RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мінфін растлумачыў прычыны прапануемай адмены падатковай ільготы для ўладальнікаў кватэр

Першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко растлумачыў прычыны прапануемай адмены падатковай ільготы для ўладальнікаў кватэр падчас чарговага пасяджэння праекта "Экспертнае асяроддзе" ў прэс-цэнтры БЕЛТА на тэму "Новы праект Падатковага кодэкса: якіх змяненняў чакаць беларусам".

"Адно з прыкметных змяненняў, якое прапануецца па новым праекце Падатковага кодэкса, - адмена льготы па падатку на нерухомую маёмасць адносна кватэр у шматкватэрных жылых дамах. Гэта звязана з неабходнасцю ўстанавіць роўныя ўмовы падаткаабкладання маёмасці фізічных асоб. Цяпер у нас фізасобы - уладальнікі індывідуальнага жылля з'яўляюцца плацельшчыкамі падатку на нерухомую маёмасць, а ўладальнікі кватэр у шматкватэрных жылых дамах яго не плацяць. Гэта падатковая льгота прыйшла яшчэ з тых часоў, калі быў дзяржаўны жылы фонд. Цяпер ён ужо ў прыватнай уласнасці, у асноўным прыватызаваны, але, тым не менш, патрабуе бюджэтных затрат па абслугоўванні. У прыватнасці, за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў мяняюцца ліфты ў жылым сектары, прымаюцца меры па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый. Таму ў мэтах выраўноўвання падатковай нагрузкі паміж грамадзянамі і павышэння рэсурснай базы мясцовых бюджэтаў прапануецца гэту льготу адмяніць", - сказаў Дзмітрый Кійко.

Плануецца, што льгота захаваецца для асоб, якія дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту (або маюць права на пенсію па ўзросце са зніжэннем агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту), прызнаны недзеяздольнымі, праходзяць альтэрнатыўную службу, а таксама інвалідаў I і II групы, непаўналетніх дзяцей, членаў шматдзетных сем'яў, ваеннаслужачых тэрміновай ваеннай службы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і іншых асоб, якія маюць права на льготнае падаткаабкладанне ў адпаведнасці з законам "Аб ветэранах". "Я хацеў бы адзначыць, што пакет ільгот для сацыяльна слабаабароненых катэгорый грамадзян прапануецца нават пашырыць. Сёння ўласнікі індывідуальнага жылля са слабаабароненых катэгорый могуць выкарыстоўваць ільготу, калі з імі сумесна не пражываюць працаздольныя асобы. Гэту ўмову мы прапануем адмяніць, каб уладальніку кватэры са слабаабароненай катэгорыі была ў любым выпадку прадастаўлена льгота", - праінфармаваў першы намеснік міністра.

Сума падатку на нерухомую маёмасць адносна жылых памяшканняў, якая падлягае да выплаты, вызначаецца зыходзячы з разліковага кошту 1 кв.м тыпавой капітальнай пабудовы (будынка, збудавання) на 1 студзеня, агульнай плошчы жылога памяшкання і стаўкі падатку ў памеры 0,1 працэнта. "Калі ўзяць Мінск, то па стандартнай двухпакаёвай кватэры цана пытання за год складае каля Br48, у раённых цэнтрах - Br27. Але ўсё будзе адбывацца паэтапна, каб рэалізаваць комплекс мер па ўдасканаленні адміністравання спагнання гэтага плацяжу. У наступным годзе, калі гэта мера будзе прынята, трэба будзе ўнесці авансавы плацеж у памеры 50 працэнтаў, а ўжо ў 2023 годзе даплаціць астатнюю суму", - растлумачыў Дзмітрый Кійко.

"Разам з тым канчатковае рашэнне аб адмене гэтай ільготы не прынята. Цяпер вядзецца дыскусія з удзелам усіх зацікаўленых бакоў, якія ўдзельнічаюць ва ўзгадненні праекта. З улікам сацыяльнай значнасці гэтага пытання норма, магчыма, будзе скарэкціравана", - звярнуў увагу першы намеснік міністра.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая