Чацвёра таленавітых прадстаўнікоў Магілёўшчыны атрымалі званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”. Ганаровы статус быў прысвоены на пасяджэнні рэспубліканскай экспертнай камісіі, якое праходзіла ў Мінску.
“Народнымі майстрамі” сталі Ларыса Лямцава з г.п. Круглае (тэкстыльная лялька, ткацтва паясоў), Галіна Сцепанькова з в. Копцеўка Горацкага раёна (лозапляценне), а таксама магіляўчане Ігар Грышын (апрацоўка дрэва) і Наталля Русіян (кераміка). Работы гэтых умельцаў экспанаваліся ў мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці і атрымалі высокую ацэнку экспертнай камісіі.
Дарэчы, на сённяшні дзень на Магілёўшчыне жыве і працуе 14 майстроў з высокім званнем “народны”. Усяго ў краіне – 61.
Адзначым, гэты статус можа надавацца асобе, якая займаецца творчасцю ў галiне народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва i ручнога мастацкага рамяства, набыла майстэрства традыцыйным спосабам праз пераемнасць цi ў працэсе самастойнай творчай працы, у сваiм мастацтве i рамястве абапiраецца на традыцыi (мясцовыя, рэгiянальныя, нацыянальныя), творча iх развiвае, праяўляе здольнасцi да iндывiдуальнай iнтэрпрэтацыi.
Гэта распаўсюджваецца на тых народных майстроў, якiя займаюцца традыцыйным рамяством, прадаўжаюць i развiваюць яго традыцыi праз выкананне ўзораў традыцыйных вырабаў; ствараюць мастацкiя каштоўнасцi, што з'яўляюцца працягам народных традыцый, вынiкам мастацкага мыслення, уласцiвага традыцыйнай народнай культуры, адлюстраваннем беларускай нацыянальнай ментальнасцi; а таксама прымаюць удзел у выставах народнай творчасцi, святах-конкурсах, фестывалях i iншых культурна-масавых мерапрыемствах.