RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Спецыялісты Магілёўскага абласнога цэнтра народнай творчасці ўзялі ўдзел у рэспубліканскім навукова-практычным семінары ў Мінску

26 жніўня 2021 года ў Мінску на базе УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў” прайшоў рэспубліканскі навукова-практычны семінар “Аналіз эфектыўнасці выканання Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў межах падрыхтоўкі перыядычнай нацыянальнай справаздачы”.

Удзельнікамі семінара сталі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, абласных і раённых метадычных цэнтраў народнай творчасці, устаноў культуры і адукацыі. Ад установы культуры “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы” ўдзел прынялі Глуздоў Аляксандр Мікалаевіч, начальнік аддзела і Шчэрбіч Аніта Вадзімаўна, вядучы метадыст аддзела традыцыйнага мастацтва і культурна-дасугавай дзейнасці.

Глуздоў Аляксандр Мікалаевіч выступіў на рэспубліканска навукова-практычным семінары з тэмай “Павышэнне дасведчанасці ў адносінах нематэрыяльнай культурнай спадчыны, яе ўплыў на грамадскую згоду і ўзаемаразуменне ў Магілёўскай вобласці”.

Удзельнікі семінара абмеркавалі рэгіянальныя планы мерапрыемстваў на 2021-2025 гады па захаванні нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў, перспектывы развіцця беларускіх элементаў ЮНЕСКА, падзяліліся вопытам працы ў рэгіёнах. Па выніках выпрацаваны рэкамендацыі спецыялістаў культуры.

Рэспубліка Беларусь стала адной з першых краін, якая далучылася да Канвенцыі па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў 2003 годзе. На сённяшні дзень на тэрыторыі Магілёўскай вобласці маецца 15 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Крысціна Башарымава, вядучы рэдактар УК “Магілёўскі абласны метадычны цэнтр НТ і КАР”