Рус Бел Eng 中文

Альбом старадаўніх малюнкаў Магілёва рыхтуе да выдання Музей гісторыі горада

Альбом старадаўніх малюнкаў Магілёва рыхтуе да выдання Музей гісторыі горада. Дзякуючы спонсарскай дапамозе супрацоўнікі установы культуры сабралі найкаштоўнейшую калекцыю малюнкаў Магілёва 17-18 стагоддзяў. Упершыню чорна-белыя ў арыгінале матэрыялы будуць прадстаўлены ў альбоме ўжо ў колеры.

“У калекцыі прадстаўлены не толькі выявы горада, добра знаёмыя магілёўскім гісторыкам і аматарам даўніны, але і малюнкі, што раней не экспаніраваліся, - распавёў дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў. - Магчыма, там будуць малюнкі, якія раней ніколі не былі прадстаулены публіцы. Справа ў тым, што невядомыя выявы Магілёва ёсць ў бібліятэках і музеях Расіі, Украіны, Польшчы. Зараз мы іх сістэматызуем і рыхтуем да таго, каб прэзентаваць у выглядзе аднаго альбома».

Зразумела, што такі альбом для паўнаты ўражанняў пажадае займець у сябе кожны неабыякавы да гісторыі турыст або дэлегат. Чалавеку любога рангу будзе пра што даведацца з альбама для развіцця свайго кругагляду. Тым больш, што ў выданні будуць размешчаны каментарыі да кожнага малюнка. Над гэтым працуюць супрацоўнікі музея.

“Яшчэ адзін не менш амбіцыёзны праект: пад эгідай музея хутка будзе перавыдадзена кніга 18 стагоддзя «Дзіўныя паведамленні пра езуітаў у Беларусі», — паведаміў Аляксей Бацюкоў. - Зараз скончыўся пераклад кнігі з нямецкай мовы на беларускую. І мы ўжо рыхтуемся выдаць яе па падпісцы. Пераклад зроблены даслоўна. Гэтая кніга выкуплена не так даўно за сродкі, ахвяраваныя музею жыхаром Масквы.».

Часам, у калекцыю музея трапляюць экспанаты, здольны здзівіць нават гісторыкаў. “Нядаўна набытыя фотадакументы распавялі пра тое, што тэхналогія 3D была вядомая Магілёву яшчэ ў 19 стагоддзі, — адзначыў Аляксей Бацюкоў. - Адзін з апошніх нашых набыткаў, вельмі каштоўных для нас, - гэта першае магілёўскае 3D. На адным фотаздымку - выява ратушы, на другім – вуліца Віленская. А на трэцім – прыстань з рачной паліцыяй. Гэта выразна відаць: фотаздымак зроблены якасна. Дзякуючы гэтаму стала вядома, што ў Магілёве была такая паліцыя, а таксама можна вызначыць і пэўнае месца, дзе канкрэтна яна знаходзілася».

Гісторыя Магілёва шматгранная і цікавая. Фанфары ў гонар шматвяковай аповесці горада неўзабаве ўрачыста будзе выконваць гарадскі трубач. Праўда, гэта будзе механізм, створаны майстрам гадзіннікавых спраў. Скульптура фанфарыста, ростам з юнака, з'явіцца на вежы ратушы да Дня горада. Яна будзе несці службу, штодня выконваючы гарадскую фанфару. Над стварэннем фігуры трубача працуе скульптар Андрэй Вераб'ёў.

А вобраз фанфарыста падгледзелі у фондах музея. Тут была знойдзена статуэтка канца 17 - пачатку 18 стагоддзя. Гэтая фігурка хутчэй створана паводле вобраза мясцовага маладога чалавека, апранутага ў трохвуголку. Выразна відаць канкрэтныя рысы: вочы, вусны, юнацкія шчочкі. Гэта ўсё нам і дало магчымаць скласці вобраз пэўнага магілёўца.

Да таго ж, да Дня горада Музей гісторыі Магілёва ў абноўленай выставачнай зале пакажа першую экспазіцыю. На ёй будуць прадстаўлены самыя значныя археалагічныя знаходкі, якія распавядаюць пра гісторыю магілёўскай зямлі пачынаючы з дагістарычных часоў.

Па матэрыялах «Радыё «Магілёў»

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна