У Круглянскім раёне на месцы пустуючых дамоў будуюць шыкоўныя зоны адпачынку. Уразіцца сапраўды было чым. Дагледжаныя дарожкі, акуратненькія дамкі, выгнутыя масткі, статуі… На прычале дрэмле фрэгат… Нават не верыцца, што яшчэ два гады таму на гэтым месцы рос хмызняк і стаялі пустуючыя дамы. Вёска Лыскаўшчына, дзе жыў і знайшоў свой апошні прытулак вядомы мастак Мікалай Неўраў, набыла другое жыццё. На плошчы ў 10 гектараў з’явіліся ўсе неабходныя для адпачынку пабудовы і нават невялічкая царква. І старэнькі дом мастака таксама не пазнаць. Цяпер тут працуе музей, дзе можна пабачыць рэпрадукцыі лепшых яго карцін.
Менавіта на гэтым прыкладзе старшыні райсаветаў дэпутатаў Магілёўскай вобласці падчас выязной нарады мелі добрую магчымасць на свае вочы пабачыць, што можна зрабіць літаральна на пустым месцы.
— Ва ўсё гэта не ўкладзена ніводнай бюджэтнай капейкі, — звярнуў увагу старшыня Круглянскага райсавета дэпутатаў Валерый Ярковіч. — Усё зроблена за сродкі мясцовай ПМК-266, а вось добраўпарадкаваннем тэрыторыі займаўся ўвесь раён. Усе разам пасадзілі дрэвы, акультурылі навакольную тэрыторыю, адначасова добраўпарадкавалі яшчэ і вёску Грыбіна, якая побач.
Круглянскі раён узорны ў вобласці па добраўпарадкаванні. Прычым работа праводзіцца тут без «указанняў зверху».
— Сістэма выпрацоўвалася на працягу некалькіх гадоў, — расказвае старшыня Круглянскага райвыканкама Анатоль Шуплянкоў. — Гэта сумесная работа і райсавета, і райвыканкама, і адпаведных службаў. Мы імкнёмся не распыляцца. Калі ўзяліся за адну вёску, даводзім справу да канца. Выязджаем на месца, вызначаем мерапрыемствы, якія павінны зрабіць, і замацоўваем тэрміны выканання ў адпаведным дакуменце. Раней на ўсё адводзілі каля 2-3 тыдняў, але звярнулі ўвагу, што асноўныя работы выконваюцца ў апошнія дні. Таму сёння тыдзень — гэта максімальны тэрмін. А тэрміны выканання звяраем на сумесных пасяджэннях у райвыканкаме. Калі нейкія прадпрыемствы ці арганізацыі не зусім разумеюць, што ад іх чакаюць, збіраемся дадаткова. І гэта спрацоўвае.
Тэмпы зносу пустуючых дамоў у Круглянскім раёне і насамрэч уражваюць. Толькі летась іх прыбралі болей за 300. За першы квартал гэтага года колькасць «развалюх» паменшылася яшчэ на 45. Засталося каля 300 дамоў, прычым лёсы 256 ужо вырашаюцца ў судзе. Дзякуючы зносу будынкаў і аварыйных дрэў мясцовы Жылкамгас ужо паўтара года не купляе ў лясгасе дровы і сэканоміў на гэтым 2,5 мільярда бюджэтных грошай.
— Нарыхтоўка дроў праз лясгас абыходзіцца раёну вельмі дорага, — кажа Анатоль Шуплянкоў. — А тут мы атрымалі магчымасць перанакіраваць бюджэтныя сродкі на іншыя, не менш важныя мэты. Напрыклад, мяняем вокны ў школах і дзіцячых садках.
А яшчэ ў раёне знайшлі спосаб сэканоміць на дэкаратыўнай агароджы для афармлення вуліц. Жылкамгас разам яшчэ з адным мясцовым прадпрыемствам, якое спецыялізуецца на дрэваапрацоўцы, робіць яе за кошт уласных сродкаў. Райвыканкам выдаткаваў грошы толькі на 70 тон цэменту. Агароджы атрымліваюцца — проста заглядзенне: бетонны ніз, драўляны верх.
У раёна амбіцыйныя планы, ужо сёлета тут збіраюцца цалкам пакончыць са зносам пустуючых будынкаў. Яны, безумоўна, будуць з’яўляцца і далей, але, як той казаў, падтрымліваць парадак лягчэй, чым яго наводзіць. Пры гэтым галоўная мэта — атрымаць ад справы сапраўдную карысць.
— Знесці спарахнелы дом — задавальненне не таннае, — кажа Валерый Ярковіч. — Таму лепш загадзя падлічыць, як потым вярнуць гэтыя грошы. Калі вёска перспектыўная, можна новы дом пабудаваць, калі памірае, мэтазгодна будзе ўключыць зямлю ў севазварот. Ну а калі побач лес, можна дрэвы пасадзіць. Знос толькі дзеля зносу — гэта няправільны падыход. Патрэбна нейкая аддача.
Скептыкі кажуць, што зямля, дзе гадамі стаялі гаспадарчыя пабудовы, «мёртвая», на ёй, маўляў, нічога не вырасце. Але ўдзельнікі нарады нават з вокнаў аўтобуса маглі пераканацца, што гэта не так. Калі праязджалі праз вёскі Цяцерынскага і Каменіцкага сельсаветаў, бачылі, як зелянеюць збожжавыя на месцах знесеных «развалюх». У вёсцы Шупені былы пустуючы кавалак зямлі вызначылі якраз па ўсходах. Яны здаліся нават мацнейшымі за тыя, што раслі на звычайных калгасных землях. А ў вёсцы Прыгані можна было пабачыць, як працуе тэхніка на разборцы чарговага пустуючага дома.
— Спачатку за справу бярэцца жылкамгас, а потым падключаюцца іншыя арганізацыі, — тлумачыць Анатоль Шуплянкоў.— Ліквідацыяй падмуркаў займаецца райаграсэрвіс — у яго для гэтага ёсць адпаведная тэхніка. На выкананне гэтых работ ніводнай капейкі з бюджэту не ідзе. Выдаткі на сябе бяруць прадпрыемствы і арганізацыі, але мы загадзя пралічваем, каб ім гэта было на карысць.
У самым гарадскім пасёлку добраўпарадкоўваецца цэнтральны парк. Акрамя таго, што тут працуюць прадпрыемствы і арганізацыі, свой уклад уносяць і жыхары. З іх удзелам адбылося ўжо тры суботнікі. Людзі бачаць, як прыгажэе пасёлак, і падтрымліваюць гэтую справу.
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
26.01.2023 - 19:11
25.01.2023 - 12:33
12.01.2023 - 11:30
Мир и созидание — заповедь наших предков, которую мы должны свято исполнять и сегодня