края палаткі, а за брызентавай сцяной – акасцянелыя трупы нашых салдат. Так потым ці наступленне, ці адступленне – іх ніхто і не пахаваў, бо былі страшныя маразы зімой 1941 года, і баі былі страшныя там, дзе злучаліся Ленінградскі і Волхаўскі франты.

На трэці дзень падагналі машыны да медсанчасці, накідалі ў кузавы трафейных «студэбекераў» і нашых «ЗІЛаў» лапак, нацяг-нулі брызент і павезлі на чыгуначны раз’езд. Выгрузілі ў адной хаце 27 чалавек. Ні санітараў, ні дактароў там не было. Немцы бамбілі раз’езд, нашы стралялі з зенітак. Калі ўсё сціхла, прыйшла гаспа-дыня гэтай хаты. Мы папрасілі яе прынесці нам паесці. Яна схадзіла на палявую кухню і прынесла вядро грэчневай кашы. Потым злазіла ў падполле і дастала бульбы, наварыла нам яе ў мундзірах. На трэці дзень нас завезлі на станцыю Баравічы. Адну ноч пераначавалі добра, а на другую ноч ізноў прыляцелі нямецкія самалёты бамбіць. Хадзячыя маглі выйсці з барака, а мы, ляжачыя, толькі ляжалі і чакалі: трапіць ці не бомба ў наш корпус. Бомба трапіла ў суседні корпус і адкалола цэлы вугал сцяны дома. Потым нас павезлі ў шпіталь г. Цейкава Іванаўскай вобласці. 25 дзён з фронта мы дабіраліся да шпіталя. За ўсе гэтыя дні былі толькі дзве перавязкі. Рана на назе загнілася. Параніла мяне 1 сакавіка 1942 г., і па 8 мая 1942 г. я лячыўся ў шпіталі.

Камандзір роты з самага пачатку на фронце перад строем нам аб’явіў, што за сорак параненых, вывезеных з поля бою ў медсан-бат, санітары атрымліваюць ордэн Чырвонага Сцяга, за меншую колькасць – медалі. З нашага аддзялення я быў паранены самы першы, і хаця вывез да таго часу 18 чалавек – узнагароды не атрымаў.

Маці пісала на фронт і ў шпіталь мне пісьмы. Ёй было вельмі цяжка: бацька таксама ваяваў з фашыстамі, а ў яе на руках было шасцёра малых дзяцей. Яна прадала карову, бо не было чым карміць.

Пасля шпіталя – зноў на фронт. Пасля ранення прывезлі ў запасны полк у горад Калінін: рэзалі, валілі лес, будавалі зямлянкі. Калінін да таго часу ўжо вызвалілі ад немцаў. Мы былі за тры кіламетры ад самога горада.

У шпіталь я трапіў 1 сакавіка, а калі ў маі выпісалі з яго, то адзенне выдалі тое ж, у якім паступаў, – зімовае: шапка-вушанка, валёнкі, кажух. Зямлянкі будавалі вялікія – метраў па сорак, каб магла размяшчацца цэлая рота. Цяжка мне было, пакуль не пера-абмундзіравалі. Кажух здымаў і шапку таксама. Аднойчы палажыў шапку на свежы пень ад толькі што спіленай сасны – нацякла поўная шапка смалы. Як я ні стараўся тую смалу выдраць, нічога не дапамагала. Адна жанчына з вёскі ўзяла маю шапку, паклала на старую газету, а зверху прагладзіла прасам з гарачым вуголлем. Уся смала пайшла ў газету. Вось так адратавала яна мне шапку.

Нас там вучылі на малодшых камандзіраў. Вучылі ўсіх 2 месяцы – такая была праграма, а нас 1,5 месяца – і адразу, пешымі, пад горад Ржэў. Там такія былі баі, што ўспамінаць страшна. Фронт наш называўся Калінінскі. Я быў ужо сяржантам, камандзірам ад-дзялення. Камандзір узвода ў нас быў украінец Сергіенка. Немцы рваліся на Сталінград, таму начамі з нашых пазіцый тайна здымалі артылерыю і пераводзілі пад Сталінград. Каб фашысты не здага-даліся, што фронт аголены, мы пастаянна завязвалі баі мясцовага значэння. Нямецкая разведка не спрацавала, а то зусім было б там туга, магчыма, адступалі б мы пад Урал. Амаль кожны дзень ішлі ў бой.

