RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка аб адкрыцці зборнага пункта: мы ўклалі ў яго душу, каб кожны малады чалавек, які прыйдзе сюды, адчуў, што запатрабаваны

Абласны зборны пункт ваеннага камісарыята адкрылі сёння ў Магілёве. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прынялі старшыня аблвыканкама Анатоль Ісачанка, міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі генерал-лейтэнант Аляксандр Вольфавіч, удзельнікі штогадовага збору «Ваенная бяспека і абарона дзяржавы».

Зборны пункт уяўляе сабою спецыяльна абсталяваны будынак з прылеглай тэрыторыяй, на базе якога плануецца праводзіць прыпіску грамадзян да прызыўных участкаў, медыцынскі агляд, медагляд, прызыў на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, збор і адпраўку прызваных грамадзян на ваенную службу. Аб'ект створаны максімальна камфортна для правядзення ўсіх неабходных мерапрыемстваў. Тут прадугледжаны памяшканні для прафесійнага адбору грамадзян на тэрміновую службу, месцы размяшчэння як для прызыўнікоў, так і для ваеннаслужачых, якія прыбываюць па маладое папаўненне. Арганізаваны рабочыя месцы для пасяджэння абласной прызыўной камісіі, высакаякасным медыцынскім абсталяваннем забяспечаны кабінеты для ўрачоў-спецыялістаў. Увага была накіравана і на добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі, у тым ліку, з прыцэлам на работу па ваенна-патрыятычнаму-выхаванню.

На гэтым акцэнтаваў увагу і Анатоль Ісачанка, адказваючы на пытанні журналістаў: «Абласны зборны пункт пабудаваны практычна з нуля. Мы ўклалі ў яго душу, каб кожны малады чалавек, які прыйдзе сюды, адчуў, што запатрабаваны ў нашай краіне, нашых узброеных сілах, - падкрэсліў ён. - Вялікую ўвагу надалі патрыятычнаму выхаванню. Тут устаноўлены помнік першаму ваеннаму камісару па Магілёўскай вобласці палкоўніку Івану Ваяводзіну, створана Алея герояў Рэспублікі Беларусь. Каб маладыя людзі бачылі і ганарыліся іх подзвігамі. Сёння зборны пункт пачынае сваю працу. Яго будаўніцтва працягвалася 14 месяцаў, затрачана каля Br7 млн. І гэта сапраўды патрэбны аб'ект у наш час, калі мы бачым, што адбываецца вакол нашай краіны, якая пры гэтым застаецца кутком міру і стабільнасці. І нашая задача, усіх, без выключэння, – абараняць нашую радзіму, захоўваць цэласнасць нашай дзяржавы».

У сваю чаргу Віктар Хрэнін падкрэсліў, што менавіта тут у маладых людзей будзе фарміравацца першае ўражанне аб узброеных сілах: «І гэта сучасны комплекс, які сёння пабудаваны ў рэгіёне. Мы бачым, якая пільная ўвага надаецца гэтаму пытанню кіраўніцтвам Магілёўскай вобласці. Што кажа пра наша добрае, дакладнае ўзаемадзеянне».

Міністр абароны таксама адзначыў, што за той час, што ў Беларусі праводзіцца збор «Ваенная бяспека і абарона дзяржавы», а ён сёлета юбілейны - дзясяты, падыход да пытанняў гарантавання бяспекі дзяржавы ў людзей змяніўся: «І гаворка ідзе не толькі пра цеснае. супрацоўніцтва паміж дзяржорганамі і ўзброенымі сіламі. Усе мерапрыемствы, якія праводзяцца намі, з ваеннаабавязанымі, з народным апалчэннем, з нашымі людзьмі паказваюць, што іх не трэба пераконваць у важнасці сумеснай абароны нашай дзяржавы. Людзі самі разумеюць, што толькі аб'яднаўшыся мы можам супрацьстаяць тым выклікам, якія, на жаль, існуюць вакол краіны. І толькі ў адзінстве наша сіла, і толькі так нам не страшна ніякая сучасная зброя».

Ён таксама абазначыў, што сёння можна з упэўненасцю гаварыць аб выбудаванай і вывастранай сістэме ўзаемадзеяння паміж кіраўніцтвам дзяржорганаў абласцей, раёнаў, ваенных камісарыятаў, камандуючых войскамі аператыўнага камандавання, камандзіраў воінскіх часцей: «Але гэта не значыць, што мы гэтым самазаспакоіліся. Мы павінны ўвесь час звяраць гадзіннік. Як неаднаразова гаварыў наш Прэзідэнт - час выбраў нас. І сёння ўсе, хто забяспечвае ваенную абарону нашай дзяржавы, і ўсе, каго мы ставім пад стрэльбу - нашых ваеннаабавязаных, народнае апалчэнне, усе павінны ведаць свае дзеянні і выконваемую задачу. Каб гэты механізм працаваў як адно цэлае, мы і праводзім зборы падобнага характару».

Юлія Таранава, фота «Ваяр» і mogilewnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая