RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Нацыянальны банк аб'яўляе пра старт конкурсу відэаблогераў «Грошы маюць значэнне»

Нацыянальны банк аб'яўляе пра старт конкурсу відэаблогераў «Грошы маюць значэнне». Для ўдзелу ў конкурсе неабходна зняць відэаролік, у якім будзе раскрыта тэма лічбавай пісьменнасці ў фінансавай сферы. Рэкамендуемая працягласць відэароліка – 3 хвіліны.

Заяўку на ўдзел у конкурсе, а таксама сваю конкурсную працу (спасылку на відэаролік або сам відэаролік) неабходна да 12 сакавіка 2021 года накіраваць на электронны адрас konkurs@nbrb.by. Вынікі конкурсу будуць абвешчаны не пазней за 29 сакавіка 2021 года.

Конкурс праводзіцца ў трох узроставых катэгорыях: ад 7 да 12 гадоў, ад 13 да 17 гадоў, ад 18 гадоў да 31 года. У ім могуць прыняць удзел (як індывідуальна, так і ў складзе калектываў) грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

Галоўны прыз у кожнай узроставай катэгорыі – грашовая прэмія ў памеры 1 000 беларускіх рублёў. Таксама грашовымі прэміямі ў кожнай з узроставых катэгорый будуць адзначаны работы, якія зоймуць другое і трэцяе месцы, – 700 і 500 беларускіх рублёў адпаведна. Акрамя таго, журы конкурсу мае права засноўваць дадатковыя прызы ў асобных намінацыях.

Падрабязная інфармацыя аб конкурсе (тэрміны і парадак яго правядзення, патрабаванні, што прад'яўляюцца да ўдзельнікаў і іх конкурсных прац, і інш.) размешчана на Адзіным партале фінансавай пісьменнасці www.fingramota.by.

Конкурс прымеркаваны да правядзення ў Рэспубліцы Беларусь Тыдня фінансавай пісьменнасці дзяцей і моладзі (Global Money Week), які ў гэтым годзе пройдзе з 22 па 28 сакавіка пад слоганам «Беражы сябе, беражы свае грошы». Конкурс праводзіцца з 2018 года. У 2020 годзе колькасць дасланых прац перавысіла 420.