Ржэў нашы войскі ўзялі ў сакавіку 1943 года. Тут далі нам пагоны. У мяне было тры палоскі – сержанта. Бачыў у тых баях такое, што ўспамінаць і цяпер не магу. Пяхота ваявала ў той час у асноўным з дзесяцізараднымі вінтоўкамі. Яны-то лёгкія, але сябе не апраўдалі. Выстраліш, не дай Бог, пясок трапіў – шляпку адрывае, а гільза застаецца ў ствале. Трэба шомпал – і выбіваць. Аўтаматы былі толькі ў ротах аўтаматчыкаў, якія ахоўвалі камандзіра палка, і ў разведчыкаў. Пазней зброі стала больш, а ў той час, нават калі на полі бою здабудзеш аўтамат, то яго трэба было аддаць: раз-ведчыкам ён патрэбны больш. Пяхота была з вінтоўкамі.

У горадзе Ржэве ацалелі толькі падвалы: усё астатняе было разбіта. Жывых людзей засталіся адзінкі. Потым пайшлі баі за Ельню, Вязьму і ўсё пеша – пяхота. Вызвалялі Магілёў, прайшоў пераправы праз Днепр і Дзясну, моцныя баі былі на рацэ Проні. Фронт на Проні стаяў доўга.

З Магілёва з баямі пайшлі на Мінск праз Беразіно, Чэрвень. Немцы, ашалеўшыя ад страху, выходзілі з Бабруйскага катла гру-памі. У лясах іх было вельмі многа. І ўсе гэтыя групы рухаліся ў напрамку фронту: думалі злучыцца са сваімі. Прайшоў я з 348 й дывізіяй у 1170-м стралковым палку з баямі да Мінска. Быў я ў 1944 годзе першым нумарам кулямётчыка ў роце аўтаматчыкаў. У гэтай роце былі вельмі добрыя афіцэры – не такія, як Сергіенка. Той не шкадаваў салдат: можна было калі і даць адпачыць, а ён усё прымушаў акапвацца, дзе і не трэба было. Тут быў камандзірам капітан Канчакоўскі – душа-чалавек. Два ўзводы аўтаматчыкаў выйшлі ў в. Малы Трасцянец у канцы чэрвеня. У Мінску ўжо баі ішлі, а мы ішлі ззаду нашых асноўных сіл. Ішлі дзень і ноч – наступалі. З намі была рацыя, па ёй мы атрымлівалі загады, куды рухацца. У в. Малы Трасцянец мы ўбачылі згарэўшую вялікую канюшню каля невялікай канаўкі. Руіны спаленай канюшні яшчэ дыміліся. Дагаралі нашы людзі, якіх фашысты сагналі за некалькі гадзін да вызвалення, замкнулі ў канюшні, аблілі бензінам і падпалілі. Каб не ўцяклі ахвяры з агню, стралялі з аўтаматаў. У мяне ў вачах стаіць напаўабгарэлы труп жанчыны, якая прыціскала да сябе малое дзіця. Яна падкопвалася пад падрубу, але вылезці не паспела. Так і ляжала: палова цела з працягнутай рукой на волю, палова з абпаленай рукой прыціскае дзіця…

Адна старэнькая бабуля, якая аднекуль выйшла да нас, раска-зала, што ў гэтай канюшні згарэла больш 2,5 тысячы чалавек. Там былі і мірныя жыхары, і ваеннапалонныя. Камандзір роты пастроіў усіх салдат каля гэтага пажарышча і сказаў: «Бачыце, што нелюдзі робяць з нашымі людзьмі! Нам трэба адпомсціць за ўсіх загінуўшых, закатаваных і спаленых. Палонных не браць». Калі б мы паспелі раней прыйсці на гадзіны тры – то, магчыма б, і людзі засталіся жывыя.

Потым нас крыху павярнулі ад Мінска і загадалі размясціцца на дарозе, якая ідзе з Пухавіч на Мінск. А немцы яшчэ ззаду нас ідуць, тыя, што выходзяць з бабруйскага катла і даганяюць свае адсту-паючыя войскі. Мы ж не ведалі, дзе, калі і колькі іх можа выйсці. Камандзір загадаў нам акапацца з левага боку дарогі на Мінск. Я быў кулямётчыкам, а кулямётчыкаў заўсёды размяшчаюць на флангах. Мы з маім напарнікам прыкрывалі левы фланг, той, што быў з боку Мінску. Сонца толькі ўзыходзіць, а тут рухаецца абоз нямецкі: коні цягнуць гарматы, немцы ідуць за падводамі. А мне камандзір сказаў: «Як толькі машына ці конь да цябе даходзіць, то адкрывай агонь, не чакаючы больш ніякай каманды, перакрый да-рогу, каб атрымалася сумяціца». Нашы салдаты акапаліся толькі на адным баку дарогі, каб, страляючы, не параніць адзін аднаго.

І вось першымі ідуць два вялікія сівыя кані і цягнуць гармату. На падводзе сядзяць два немцы, адзін з якіх дрэмле. Камандзір роты мне паказвае пальцам са свайго акопа – яшчэ, яшчэ, далей пра-пускай. Калі да немцаў было толькі метраў дзесяць, я выпусціў першую чаргу: і ўсё – дарогі не стала. Коні паваліліся мёртвыя, гармату развярнулі на ўсю дарогу. Увесь абоз, а там было немцаў 60–70, недзе за паўгадзіны быў знішчаны. Там і па дзве пары коней цягнулі гарматы, і немцы, што ехалі верхам на конях, хацелі ўцячы, перарэзаўшы пастронкі, але ніхто з іх не ўцёк і не застаўся жывы ў тым баі: палонных не бралі.

Мы як перайшлі ў наступленне, то з таго часу і не пе-ра­апра­наліся. А тут у абозе была цэлая павозка адзення і бялізны нашай – чырвонаармейскай. Можа, немцы везлі яе, каб пе-ра­апрануцца і, так замаскіраваўшыся, уцячы? Толькі апранулі тое чыстае адзенне мы, а не яны.

Мінск мы прайшлі ўжо па-гатоваму: горад быў вызвалены. Да-лей пайшлі ў напрамку Беластока.

Якімі б дарогамі ні ішоў я да Берліна, а гэта былі і Ленін-град­ская, і Смаленская вобласці, але нідзе так не сустракалі воінаў-вызваліцеляў, як на беларускай зямлі – выносілі, хто што мог: хто малако, хто печаную бульбу, хто вядро вады з кубкам, хто зелле якое-небудзь (шчаўе ці яблыкі зялёныя). Беларусь і партызанаў карміла, і сама нешта ела, і фашысты грабілі-адбіралі, і салдатам яшчэ нешта змагла вынесці. Я б, здаецца, на месцы нашага ўрада без грошай бы тых людзей у Беларусі карміў, якія перажылі вайну».

Потым быў Беласток. Мікалай Жыльцоў быў кулямётчыкам. Тут ён быў паранены другі раз – у другую нагу, асколкам у самы су-стаў. Раненне атрымаў у баі за аэрадром пад Беластокам. Як успамінае ветэран, пагарачыўся, мог не лезці на ражон, а пабера-гчыся. 27 параненых на самалёце вывезлі ў Магілёў, раны апрацавалі, перабінтавалі і павезлі ў Рослаўль Смаленскай воб-ласці ў шпіталь. « Нас, хто стаў рухацца, хадзіць, накіравалі ў в. Баршчоўка, што за 20 км ад Рослаўля, у школу санінструктараў, а шпіталь № 502 перамяшчаўся за фронтам і быў ужо ў Беластоку. Пасля школы накіравалі далечвацца ў Беласток. У той час усіх па-раненых, якія вярталіся на фронт, вучылі на санінструктараў, бо баі на чужой тэрыторыі чакаліся яшчэ больш жорсткімі. Пасля шпіталя – зноў баі ў Польшчы». У шпіталі Мікалай атрымаў спецыяльнасць санінструктара і быў накіраваны ў 250-ю дывізію 918-ты ордэнаў Суворава і Кутузава Чырвоназнамённы стралковы полк.

14 студзеня 1945 года, калі пачалося агульнае наступленне на ўсіх франтах, дывізію павярнулі не на Варшаву, а на Усходнюю Прусію – на Кёнігзберг. «Вось тут ужо былі і баі... Асабліва даста-лося тым, хто трапіў на касу, што ішла па моры. З усіх бакоў іх абстрэльвалі з нямецкіх кацераў». За мужнасць, праяўленую ў гэтых баях, Мікалай Сцяпанавіч атрымаў медаль «За штурм Кёнігзберга». Акрамя гэтага, ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Вялікай Айчыннай вайны І ступені, медалямі «За адвагу», «За перамогу над Германіяй», «За ўзяцце Берліна». Магчыма, не ўсе ўзнагароды знайшлі ветэрана, бо пасля шпіталяў ён атрымліваў новыя вайсковыя спецыяльнасці і трапляў у іншыя падраздзяленні. За само раненне звычайна ўзнагароджвалі, як казалі, – за кроў. Звычайна, за раненні давалі медалі «За баявыя заслугі».

М.С. Жыльцоў за два свае раненні ўзнагарод не атрымаў. Аб адным уз­на­гароджанні ён успамінае наступным чынам: «Выклікалі нас з Васем Жураўлёвым з Магілёўскай вобласці Хоцімскага раёна в. Гарадок у штаб палка. Ёлкі-палкі, чаго нас у штаб? Што мы такое дзе натварылі? Каб хоць штаб роты ці батальёна, а то штаб палка! Камандзірам палка быў падпалкоўнік Івашчанка, добры быў камандзір. Раніла яго было каля самага мора ў Кёнігзбергу, я і перавязваў яго, і выносіў. Ідзём з Васілём і баімся – каб не рас-стралялі за што. Прыходзім, а нам чытаюць загад: «Вы ўзнагарод-жваецеся медалямі «За адвагу».

Танкісты, лётчыкі, зенітчыкі з «Кацюш» больш атрымлівалі ўз-нагарод, пяхоце менш даставалася».

«Мы пол-Европы по-пластунски прошагали…» – гэтыя словы і пра Мікалая Жыльцова. Толькі 70 кіламетраў праехаў ён да Бер-ліна, а так усё пехатой. Вайну закончыў 7 мая на Эльбе. Вось толь­кі сустрэча з аме­рыканцамі іхняга 918-га ордэнаў Суворава і Кутузава Чыр­ванасцяжнага палка адбылася не такая, як на гіста-рычным фотаздымку ваеннай кінахронікі. Перад самай Эльбай амерыканцы чамусьці абстралялі лес, па якім рухаліся нашы роты. Камандаванне выклікала падмогу – «кацюшы». « Столькі «кацюш» я нідзе не бачыў. Яны як «сыгралі» – на тым беразе толькі разбітыя «Віллісы» і трупы. Ад нас уцякалі «ўласаўцы». Можа, амерыканцы думалі, што страляюць па «ўласаўцах», якіх яны не хацелі да сябе прымаць, а мо і нас хацелі паспрабаваць спыніць. Неразбярыха нейкая выйшла. А «кацюшы» разабраліся і адразу навялі парадак».

Шмат памятае ветэран. Не можа забыць, як вызвалялі вязняў з канцлагера. Прыехалі на пяці танках на месца, азначанае на карце, – а там толькі лес, ачэплены калючым дротам. Нікога і нічога няма. Раптам аднекуль з-пад зямлі пайшлі і пайшлі дзяўчаты, абутыя ў драўляныя калодкі, у паласатых рызах. Яны былі вывезеныя з Украіны і працавалі на падземным заводзе па вытворчасці патронаў. Многа іх выйшла з-пад зямлі. Некалькі з іх вярнуліся назад і выцягнулі на паверхню тоўстага немца – начальніка завода, а наземная ахова даўно разбеглася. Пазнімалі нявольніцы калодкі – ды давай біць фашыста па галаве з усёй сілы. Нормы выпрацоўкі такія даваў, што не выканаць, а за невыкананне – пазбаўляў ежы. Заліло ў таго ўвесь твар крывёй, адзін з нашых салдат не вытрымаў: зняў з пляча аўтамат і застрэліў немца, бо з рук выжыўшых у нечалавечых умовах дзяўчат вырваць фашыста было ўжо немагчыма.

Дэмабілізаваўся Мікалай Жыль­цоў у 1947 годзе ў Дараганаве Асіповіцкага раёна, дзе служыў пасля Барысава і Печаў у 111-й роце 1-й Паветранай арміі. Гэта рота размяшчалася недалёка ад в. Камарына і в. Дараганава і ахоўвала 270-ы авіясклад. Іржавыя, прыйшоўшыя ў нягоднасць бомбы ўзрывалі, астатнія змазвалі, ахоўвалі.

У Беларусі знайшоў сваё каханне – птушыцкую дзяўчыну Нас­цю Халадок. Нарадзілі і выхавалі пяцёра дзяцей. Пра­цаваў лябёдчыкам, грузчыкам, матарыстам спачатку на лесасплаве, а пасля 1959 года – у леспрамгасе ў Дараганаве. За добрасумленную працу не раз атрымліваў узнагароды, памятныя знакі «Ударнік пяцігодкі».

Праз шмат гадоў пасля вайны ў Дараганаўскай лазні М.С. Жыль­цоў аднойчы пачуў, як нехта называе нумар яго дывізіі, у радах якой ён уступіў на беларускую зямлю. Калі пачаў распытваць, то аказалася, што ўсе гэтыя пасляваенныя гады ў Дараганаве жыў і працаваў яго аднапалчанін Мікалай Арцёмавіч Рудзяк. М.А. Рудзяк партызаніў у Клічаўскіх лясах, і ў в. Паплавы Клічаўскага раёна ў канцы чэрвеня 1944 года партызаны злучы­ліся з наступаючымі войскамі Чырвонай Арміі, якраз той 348-й дывізіі, у якой ваяваў Мікалай Сцяпанавіч Жыльцоў. Аказалася, што нават у адным шпіталі ў Беластоку лячыліся пасля раненняў. Толькі полк у М.А. Рудзяка быў 1172-гі стралковы, а ў М.С. Жыльцова – 1170-ы, Міка­лая Арцёмавіча вы­везлі далечвацца ў г. Тулу, а Мікалая Сця­панавіча – у г. Рос­лаўль.

Шмат пра што было ўспомніць і па­гаварыць ветэранам аднапалчанам, было пра што і памаўчаць. Абодвум ужо за 80 гадоў. Сус­тракаліся яны не толькі ў Дзень Перамогі, але і на іншыя святы. На вялікі жаль, у час нашай працы над кнігай 23 снежня 2009 г. пайшоў з жыцця Мікалай Арцёмавіч Рудзяк.

Засталіся ўспаміны, якія мы паспелі запісаць у ветэрана-партызана. Толькі сярод іх шмат такіх, якія Мікалаю Арцёмавічу было балюча ўспамінаць… Балюча да слёз, хоць прайшло ўжо з таго ліхалецця каля 70 год.

ЛІТАРАТУРА

1. Успаміны М.С. Жыльцова, дыктафонны запіс. 2009 г. Архіў Дараганаўскага краязнаўчага музея.

2. «Асіповіцкі край» – перыядычнае выданне – газета, № 39 ад 08.05.2009 г.

3. Караленя, Ж. Пяшком праз усю вайну / Асіповіцкі край. – 2009. – 26 мая (№ 44).

Если вы заметили ошибку в тексте, пожалуйста, выделите ее и нажмите Ctrl+Enter.